Прэм’ер Ізраілю адказаў на пытанні пра планы на сектар Газа


Ізраіль «на нявызначаны перыяд« зоймецца забеспячэннем бяспекі ў сектары Газа пасля заканчэння баёў. Пра гэта заявіў ізраільскі прэм’ер Бэньямін Нэтаньягу ў эфіры ABC, каментуючы заклікі ЗША не акупаваць анклаў.

Бэньямін Нэтаньягу.
Фота: netanyahu.org.il

Паводле CNN, амерыканскія чыноўнікі заклікаюць Ізраіль устрымацца ад працяглай акупацыі сектару Газа і мінімізаваць колькасць ахвяр сярод цывільны. Пры гэтым крыніцы Reuters сярод ізраільскіх службоўцаў казалі, што Тэль-Авіў пакуль не мае выразнага разумення будучыні сектары Газа.

Як піша Bloomberg, ЗША прапрацоўваюць магчымасць стварэння часовага ўрада пры падтрымцы арабскіх дзяржаў. Паводле Times of Israel, кіраўнік Палестыны Махмуд Абас дапускае ўзяцце анклава пад кантроль, але пры ўмове, што гэта адбудзецца ў рамках шырокага мірнага працэсу з Ізраілем. Таксама абмяркоўваецца ўвод міратворцаў у сектар.

Каментуючы гэтую інфармацыю, Бэньямін Нэтаньягу заявіў, што «Ізраіль на працягу нявызначанага перыяду будзе несці агульную адказнасць за бяспеку, бо мы бачылі, што адбываецца, калі мы гэтага не робім». Ён таксама выключыў спыненне агню да вызвалення ўсіх закладнікаў, але не стаў адхіляць «тактычныя невялікія паўзы» на некалькі гадзін, у тым ліку для правозу гуманітарных грузаў або вываду людзей.

У сваю чаргу прадстаўнік Белага дому Джон Кірбі на пытанне пра пазіцыю ўладаў ЗША адносна заяваў Нэтаньягу заявіў, што Вашынгтон падтрымлівае «тое, што Хамас больш не можа кантраляваць Газу». Раней пра неабходнасць знішчэння Хамасу казаў і прэзідэнт Джо Байдэн, называючы разам з тым акупацыю сектару Газа «вялікай памылкай».

Ізраіль рыхтуецца да зімовай вайны

Тым часам Войска абароны Ізраілю рыхтуецца да працягу баявых дзеянняў у зімовы перыяд, піша Jerusalem Post. Цагаль ужо выдаў сваім байцам 129 тысяч зімовых куртак і 369 тысяч невялікіх аднаразовых мяшкоў для сагравання.

Аднак, як падкрэслівае Jerusalem Post, за выключэннем ізраільскай Вайны за незалежнасць 1948-49 гадоў, Ізраіль не мае досведу вядзення баявых дзеянняў у зімовы перыяд. Гэта, паводле выдання, выклікае пытанні пра гатовасць Цагалю стратэгічна і тактычна да зімовай кампаніі.

У сваю чаргу ў Хамасе паабяцалі застацца ў сектары Газа і запэўнілі, што не прымуць любы ўрад анклава, які палічаць марыянеткавым.

«Для тых, хто думае, што Хамас знікне, – Хамас застанецца ўкаранёным у свядомасці нашага народу, і ніякая сіла на зямлі не зможа знішчыць або маргіналізаваць яго», – запэўніў прадстаўнік групоўкі ў Ліване Усама Хамдан.

Раней Войска абароны Ізраілю заявіла аб тым, што поўнасцю акружыла сектар Газа і выйшла да мора, замацаваўшыся каля ўзбярэжжа анклаву. Сектар Газа ў выніку аказаўся падзеленым на паўднёвую і паўночную часткі. У той жа час Ізраіль запэўніў, што пакіне гуманітарны калідор, праз які цывільныя асобы змогуць эвакуявацца на поўдзень.

Hавiны
Армія абароны Ізраілю поўнасцю акружыла сектар Газа
2023.11.05 22:39

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў