«WSJ» знайшло меркаванае сховішча ядравай зброі ў Беларусі. Побач з вагнэраўцамі


Журналісты амерыканскага выдання «Wall Street Journal» мяркуюць, што расейскія ядравыя боегалоўкі ў Беларусі могуць захоўвацца ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Да адпаведнай высновы яны прыйшлі, прааналізаваўшы спадарожнікавыя здымкі і афіцыйныя відэазапісы.

Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр».
Фота: mil.ru

Выданне знайшло тры меркаваныя пляцоўкі ў Асіповіцкім раёне, якія могуць выкарыстоўвацца для захоўвання ядравай зброі. Пры гэтым рыхтаваць іх пачалі яшчэ да расейскага ўварвання ва Украіну. Прынамсі заўважылі адпаведныя дзеянні ўжо ў студзені 2022 года.

«Цяжка сказаць, ці магла Расея пераправіць ядравыя боегалоўкі ў Беларусь, аднак аналіз спадарожнікавых здымкаў сведчыць пра пашырэнне магчымасцяў для іх запуску за межамі Расеі», – адзначаюць журналісты.

На пляцоўках у Асіповіцкім раёне (канкрэтныя адрасы не называюцца) аўтары заяўляюць пра з’яўленне ў ліпені 2023 года вайсковага лагеру, якога яшчэ не было год таму. Як мяркуецца, ён можа быць складам для расейскіх ядравых боегаловак.

На спадарожнікавых здымках таксама можна ўбачыць дзясяткі кампанентаў ракетнага комплексу «Іскандэр» на адным з участкаў пасярод лесу. Акрамя таго, з’явілася некалькі новых платоў вакол вайсковых пляцовак. І высеклі лес, што нагадвае аналагічныя дзеянні ў Калінінградскай вобласці, дзе таксама захоўваюць расейскую ядравую зброю.

Адзначым, што ў Асіповіцкім раёне Беларусі таксама знаходзіцца лагер расейскай ПВК Вагнэра.

Hавiны
Пуцін зноў трасе ядравай зброяй і дапускае адкліканне ратыфікацыі дамовы аб забароне ядравых выпрабаванняў
2023.10.05 21:19

Пра будоўлю сховішча і мэты яго выкарыстання маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» паведамляла яшчэ ў ліпені. Яны пацвердзілі, што гэты ангар сапраўды пабудавалі на тэрыторыі 465-й ракетнай брыгады ў Асіповічах яшчэ ў красавіку 2023 года, але не для ядравых боегаловак:

«Насуперак меркаванням амерыканскіх журналістаў, мы дакладна ведаем, што гэты ангар не сховішча ядравых боегаловак, а гараж для АТРК «Іскандэр», які можна ўбачыць на спадарожнікавых здымках каля ангараў і які, вядома ж, можа несці ядравыя боегалоўкі».

Гэта «Беларускі Гаюн» патлумачыў тым, што «Іскандэры» ўпершыню паступілі на ўзбраенне 465-й ракетнай брыгады УС РБ яшчэ ў лютым 2023 года. І ў звязку з гэтым абсалютна лагічным выглядала будаўніцтва новага ангару для абслугоўвання новага для брыгады тыпу тэхнікі.

Пра размяшчэнне расейскай ядравай зброі ў Беларусі Уладзімір Пуцін заявіў 25 сакавіка 2023 года. 16 чэрвеня ён паведаміў, што першыя тактычныя ядравыя снарады дастаўленыя ў Беларусь і да канца 2023 года будзе размешчаная ўся запланаваная колькасць зброі. 27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што частка расейскай ядравай зброі ўжо ў Беларусі.

У верасні пачаўся чарговы этап дастаўкі кампанентаў расейскай ядравай зброі ў Беларусь, паведамляла супольнасць беларускіх чыгуначнікаў.

Намеснік дэпартаменту ў пытаннях нераспаўсюду і кантролю над узбраеннямі МЗС РФ Канстанцін Варанцоў падчас паседжання Першага камітэту раззбраення Генеральнай асамблеі ААН заявіў, што вывад расейскай ядравай зброі з Беларусі немагчымы без «адмовы ЗША і NATO ад курсу на падрыў бяспекі Расеі».

Аб’ектыў
Лукашэнка рыхтуецца да новай вайны
2023.10.19 22:27

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў