«Падобна, як паводзіцца Пуцін». Косава непакоіцца, што Сербія можа напасці на яго


Міністарка замежных справаў Косава Даніка Гервала-Шварц лічыць магчымым напад Сербіі на сваю краіну. Паводле яе, паводзіны Бялграду нагадваюць паводзіны Расеі перад пачаткам агрэсіі ва Украіне. Пра гэта міністарка заявіла ў эфіры «Deutschlandfunk».

Удзельнікі нападу на вёску Баньска ў Косаве 24 верасня.
Фота: Albin Kurti / X

«Мова, выбар словаў, метады – усё падобна на тое, як паводзіцца ва Украіне Пуцін», – заявіла кіраўніца косаўскага МЗС.

Даніка Гервала-Шварц адзначыла, што канцэнтрацыя сербскіх вайскоўцаў уздоўж мяжы вышэйшая, чым у папярэднія гады.

«За апошнія гады ніколі не было такой канцэнтрацыі войскаў… Узбраенне, якое яны там маюць, танкі – гэта выклікае ў нас дрэннае адчуванне, бо мы не ведаем, як адрэагуе міжнародная супольнасць», – сказала яна.

Гервала-Шварц заклікала міжнародную супольнасць адказаць на гэта. У прыватнасці, замарозіць статус Сербіі як краіны-кандыдата і спыніць грашовыя выплаты. Яна таксама заявіла, што Бялград стаіць за нападам невядомых на косаўскіх паліцыянтаў 24 верасня.

Сербы хочуць анексаваць поўнач Косава?

У сваю чаргу прэм’ер-міністр Косава Альбін Курці заявіў, што нападнікі прайшлі падрыхтоўку на адной з ключавых базаў сербскай арміі прыкладна за чатыры дні да здарэння.

«Атакі карысталіся поўным падтрыманнем і планаваннем сербскай дзяржавы», – заявіў ён.

Паводле яго, «тэрарыстычная атака была часткай больш шырокага плану анексіі поўначы Косава шляхам скаардынаванай атакі на 37 асобных пазіцыяў». Пасля мусіў быць створаны калідор у Сербію, каб забяспечыць рух зброі і войскаў, сказаў Курці.

Прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч наўпрост не адмаўляе, што пачаў канцэнтраваць войскі на мяжы, але зняпраўдзіў заявы аб тым, што збройныя сілы ягонай краіны пераведзеныя ў баявую гатовасць.

Hавiны
У Косаве разгараецца канфлікт: сербы перастрэльваліся з паліцыяй, загінулі чацвёра
2023.09.24 23:35

У ноч на 24 верасня ў вёсцы Баньска адбыўся напад на косаўскую паліцыю, у выніку чаго загінуў сяржант і быў паранены супрацоўнік памежнай паліцыі. Увечары паліцыя Косава паведаміла, што трое ўдзельнікаў нападу забітыя, яшчэ адзін арыштаваны. Пасля нападнікі заселі ў будынку мясцовага манастыра.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў