Ізраіль заявіў пра пачатак баёў у цэнтры Газы


Міністр абароны Ізраілю Ёаў Галянт увечары 7 лістапада заявіў, што ізраільскія вайскоўцы прасунуліся ў сэрца гораду Газа, перадае «Reuters».

Разбураны раён Газы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Разбураны раён Газы. 9 кастрычніка 2023 года.
Фота: Al Araby / Wikimedia

Як кажа міністр абароны Ізраілю Ёаў Галянт, вайскоўцы ізалявалі ў бункеры палітычнага лідара тэрарыстаў «Хамасу» Яхʼю Сінўара. Менавіта на яго ўскладваюць адказнасць за атакі 7 кастрычніка, у выніку якіх у Ізраілі тэрарысты забілі больш за тысячу цывільных і больш за тры сотні вайскоўцаў ды паліцыянтаў, захапілі больш за дзве сотні закладнікаў. На Сінўара Ізраіль палюе даўно, яшчэ два гады таму разбамбіў ягоны дом, ды выглядае, што тэрарыст ацалеў.

Крыніцы ў сілавых структурах Ізраілю кажуць «Reuters», што аперацыя перайшла ў наступны этап, сканцэнтраваны на выяўленні і знішчэнні шматкіламетровых тунэляў пад сектарам Газа. Гэты этап можа заняць месяцы.

Як адзначае Бі-Бі-Сі, вайсковы наступ Ізраілю прывёў да чарговай хвалі ўцекачоў: з поўначы сектару Газа людзі ідуць на поўдзень. Але палестынцаў не збіраюцца выпускаць з сектару: адзіны памежны пераход, які часам адкрываюць, гэта «Рафах» на мяжы з Егіптам, і там егіпцяне збіраюцца выпускаць толькі замежнікаў ды некаторых параненых.

Ад абстрэлаў Ізраілю ў сектары Газа відавочна цярпяць і мірныя жыхары. Тэрарысты заяўлялі, што ізраільскія абстрэлы забралі жыцці больш як 10 тысячаў цывільных, але незалежных ацэнак колькасці ахвяраў няма, а ранейшыя заявы тэрарыстаў пра ахвяры выклікалі моцныя сумневы.

Тры дні таму Армія абароны Ізраілю заяўляла, што цалкам атачыла сектар Газа і выйшла да мора, замацавалася каля ўзбярэжжа, але пакідае гуманітарны калідор для цывільных.

Прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу тады казаў, што без вызвалення ўсіх закладнікаў не будзе ніякага спынення агню, да якога Ізраіль заклікаюць шматлікія краіны і міжнародныя арганізацыі. Нэтаньягу таксама заявіў, што Ізраіль «на працягу нявызначанага перыяду будзе несці агульную адказнасць за бяспеку» сектару Газа.

Нават такія саюзнікі як Злучаныя Штаты заклікаюць Ізраілю не акупаваць сектару Газа, на што ізраільскія чыноўнікі кажуць, што запэўніванне бяспекі ў словах прэм’ера не значыць менавіта акупацыю, а толькі дэмілітарызацыю.

Аналітыка
Як можа выглядаць перамога Ізраілю над «Хамасам» і што далей будзе з сектарам Газа?
2023.10.23 08:29

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў