«Па трупах ходзяць». Расейская армія хоча зрабіць падарунак Пуціну, але пакуль усё марна


Сітуацыя на фронце ва Украіне застаецца ў пазіцыйным тупіку, які пакуль не здольны пераадолець ніводны з бакоў. Расея не пакідае спробаў захапіць Аўдзееўку, а таксама ладзіць абмежаваныя наступальныя аперацыі на шэрагу іншых кірункаў. ЗСУ ў сваю чаргу перайшлі да абароны і наносяць праціўніку вялікія страты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты едуць па бездарожжы на танку ў напрамку Аўдзееўкі, Данецкая вобласць, Украіна. 1 снежня 2023 года.
Фота: Ozge Elif Kizil / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Пагаршэнне надвор’я, якое назіраецца з другой паловы лістапада, стала яшчэ адной праблемай для войскаў на фронце. З-за бездаражы тэхніка часцяком змушаная прасовацца вельмі павольна, бронеаўтамабілі гразнуць у брудзе. А калі зямля замярзае, то на ёй становіцца цяжка акопвацца. З-за дажджоў і снегу сурёзныя праблемы таксама ўзнікаюць пры выкарыстанні беспілотнікаў – у прыватнасці, для карэктавання артылерыйскага агню.

Надвор’е толькі паглыбіла пазіцыйны тупік: аналітыкі ў апошнія тыдні канстатуюць зніжэнне тэмпаў баявых дзеянняў. Аднак перабольшваць фактар надвор’я таксама не варта: вайна не спынілася.

Прычым калі ЗСУ фактычна паўсюль перайшлі да абароны (часам актыўнай, з контратакамі), то расейскае войска, нягледзячы на надвор’е, працягвае абмежаваныя наступальныя аперацыі адразу на шэрагу кірункаў. Наўрад ці ў цяперашніх умовах расейскае камандаванне разлічвае на сур’ёзны прарыў. Хутчэй за ўсё, для іх важна дасягнуць хаця б лакальнай перамогі, узяць які-небудзь горад, што прапаганда магла б выкарыстаць для разгону ўра-патрыятычных настрояў напярэдадні старту прэзідэнцкай кампаніі Уладзіміра Пуціна.

Аўдзееўка любой цаной

Найбольш гарачым участкам фронту застаецца Аўдзееўка, дзе наступленне пачалося яшчэ 10 кастрычніка. Мэта Расеі была відавочная: зрэзаць выступ, якія ўтвараюць сабой украінскія пазіцыі ў гэтым раёне, і ўзяць Аўдзееўку ў абцугі. Аднак пры мізэрным прасоўванні расейцы панеслі каласальныя страты, што прызнавала нават у Z-супольнасці. «Цана нашага прасоўвання на флангах сумна высокая», – канстатаваў расейскі вайсковец і вядомы Z-блогер Святаслаў Голікаў («Филолог у засаде»).

«Колькасць забітых расейскіх вайскоўцаў вакол Аўдзееўкі ўнікальная, – падкрэсліваў вайсковы аглядальнік газеты «Bild» Юльян Рэпке (Julian Röpcke), – Я размаўляў з украінскім афіцэрам, які сказаў мне, што з пачатку кастрычніка каэфіцыент смяротнасці складае каля 20:1 на карысць ЗСУ. «Нават лепш, чым у Бахмуце», – сказаў ён, прызнаўшы, што расейцы здолелі прасунуцца – такой цаной».

Даследчыя суполкі Frontelligence Insight і Conflict Intelligence Team заўважылі, што ў канцы лістапада расейцы троху змянілі сваю тактыку. Паводле CIT, інтэнсіўнасць баёў на флангах знізілася. Замест гэтага расейскія войскі пачалі атакаваць Аўдзееўку «ў лоб» малымі штурмавымі групамі, але прасоўвацца наперад у іх атрымоўваецца толькі «сточваючы» адну штурмавую групу за іншай. 

«У корані сітуацыя нязменная: як было горача па ўсёй лініі абароны вакол гораду, так і застаецца. Яны спрабуюць знаходзіць шчыліны ў лініі абароны, стала, малымі групамі, дзясяткамі малых груп адначасова», – тлумачыў у эфіры Radio NV кіраўнік Аўдзееўскай гарадской вайсковай адміністрацыі Віталь Барабаш.

Разам з тым, у апошнія дні адбываліся разлютаваныя баі на поўначы за сяло Стэповае – гэта паселішча прыкрывае дарогу на Аўдзееўку. Менавіта каля Стэповага на мінулым тыдні было зафіксаванае чарговае ваеннае злачынства РФ: расстрэл двух украінскіх палонных. 5 снежня стала вядома, што ЗСУ тут паспяхова контратакавалі і адкінулі расейцаў. Аднак актыўнасць расейцаў каля Стэповага сведчыць пра тое, што яны не пакідаюць спробаў акружыць Аўдзееўку. 

Выданне «Важные истории» апублікавала зварот да Уладзіміра Пуціна сваякоў расейскіх вайскоўцаў, што ваююць пад Аўдзееўкай. Тое, што цяпер адбываецца на гэтым кірунку, яны называюць «наўмысным знішчэннем» мабілізаваных. Паводле звестак аўтараў звароту, пад Аўдзееўкай у акопы гоняць нават вайскоўцаў з раненнямі сярэдняй і лёгкай цяжкасці. Як кажуць сваякі, камандаванне хоча паспець узяць Аўдзееўку да «прамой лініі» Пуціна, якая пройдзе 14 снежня (магчыма, у гэты дзень ён абвесціць пра свой удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2024 году), або да Новага году.

«Мы гаворым Пуціну – палічыце асабісты склад: колькі засталося рэальна ў наяўнасці, а не па ваенных білетах і таму, што ў дакладах ідзе. Муж кажа, яны там па трупах ходзяць, імі проста ўсё завалена», – распавяла жонка аднаго з расейскіх вайскоўцаў «Важным историям».

Сітуацыя вакол Аўдзееўкі, Украіна. 6 снежня 2023 года. Мапа: deepstatemap.live

Нягледзячы на гэта, сітуацыя для ўкраінцаў пад Аўдзееўкай застаецца складанай. Хоць поспехі расейцаў вылічваюцца максімум у некалькіх сотнях метраў, але ўсё-ткі яны паступова прасоўваюцца і пагроза страты гораду выглядае цалкам рэальна. Пакуль ЗСУ можа выкарыстоўваць гэтыя баі для знясілення расейскіх войскаў. Аднак калі суадносіны стратаў пачнуць набліжацца да стану 1:1 або калі навісне рэальная пагроза акружэння, то заканамерна паўстане пытанне аб мэтазгоднасці далейшага ўтрымання пазіцыяў. Адстойваць Аўдзееўку любой цаной украінскім вайскоўцам наўрад ці мае сэнс.

А вось Расея, як мяркуюць эксперты, спыняцца не збіраецца. Вайсковы аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка лічыць, што Расея неўзабаве перакіне пад Аўдзееўку дадатковыя рэзервы і працягне штурм украінскіх пазіцыяў.

«Нягледзячы на вялізныя страты, камандаванне УС РФ наўрад ці ў бліжэйшыя тыдні прыме рашэнне адмовіцца ад спробаў узяць Аўдзееўку», – мяркуюць у CIT.

«Патрэба ў эшаланавай абароне становіцца крытычна важнай»

Спробы расейскага камандавання прадэманстраваць перад выбарамі-2024 свае поспехі ва Украіне не абмяжоўваюцца адной Аўдзееўкай. Агрэсар таксама праводзіць аперацыі тактычнага значэння на ліманскім і купянскім кірунках, пад Мар’інкай і пад Бахмутам, а таксама на Запарожскім фронце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Салдаты, якія нядаўна былі мабілізаваныя для аперацыі ва Украіне, стаяць на цырымоніі перад пасадкай у цягнік на чыгуначным вакзале ў Цюмені, Расея. 2 снежня 2022 года.
Фота: AP / East News

На Запарожскім фронце расейцы імкнуцца выціснуць ЗСУ на пазіцыі, якія яны займалі да пачатку сёлетняга контрнаступу. У апошнія дні агрэсар спрабаваў зноў захапіць сяло Работына, вызваленне якога стала фактычна галоўным тэрытарыяльным дасягненнем Украіны на мелітопальскім кірунку.

Як вынікае з інфармацыі ўкраінскіх вайскоўцаў, у першыя дні снежня сітуацыя там была амаль крытычная: расейцы дайшлі да першых вуліц паселішча, але з разлютаванымі баямі былі ўсё-ткі адкінутыя. Падобна на тое, што цяпер на гэтым участку фронту адбываюцца сустрэчныя баі.

Украінскі вайсковец Станіслаў Бунятаў, які вядзе блог «Говорять Снайпер», мяркуе, што ціск на Запарожскім фронце будзе расці і можа стаць прыярытэтным для агрэсара на зіму. «Захоп тэрыторыі адбітай намі раней, так ці інакш, будзе мець вельмі сур’ёзны інфармацыйны ўплыў на канапа-штурмавую супольнасць абодвух краінаў і заходніх партнёраў», – піша ён.

Яшчэ адной сімвалічна важнай цэллю для Расеі з’яўляецца Мар’інка, якая знаходзіцца на лініі судакранання з 2014 года. У першыя дні снежня Z-прапагандысты паведамлялі, што горад нібыта ўжо цалкам перайшоў пад кантроль расейскіх войскаў. ЗСУ гэтую інфармацыю зняпраўдзілі. Незалежныя даследчыя праекты таксама не пацвердзілі страту Мар’інкі. Хаця значную зруйнаванага паселішча агрэсар па-ранейшаму кантралюе.

«Адноўленыя намаганні Расеі супраць Мар’інкі зʼяўляюцца часткай восеньскага наступу Расеі, прыярытэтам якога зʼяўляецца пашырэнне кантролю над астатнімі часткамі Данецкай вобласці. Вельмі верагодна, што гэта адна з асноўных ваенных мэтаў Крамля», – адзначаюць у брытанскай выведцы.

Украінскі аналітычны праект «DeepState» канстатуе, што расейцы працягваюць атакі на большасці ўчасткаў фронту, дзе маюць, «на жаль, рознага ўзроўню поспехі». ЗСУ ў сваю чаргу прыкладаюць «максімальныя намаганні», каб стрымаць націск ворага.

«На дадзеным этапе патрэба ў эшаланаванай абароне становіцца крытычна важнай. Дзесьці гэта ўжо пачалі вырашаць, але час не на нашым баку», – падкрэсліваюць украінскія аналітыкі.

Херсоншчына: расейцаў трымаюць у напрузе

Украінцы працягваюць утрымліваць плацдарм на левым беразе Дняпра, у раёне Крынак Херсонскай вобласці, і весці там контрбатарэйную барацьбу. Нядаўна, як адзначае Інстытут вывучэння вайны (ISW), украінцы таксама занялі новыя пазіцыі ў раёне выспы Белагрудаў і спрабавалі прасунуцца паўднёвей ад Крынак.

Няма ніякіх перадумоваў для таго, каб гэты невялічкі плацдарм мог бліжэйшым часам быць выкарыстаны ЗСУ для маштабнага ўдару. Аднак само яго існаванне па-ранейшаму стварае для расейцаў шмат праблемаў.

Расейскі вайсковец і вядомы Z-блогер Святаслаў Голікаў зрабіў нядаўна вялікі разбор сітуацыі на левым беразе Дняпра і прыйшоў да сумных для агрэсара высноваў. Паводле яго, ЗСУ вельмі разумна выкарыстоўвае гэты плацдарм у тактычных мэтах. З украінскага боку там задзейнічаны вельмі нязначныя сілы, але каб не даць плацдарму разрасціся, расейцы вымушаны рэагаваць на пагрозу. Пры гэтым ліквідацыя плацдарма патрабуе прыцягнення з расейскага боку больш буйных падраздзяленняў, якія становяцца зручнай мішэнню для ўкраінскай артылерыі з правага берага Дняпра. У выніку ЗСУ адцягвае і паспяхова «сточвае» пад Крынкамі расейскія падраздзяленні, якія маглі быць з большай эфектыўнасцю выкарыстаны агрэсарамі на іншых участках.

Ва ўмовах вайны на знясіленне такі вынік лакальнай аперацыі ЗСУ можна лічыць вельмі паспяховым. Аднак на стратэгічным узроўні гэтая аперацыя сітуацыю ніяк не змяняе.

Аналітыка
Украіна прызнала: сітуацыя на фронце зайшла ў тупік. Чаму так здарылася і ці ёсць выйсце?
2023.11.03 17:51

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў