Вайна ў сектары Газа не спыняецца. Што адбылося за тыдзень – і чым усё можа скончыцца


Пасля атакі тэрарыстаў 7 кастрычніка Ізраіль вядзе вайну з палестынскай арганізацыяй «Хамас». Гэтая вайна руйнуе густанаселены сектар Газа і пакуль не прыводзіць да перамогі над тэрарыстамі. «Белсат» расказвае, што адбылося за шосты тыдзень вайны.

Ізраільскія вайскоўцы ў Газе
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскія вайскоўцы ў Газе. 14 лістапада 2023 года.
Фота: df.il

Арабска-ізраільскі канфлікт мае даўнюю гісторыю са шматлікімі войнамі і паўстаннямі. Пасля атакі тэрарыстаў 7 кастрычніка, якая забрала жыцці 1200 чалавек, з якіх большасць была мірнымі жыхарамі, Ізраіль перайшоў у стан вайны. У закладніках тэрарыстаў застаюцца больш за дзве сотні ізраільцянаў (у тым ліку немаўля) – і Ізраіль не траціць надзеі вызваліць іх.

Але фактычнымі закладнікамі тэрарыстаў сталіся таксама жыхары сектару Газа, а сярод іх каля паловы няпоўнагадовыя. Жыхаркі Газы нараджаюць дзяцей пад абстрэламі – фонд «Save the Children» мяркуе, што з атакі 7 кастрычніка да канца года ў Газе народзяцца 15 тысячаў дзяцей, якія з нараджэння трапяць у кашмар і, паводле азначэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, гуманітарную катастрофу.

Першы час ізраільскія войскі толькі дыстанцыйна абстрэльвалі сектар Газа – частку Палестынскай аўтаноміі плошчаю з Менск і з нават вышэйшаю шчыльнасцю насельніцтва. Наземную аперацыю ў сектары Газа Ізраіль пачаў толькі ў канцы кастрычніка. Ужо тыдзень баі трываюць у самым горадзе Газа – напрыклад, 16 лістапада Сілы абароны Ізраілю заявілі, што ўзялі пад кантроль гавань Газы. Тэрарысты ж кажуць, што дасягненні ізраільскага войска ілюзорныя.

Кадры з Газы да і пасля абстрэлаў ізраільскімі войскамі:

Сектар Газа застаецца пад кантролем «Хамасу», што ўчыніў напад 7 кастрычніка, але жывуць там не толькі тэрарысты. Відавочна, што ў зруйнаванай Газе магло загінуць нямала мірных жыхароў. Бі-Бі-Сі нядаўна расказвала, як вядзе падлік ахвяраў падкантрольнае тэрарыстам Міністэрства аховы здароўя Газы. Але падлік ахвяраў, незалежны ад тэрарыстаў, у Газе немагчымы, а заявы тэрарыстаў выклікаюць сумневы. Журналісты маюць вельмі абмежаваны доступ у сектар Газа і, як наракалі ў «Voice of America», маюць праблемы з інтэрпрэтацыяй відэа з месца падзеяў.

Да таго ж, тэрарысты дзеюць проста там жа, дзе жывуць мірныя жыхары: выкарыстоўваюць для абстрэлаў двары звычайных дамоў і капаюць пад гэтымі дамамі тунэлі. Пастаянна ўзнікаюць пытанні, вайсковыя цэлі атакуе Ізраіль ці б’е па мірных цэлях.

На мінулым тыдні нямала абмяркоўвалі аперацыю Ізраілю ў лякарні «аш-Шыфа» – як сцвярджае ізраільскі бок, тэрарысты выкарыстоўвалі яе як базу, мелі там склады зброі і выкапалі пад будынкам тунэлі. Праваабаронцы раней расказвалі, што шпіталь быў таксама месцам для катаванняў. Як сцвярджае Ізраіль, у больніцы і блізу яе таксама ўтрымлівалі закладнікаў – целы двух знайшлі пасля вайсковай аперацыі.

Кадры тунэлю каля шпіталю ў Газе:

Ёсць і пытанне супрацы з тэрарыстамі. Гэтак, у канфлікце загінулі не менш за сто работнікаў Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам і арганізоўвання працаў (UNRWA). Ды Ізраіль шмат гадоў заяўляў, што гэтая арганізацыя дапамагае тэрарыстам, а не толькі мірным жыхарам. Агенцтва адрынае гэтыя абвінавачанні, у прыватнасці сцвярджае, што не давала тэрарыстам сваіх будынкаў для запуску ракетаў па Ізраілі. Тым больш невядома, колькі меркаваных мірных жыхароў, загінулых ад атак Ізраілю, насамрэч дапамагалі тэрарыстам.

Эксперты ААН заклікалі міжнародную супольнасць перадухіліць генацыд палестынцаў у Газе. Але эксперты спрачаюцца, ці можна ўжо называць дзеянні Ізраілю, ад якіх гінуць мірныя жыхары сектару Газа, генацыдам. Апытаныя часопісам «Time» адмыслоўцы пагаджаюцца ў тым, што прыкметы злачынстваў супраць чалавецтва ёсць не толькі ў дзеяннях тэрарыстаў «Хамасу», але і ў адказе на іх.

Прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу тым часам прызнае, што спробы мінімізаваць цывільныя ахвяры ў сектары Газа не былі паспяховыя. Ён сцвярджае, што Ізраіль робіць усё магчымае, «кожная смерць мірнага жыхара – трагедыя», але тэрарысты ў сваю чаргу робяць усё магчымае, каб падставіць мірных жыхароў пад удары.

Ізраіль тым часам пашырае аперацыю ў Газе – 16 лістапада ізраільскія войскі загадалі цывільным эвакуявацца з поўдня гораду Газа.

Жыхар Газы кажа, што не разумее, куды яму эвакуявацца з поўдня Газы:

Ізраіль і Егіпет учынялі часовую блакаду сектару Газа з 2005 года і трывалую з 2007-га, калі ізраільскія войскі пакінулі гэтую тэрыторыю. Сектар цяпер пад фактычна поўнаю блакадаю – выпускаюць хіба замежнікаў і цяжка параненых, а гуманітарную дапамогу ўпускаюць у вельмі абмежаваных аб’ёмах: у Газе кажуць, што не стае ежы, пітной вады, медыкаментаў.

UNRWA таксама біла трывогу наконт браку паліва і заяўляла, што праз гэта не здолее дапамагаць мірным жыхарам, падазравала наўмыснае здушэнне гуманітарнай дзейнасці. Першая цыстэрна паліва з атакі «Хамасу» ўвайшла ў Газу толькі 16 лістапада, а далейшыя пастаўкі пад пытаннем: Ізраіль падазрае, што палівам могуць скарыстацца тэрарысты.

У сектары Газа могуць заставацца і грамадзяне Беларусі. Улады Беларусі заяўлялі, што там «некалькі дзясяткаў беларусаў, збольшага – жанчыны з дзецьмі». 15 лістапада ананімны Telegram-канал, які выконвае функцыі прэс-службы Міністэрства замежных справаў Беларусі, расказаў пра выхад з сектару Газа 43 грамадзянаў Беларусі. На борце эвакуацыйнага рэйсу, які прыляцеў у Менск, былі 44 асобы, але выданне «МотолькоПомоги» падлічыла, што з іх толькі 25 былі ўцекачамі. Дзе рэшта і колькі яшчэ грамадзянаў Беларусі не пакінулі сектару Газа, невядома. Але некаторыя замежныя грамадзяне свядома застаюцца ў Газе – «Reuters» нядаўна перадавала словы грамадзяніна Польшчы, які казаў, што з’ехаць яму не дае эмацыйная сувязь з Газай і тамтэйшымі людзьмі.

Ізраільскі вайсковец кажа, што тое, калі ўцекачы здолеюць вярнуцца дамоў, залежыць ад шмат каго, не ў апошнюю чаргу ад тэрарыстаў «Хамасу»:

Шмат хто – ад ААН і кіраўнікоў дзяржаваў да журналістаў «Los Angeles Times» – заклікае Ізраіль неадкладна спыніць агонь. Пакуль жа Ізраіль пагаджаецца толькі на гуманітарныя паўзы, ад працяглага спынення агню адмаўляецца.

У любой іншай вайне пры аналагічным раскладзе даўно было б замірэнне, тлумачыць Бі-Бі-Сі, але яно немагчымае пры цяперашніх уладах Ізраілю і Палестыны.

Урад Палестынскай аўтаноміі не настолькі папулярны, каб пераканаць тэрарыстаў здацца, а самыя яны пакуль не збіраюцца складваць зброі ды адпускаць закладнікаў. Іран, які лічаць галоўным спонсарам тэрарыстаў, не збіраецца спыняць падтрыманне «Хамасу» (хоць сваймі сіламі і не ўступае ў вайну). Ізраіль жа хоча пазбавіцца пагрозы ад тэрарыстаў «Хамасу», але не мае канкрэтных планаў, што рабіць пасля аперацыі.

На баку Ізраілю – Злучаныя Штаты Амерыкі: Джо Байдэн казаў, што аперацыя Ізраілю спыніцца тады, калі «Хамас» страціць магчымасць забіваць ізраільцянаў. Ды ЗША і Ізраіль, падобна, маюць рознае бачанне аперацыі ў Газе і будучыні сектару.

Арабскія краіны на словах падтрымліваюць палестынцаў, ды не могуць пагадзіцца між сабой адносна санкцыяў супраць Ізраілю. Егіпет, які мяжуе з сектарам Газа, не хоча прымаць уцекачоў адтуль.

Канфлікт можа падаграваць таксама Расея: «Al Jazeera» звяртае ўвагу на чуткі, што Крэмль узбройваў «Хамас» і каардынаваў атаку 7 кастрычніка.

Аналітыка
Антысемітызм, бязвіз і ліст «Хамасу». Якія адносіны ў Лукашэнкі з Ізраілем і Палестынай
2023.10.17 08:08

Магчымых сцэнароў шмат: замарожванне канфлікту, вяртанне да стану да 7 кастрычніка, частковая ці поўная анексія… Ды пытанне не толькі ў тым, што рабіць з тэрарыстамі, але і ў тым, што рабіць з руінамі, якія застаюцца на месцы Газы.

Як піша «Politico» са спасылкаю на высокапастаўленага ізраільскага чыноўніка, Ізраіль не хоча пастанаўляць, хто будзе кіраваць сектарам пасля «Хамасу»: акупаваць сектар збіраюцца толькі абмежаваны час, каб пераканацца, што тэрарыстычнай пагрозы не будзе. Некаторае ўяўленне пра планы Ізраілю дае заява міністра абароны, што з пачатку наступнага года ў свае дамы змогуць вярнуцца жыхары ізраільскіх паселішчаў блізу мяжы з сектарам.

Пакуль жа вайна трывае, замірэння не прадбачыцца і добрага рашэння не відаць.

Агляд
Зіма, тупік, бітва за ўвагу і трампістаў. Што заходнія медыі пішуць пра вайну ва Украіне
2023.11.13 17:41

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў