Баі ў «сэрцы Газы» і міжнародны ціск. Што адбываецца ў вайне Ізраілю і «Хамас»


Наземная аперацыя Цагаль у сектары Газа трывае: ізраільскія вайскоўцы паступова прасоўваюцца ўглыб анклава і вядуць разлютаваныя баі з тэрарыстамі. Злучаныя Штаты тым часам заняты інтэнсіўнай дыпламатычнай працай вакол гэтага канфлікту, у тым ліку заклікаючы Ізраіль зрабіць гуманітарную паўзу ў баявых дзеяннях. Будучыня самога сектару Газу пры гэтым застаецца туманнай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскія артылерысты рыхтуюць снарады на пазіцыі каля мяжы з сектарам Газа на поўдні Ізраілю. 6 лістапада 2023 года.
Фота: Jack Guez / AFP / East News

У апошнія дні Ізраіль здолеў дамагчыся істотнага прагрэсу ў наземнай аперацыі супраць «Хамасу». Сцвярджаецца, што горад Газа быў паспяхова аточаны яшчэ 5 лістапада, сектар рассечаны напалову, падраздзяленні Цагаль выйшлі да ўзбярэжжа. Міністр абароны Ізраілю Ёаў Галянт увечары 7 лістапада заявіў, што ізраільскія вайскоўцы прасунуліся ў «сэрца гораду Газа».

Наземная аперацыя ў сектары Газа па стане на 8 лістапада 2023 году. Мапа: storymaps.arcgis.com

Ізраільскія вайскоўцы таксама здолелі заблакаваць у бункеры палітычнага лідара тэрарыстаў «Хамасу» Ях’ю Сінўара – менавіта на яго ўскладваюць адказнасць за беспрэцэдэнтную атаку 7 кастрычніка. А камандзір падраздзялення выведкі і ўзбраення «Хамас» Махсен Абу Зіна быў забіты.

Незалежныя крыніцы пацвярджаюць афіцыйныя заявы наконт прасоўвання Цагаль. Бі-Бі-Сі адзначае, што па стане на 7 лістапада ізраільскія вайскоўцы занялі некаторыя найболей забудаваныя раёны горада Газа. Мяркуючы па відэакадрах, якія публікаваў Цагаль, ізраільская бранятэхніка рухаецца па прыбярэжнай дарозе на поўдзень ад цэнтру горада. Гэта сведчыць аб тым, што Ізраіль цяпер сапраўды атачыў увесь раён. Інфармацыю, што Цагаль адрэзаў горад Газу ад паўднёвай часткі сектару, пацвярджае і незалежная даследчая суполка OSINTtechnical.

Крыніцы ў сілавых структурах Ізраілю распавялі «Reuters», што аперацыя перайшла на наступны этап, сканцэнтраваны на выяўленні і знішчэнні шматкіламетровых тунэляў сектару Газа, якія тэрарысты пабудавалі ў тым ліку пад цывільнымі аб’ектамі – лякарнямі, навучальнымі ўстановамі і г.д. Падземныя тунэлі – ключавы складнік вайсковай інфраструктуры «Хамас» і галоўная цэль Ізраілю ў цяперашняй баявой аперацыі.

Паветраныя ўдары таксама не спыняюцца – на канец мінулага тыдня Цагаль заяўляў пра 2,5 тысячы ўдараў па інфраструктуры «Хамас». Усяго за апошні месяц было знішчана 14 тысяч «тэрарыстычных цэляў», сцвярджае ізраільскі бок. «Мы сканцэнтраваныя на ліквідацыі ўсёй групоўкі «Хамас», – падкрэсліваюць у Цагаль.

Ад дзеянняў Цагаль у сектары Газа відавочна цярпяць і мірныя жыхары, аднак аб’ектыўна ацаніць колькасць ахвяраў не ўяўляецца магчымым. «Хамас» заяўляе, што што ізраільскія абстрэлы забралі жыцці больш як 10,5 тысячаў цывільных, але тэрарыстаў ужо неаднаразова лавілі на маніпуляцыях і проста хлусні ў гэтым пытанні. Цагаль тым часам арганізаваў гуманітарны калідор для выхаду цывільных палестынцаў з зоны баявых дзеянняў, праз яго эвакуююцца тысячы людзей.

Hавiны
Карэспандэнты BBC пра абстаноўку ў Газе: «Стан панікі, страху і хаосу»
2023.10.28 18:21

Поспех, але яшчэ не перамога

Журналіст Лазар Берман у сваім аналітычным артыкуле ў выданні «The Times of Israel» канстатуе, што пакуль наземная аперацыя ў сектары Газа праходзіць лепш, чым прагназавалі эксперты. «Хамас» нічым не здзівіў, сур’ёзных збояў у дзеяннях Цагаль не было. Страты – 33 загінулых ізраільскіх вайскоўцы – нашмат ніжэйшыя, чым можна было чакаць.

«На дадзеным этапе вайны і наземнай фазы тактычная і аператыўная сітуацыя падаецца настолькі добрай, наколькі Ізраіль мог разлічваць», – піша аўтар «The Times of Israel».

Нягледзячы на поспехі Цагаль, казаць пра тое, што «Хамас» знаходзіцца на мяжы краху заўчасна, імаверна, галоўныя баі яшчэ наперадзе. Тэрарысты, выкарыстоўваючы шматлікія падземныя тунэлі, бункеры і шчыльную гарадскую забудову, могуць доўга абараняць Газу. Гэта цудоўна разумее і кіраўніцтва Ізраілю: міністр абароны Ёаў Галянт раней дапускаў, што наземны наступ у сектары Газа можа доўжыцца да трох месяцаў.

«Газа – найбуйнейшая тэрарыстычная база, калі-небудзь пабудаваная людзьмі», – канстатуе ён.

Некаторыя медыі і эксперты ўвогуле прагназавалі, што аперацыя можа заняць да шасці месяцаў.

Паводле The Jerusalem Post, Армія абароны Ізраілю рыхтуецца да працягу баявых дзеянняў у зімовы перыяд: вайскоўцам ужо выдалі 129 тысяч зімовых куртак і 369 тысяч невялікіх аднаразовых мяшкоў для сагравання.

Паўза замест перамір’я

З палітычнага пункту гледжання, час працуе хутчэй супраць Ізраілю. Чым даўжэй цягнецца ваенная аперацыя, тым вышэй пагроза эскалацыі і тым мацнейшым будзе міжнародны ціск на Ізраіль з мэтай спынення агню.

Hавiны
Генеральная асамблея ААН заклікала да перамір’я ў Газе і не асудзіла «Хамасу»
2023.10.28 09:17

ААН, арабскія краіны і міжнародныя няўрадавыя арганізацыі заклікаюць да неадкладнага спынення агню. Пазіцыя ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі і ЕЗ іншая: яны заклікаюць да «гуманітарных паўзаў», але супраць паўнавартаснага перамірʼя, паколькі лічаць, што ў такім выпадку прычына вайны зліквідаваная не будзе і «Хамас» зможа зноў напасці на Ізраіль.

Ключавую ролю ў развіцці палітычнай сітуацыі вакол канфлікту працягваюць адыгрываць ЗША. Імаверна, менавіта Вашынгтон пралабіяваў сумесную заяву міністраў замежных справаў краінаў G7 па выніках перамоваў у Токіа 8 лістапада. Прадстаўнікі дзяржаваў «Вялікай сямёркі» заклікаюць да «гуманітарных паўзаў», але пры гэтым «падкрэсліваюць права Ізраілю абараняць сябе і свой народ у адпаведнасці з міжнародным правам», імкнучыся перадухіліць паўтарэнне нападаў тэрарыстаў. G7 таксама заклікае Іран устрымацца ад падтрымкі «Хамас» і любых іншых дзеянняў, якія могуць дэстабілізаваць сітуацыю на Блізкім Усходзе.

«Тыя, хто заклікае да неадкладнага спынення агню, павінны растлумачыць, як быць з тым непрымальным вынікам, да якога гэта, хутчэй за ўсё, прывядзе – «Хамас» застанецца на месцы з больш за 200 закладнікамі, з магчымасцю і заяўленым намерам паўтараць 7 кастрычніка зноў, і зноў, і зноў», – заявіў дзяржаўны сакратар Энтані Блінкен у Токіа.

Паводле яго, вяртання да сітуацыі, якая мела месца да 7 кастрычніка, быць не можа.

Такім чынам, Злучаныя Штаты па-ранейшаму падтрымліваюць ваенную аперацыю Ізраілю, але пры гэтым імкнуцца не дапусціць уцягвання ў вайну новых суб’ектаў і не пасварыцца з сяброўскімі арабскімі краінамі. «Гуманітарныя паўзы», да якіх заклікае Белы дом, неабходныя для таго, каб змякчыць негатыўнае стаўленне да дзеянняў Ізраілю ў свеце, знізіць міжнародны ціск. Афіцыйны тэрмін «гуманітарнай паўзы» ЗША не агучвалі. Аднак паводле звестак выдання Axios, Джо Байдэн падчас тэлефонных перамоваў з ізраільскім прэм’ерам прапаноўваў спыніць агонь на тры дні.

Што тычацца маштабнай эскалацыі, то яе пакуль атрымліваецца пазбегнуць. Праіранскія групоўкі з сярэдзіны кастрычніка правялі ўжо не менш за 40 атакаў на амерыканскіх вайскоўцаў у Сірыі і Іраку, а еменскія хусіты абвесцілі вайну і нанеслі некалькі ракетных удараў па Ізраілю. Аднак усё гэта цяжка назваць паўнавартасным другім фронтам. Усе атакі на амерыканцаў у Сірыі і Іраку былі дробнымі, хутчэй сімвалічнымі – вайскоўцы ЗША і інфраструктура базаў амаль не пацярпелі. Ракетныя атакі хусітаў Ізраіль упэўнена адбівае, а інтэнсіўнасць гэтых абстрэлаў застаецца невысокай.

Аналітыка
Чаму хусіты далучыліся да вайны супраць Ізраілю, і хто яны такія
2023.11.03 08:00

Закладнікі – пытанне №1

Праблема закладнікаў застаецца найважнейшай для далейшага развіцця канфлікту. Для прыхільнікаў наземнай аперацыі – гэта ключавы аргумент супраць спынення агню. Ізраіль настойвае, што вызваленне закладнікаў – гэта абавязковая ўмова для любых размоваў аб міры.

«Нядаўна прагучалі словы «гуманітарнае перамірʼе». Для мяне гуманітарнае перамірʼе – гэта, перш за ўсё, вяртанне выкрадзеных, якія знаходзяцца ў Газе. Без вяртання выкрадзеных перамірʼя не будзе!» – заявіў міністра абароны Галянт.

Прэм’ер-міністр Бэньямін Нэтаньягу пацвярджае гэтую пазіцыю. Паводле яго, Ізраіль гатовы разгледзець магчымасць «невялікіх тактычных паўзаў» у ходзе баявых дзеянняў у сектары Газа з гуманітарных прычынаў, аднак не пагодзіцца на спыненне агню без вызвалення ўсіх закладнікаў, якія ўтрымліваюцца «Хамас».

«Не будзе спынення агню без вяртання закладнікаў. Гэта трэба поўнасцю выключыць з нашага лексікону. Мы гаворым гэта нашым ворагам і нашым сябрам», – падкрэсліў прэм’ер.

Імаверна, наконт «невялікіх паўзаў» ЗША і Ізраіль усё-ткі могуць дасягнуць кансэнсусу. Аднак падобна на тое, што рашэнне ўсё роўна будзе прымацца ў кантэксце праблемы закладнікаў. Axios са спасылкай на амерыканскага і ізраільскага чыноўнікаў паведамляе, што ЗША, Ізраіль і Катар абмяркоўваюць магчымасць трохдзённага спынення агню, падчас якога ХАМАС вызваліў бы 10-15 закладнікаў (з 240) і склаў дакладны спіс астатніх палонных, якія знаходзяцца ў яго руках. Паводле медыяў, распрацоўваючы планы па вызваленню закладнікаў, ізраільскія спецслужбы шчыльна супрацоўнічаюць з амерыканскім ЦРУ.

Праблема будучыні

Пры гэтым застаецца без адказу пытанне аб будучым статусе самога сектару Газа. Яшчэ перад пачаткам наземнай аперацыі медыі звярталі ўвагу на тое, што ў кіраўніцтва Ізраілю няма разумення, хто замест «Хамасу» будзе кіраваць гэтай тэрыторыяй пасля завяршэння вайны. Падобна на тое, што нявызначанасць у гэтым пытанні захоўваецца дасюль.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі шукаюць ахвяраў сярод завалаў ракетнага абстрэлу ў Рафаху на поўдні сектару Газа. 6 лістапада 2023 года.
Фота: Mohammed Abed / AFP / Eats News

Нэтаньягу 7 лістапада заявіў, што пасля заканчэння баёў агульную адказнасць за бяспеку ў сектары Газа на працягу «нявызначанага часу» будзе несці Ізраіль. Ён не патлумачыў, як менавіта ізраільцяне маюць намер гэта зрабіць і таму ягоныя словы пакінулі прастору для розных тлумачэнняў – у тым ліку, некаторыя гэта ўспрыняла як намёк на намер часова акупаваць сектар Газа. Неўзабаве міністр стратэгічнага планавання Рон Дэрмер патлумачыў, што Нэтаньягу меў на ўвазе іншае: анклаў застанецца дэмілітарызаванай зонай, а Армія абароны Ізраілю будзе праводзіць там аперацыі па забеспячэнні бяспекі для барацьбы «з любой новай тэрарыстычнай пагрозай». Аднак, паводле словаў чыноўніка, Ізраіль не будзе зноў займаць гэтую тэрыторыю або кіраваць ёю.

Мяркуючы па ўсім, Вашынгтон па-ранейшаму вельмі турбуе, што ў Ізраілю няма палітычнай стратэгіі па Газе. «Мы лічым, што надышоў час пачаць размову пра будучыню. Не заўтра, не пасля вайны, а сёння», – заявіў Блінкен. Паводле ЗША, у сектары Газа нельга дапусціць ні ізраільскай акупацыі, ні выкарыстання гэтай тэрыторыі тэрарыстамі.

Як піша Bloomberg, ЗША прапрацоўваюць магчымасць стварэння часовага ўрада пры падтрымцы арабскіх дзяржаў.  У пачатку тыдня старшыня Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі (ПНА) Махмуд Абас пасля перамоваў з Блінкенам заявіў, што ён гатовы пры выкананні шэрагу ўмоў, узяць на сябе адказнасць за сектар Газа. Аднак ці здольная палестынская адміністрацыя ўтрымаць кантроль над праблемнай тэрыторыяй? У 2007 годзе ў прыхільнікаў Абасу гэта зрабіць не атрымалася і ўладу ў сектары Газа захапіў «Хамас».

Аналітыка
Як можа выглядаць перамога Ізраілю над «Хамасам» і што далей будзе з сектарам Газа?
2023.10.23 08:29

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў