На мусульманскім саміце цалавалі рукі «Хамасу», але на санкцыі супраць Ізраілю не пайшлі


Мусульманскія краіны 11 лістапада на сумесным ісламска-арабскім саміце ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Аравія) заклікалі да неадкладнага спынення ваенных аперацый у сектары Газа. Пры гэтым яны абвінавацілі Ізраіль у злачынствах супраць палестынцаў, піша Reuters.

Тэрарыстычная групоўка «Хамас».
Фота: Chris McGrath / Getty Images

Саміт у Саудаўскай Аравіі быў сабраны дзеля таго, каб аказаць ціск на Злучаныя Штаты і Ізраіль з мэтай спынення баявых дзеянняў у сектары Газа. На сустрэчы прысутнічалі дзясяткі лідараў, у тым ліку прэзідэнты Ірану, Турцыі і Сірыі, эмір Катару і іншыя.

Наследны прынц і фактычны кіраўнік Саудаўскай Аравіі Мухамэд бен Салман пацвердзіў сваё «асуджэнне і катэгарычнае непрыманне гэтай варварскай вайны супраць нашых братоў у Палестыне». Паводле яго, сітуацыя ў Сектары Газа «даказвае няздольнасць Рады Бяспекі і міжнароднай супольнасці пакласці канец абуральным парушэнням Ізраілем міжнароднага права».

Прэзідэнт Палестыны Махмуд Абас заявіў, што палестынцам пагражае «генацыдная вайна», і заклікаў Злучаныя Штаты пакласці канец ізраільскай «агрэсіі». А прэзідэнт Ірану Эбрагім Раісі прывітаў палестынскую групоўку «Хамас» за вайну супраць Ізраілю і заклікаў ісламскія краіны ўвесці супраць Ізраілю санкцыі на нафту і тавары.

«Няма іншага шляху, акрамя як супрацьстаяць Ізраілю, мы цалуем рукі «Хамасу» за яго супраціў Ізраілю», – сказаў прэзідэнт Ірану.

Кіраўнік Турцыі Рэджэп Эрдаган заклікаў да склікання міжнароднай мірнай канферэнцыі, каб знайсці канчатковае вырашэнне канфлікту паміж Ізраілем і палестынцамі.

Эмір Катару, у якім знаходзяцца кіраўнікі «Хамасу», заявіў, што імкнецца выступіць пасярэднікам у вызваленні ізраільскіх закладнікаў і спадзяецца, што гуманітарнае перамір’е будзе дасягнутае хуткім часам.

У сваю чаргу сам «Хамас» заклікаў на саміце прыняць «гістарычнае і вырашальнае рашэнне і неадкладна спыніць сіянісцкую агрэсію».

Некаторыя краіны на чале з Алжырам заклікалі да поўнага спынення дыпламатычных стасункаў з Ізраілем. Але некаторыя арабскія краіны, якія ўстанавілі дыпламатычныя стасункі з Ізраілем, адмовіліся рабіць гэта, падкрэсліўшы неабходнасць трымаць каналы сувязі з ізраільскімі ўладамі адкрытымі.

Аналітыка
Баі ў «сэрцы Газы» і міжнародны ціск. Што адбываецца ў вайне Ізраілю і «Хамас»
2023.11.08 19:13

Наземная аперацыя Цагаль у сектары Газа, выкліканая тэрарыстычным нападам «Хамасу» 7 кастрычніка, трывае: ізраільскія вайскоўцы паступова прасоўваюцца ўглыб анклава і вядуць разлютаваныя баі з тэрарыстамі. Злучаныя Штаты тым часам заняты інтэнсіўнай дыпламатычнай працай вакол гэтага канфлікту, у тым ліку заклікаючы Ізраіль зрабіць гуманітарную паўзу ў баявых дзеяннях. Будучыня самога сектару Газу пры гэтым застаецца туманнай.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў