З сектару Газа пачалі выпускаць замежнікаў і параненых


Егіпет 1 лістапада адкрыў пераход «Рафах» на мяжы з сектарам Газа, піша BBC. Памежнікі збіраюцца выпускаць грамадзянаў трэціх краінаў і дазволяць забраць з лякарняў прынамсі некаторых цяжка параненых.

Ізраіль вядзе ў сектары Газа аперацыю пасля атакі тэрарыстаў «Хамасу», якая адбылася 7 кастрычніка. У межах аперацыі вядуцца канцэнтраваныя абстрэлы, ад якіх цярпяць і мірныя жыхары. Таксама праходзяць абмежаваныя наземныя аперацыі. Сектар Газа мяжуе толькі з Ізраілем і Егіптам, і тыя да 1 лістапада трымалі памежныя пераходы закрытымі – Егіпет хіба прапускаў грузавікі з гуманітарнай дапамогай.

1 лістапада Егіпет адкрыў памежны пераход «Рафах», каб выпусціць з сектару Газа замежных грамадзянаў паводле закрытых спісаў, і выправіў у Газу некалькі машынаў хуткай дапамогі, каб забраць у егіпецкія лякарні цяжка параненых. Паведамляецца, што дамовы дасягнулі пры пасярэдніцтве Катару, над медычнай эвакуацыяй працавалі з Сусветнай арганізацыяй здароўя.

Перад пераходам з боку сектару Газа сабраўся натоўп ахвотных пакінуць рэгіён. Але невядома, як доўга будзе адкрыты пераход і колькі людзей збіраецца ўпусціць Егіпет. Прынамсі, раней урад Егіпту адмаўляўся эвакуяваць жыхароў сектару Газа на сваю тэрыторыю. Пра эвакуацыю палестынцаў з зоны баявых дзеянняў не казалі і іншыя арабскія краіны.

Улады Беларусі заяўлялі, што ў сектары Газа застаюцца «дзясяткі грамадзянаў Беларусі, і пераважна гэта жанчыны і дзеці». Ім абяцалі эвакуацыю сіламі Расеі. Расейскія дзяржаўныя медыі пішуць, што цяпер ля пераходу «Рафах» ёсць некалькі расейскіх сем’яў, пра беларусаў не паведамляецца.

Тым часам тэрарысты «Хамасу» заяўляюць пра тысячы мірных жыхароў, забітых у выніку ізраільскіх абстрэлаў, у тым ліку кажуць аб смерці захопленых імі закладнікаў, якіх Ізраіль намагаецца вызваліць. Кадры з Газы не выклікаюць сумневаў у тым, што ад абстрэлаў маглі пацярпець мірныя жыхары, аднак раней тэрарысты называлі сумнеўныя лічбы загінулых – як то ў выпадку з выбухам ракеты на паркоўцы лякарні. Ізраіль неаднаразова заклікаў жыхароў Газы пакінуць поўнач сектару, але пад абстрэл трапляе не толькі поўнач.

Hавiны
«Будзе доўгая і цяжкая вайна». Нэтаньягу заявіў, што армія Ізраілю ўвайшла ў Газу, каб знішчыць «Хамас»
2023.10.29 00:13

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў