Бэньямін Нэтаньягу: Без вызвалення ўсіх закладнікаў не будзе ніякага спынення агню


Прэм’ер-міністр Ізраіля заявіў, што ягоная краіна не пойдзе на часовае спыненне агню ў сектары Газа да таго моманту, пакуль не будуць вызваленыя ўсе закладнікі, якіх утрымлівае «Хамас».

Прэм’ер-міністр Ізраіля Бэньямін Нэтаньягу падчас сустрэчы з вайскоўцамі Ваенна-Паветраных сілаў.
Фота: ynet.co.il

Аб гэтым ізраільскі прэм’ер сказаў на сустрэчы з вайскоўцамі Ваенна-Паветраных сілаў краіны.

Таксама Бэньямін Нэтаньягу падкрэсліў, што Ізраіль будзе змагацца да перамогі:

«Я таксама хачу, каб вы ведалі пра адну рэч, якую мы не зробім: не будзе спынення агню без вяртання закладнікаў. Гэта трэба поўнасцю выключыць з нашага лексікону. Мы гаворым гэта нашым ворагам і нашым сябрам. Мы будзем працягваць, пакуль не пераможам іх («Хамас». – Заўвага «Белсат»), у нас няма альтэрнатывы. Думаю, мы ўсе гэта разумеем сёння», – сказаў ізраільскі прэм’ер.

Раней з заклікамі да Ізраіля спыніць агонь у сектары Газа выступала мноства краін, сярод якіх Егіпет, Іярданія, Саудаўская Аравія, Катар, Турцыя, Расея. Гучалі заклікі аб неабходнасці ўсталявання «гуманітарных паўзаў» (але не спынення агню) і з боку Злучаных Штатаў Амерыкі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў