Прэзідэнт Венесуэлы падпісаў указы аб анексіі часткі тэрыторыі суседняй краіны


Прэзідэнт Венесуэлы Нікаляс Мадура падпісаў указы аб улучэнні ў склад рэспублікі Гаяны-Эсэкібы – рэгіёну ў суседняй краіне. Афіцыйна гэта дакументы «аб развіцці і абароне новага венесуэльскага штату», паведамляецца ў акаўнце палітыка ў сацсетцы X.

Прэзідэнт Венесуэлы Нікаляс Мадура пасля падпісання ўказаў аб анексіі Гаяны-Эсэкібы. 8 снежня 2023 года.
Фота: Nicolás Maduro / X.com

Адразу некалькі дэкрэтаў прэзідэнт Венесуэлы падпісаў на мітынгу ў Каракасе. Як піша мясцовае выданне «Últimas Noticias», Нікаляс Мадура назваў Гаяну-Эсэкібу «святою зямлёю» і заклікаў народ «асудзіць правых, якія насуперак нацыянальным інтарэсам перайшлі на бок Гаяны».

Сваймі ўказамі палітык стварыў «нацыянальную вярхоўную камісію абароны Гаяны-Эсэкібы», сфармаваў філіял дзяржаўнай венесуэльскай нафтагазавай кампаніі ў рэгіёне, зацвердзіў новую мапу Венесуэлы і прызначыў вайскоўца – кіраўніка «новага штату».

Разбор
Венесуэла, здаецца, сабралася распачаць вайну з суседняй Гаянай. Да чаго там нафта і выбары
2023.11.30 17:25

3 снежня ў Венесуэле адбыўся рэферэндум аб анексіі часткі тэрыторыі суседняй Гаяны, і, паводле звестак уладаў, гэтае рашэнне падтрымалі 95 % выбарнікаў. Праз тры дні Мадура абвесціў багатую на нафту Гаяну-Эсэкібу новым штатам Венесуэлы.

Пасля гэтага Гаяна прывяла свае войскі ў павышаную гатовасць і звярнулася ў Раду бяспекі ААН з просьбай умяшацца ў сітуацыю, якая пагражае дэстабілізацыяй усяго рэгіёну.

Свае войскі да мяжы з Венесуэлай пачала сцягваць і Бразілія, бо ў выпадку агрэсіі венесуэльскія войскі праз асаблівасці ландшафту змогуць трапіць у Гаяну-Эсэкібу толькі праз бразільскую тэрыторыю.

Аб’ектыў
Мадура пераходзіць межы?
2023.12.06 20:42

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў