Цяжкія баі ў сектары Газа: страты Цагалю растуць


У выходныя падчас цяжкіх баёў на поўдні і ў цэнтры Газы загінулі 14 жаўнераў Цагалю. Пра гэта паведамляе The Times of Israel

Жаўнеры Цагалю ў сектары Газа.
Фота: idfonline / X

Пяцёра вайскоўцаў інжынернага корпусу і парамедык былі забітыя на поўдні Газы супрацьтанкаваю кіраванаю ракетай, якая трапіла ў браняваны аўтамабіль, у якім яны былі. Яшчэ чацвёра загінулі ў выніку выбухаў бомбаў у двух асобных інцыдэнтах падчас баёў у цэнтры Газы.

Агулам колькасць вайскоўцаў Ізраілю, забітых з пачатку наземнай аперацыі ў сектары Газа, дасягнула 153 чалавек. Паводле мерак Цагалю, гэта дастаткова сурʼёзныя страты: напрыклад, у 2006 годзе падчас вайны супраць групоўкі «Хізбула» ў Ліване страты забітымі былі меншымі.

Каментуючы рост колькасці загінулых у Цагалі, прэм’ер-міністр Бэньямін Нэтаньягу падчас пасяджэння ўраду заявіў, што «вайна наносіць нам вельмі цяжкія страты, але ў нас няма іншага выбару, акрамя як працягваць змагацца».

«Нашыя войскі знішчылі шмат тысяч тэрарыстаў, і мы будзем працягваць з усіх сілаў да канца, да перамогі, пакуль не выканаем усіх нашых мэтаў», – заявіў прэмʼер.

У выходныя працягваліся разлютаваныя баі ў Хан-Юнісе на поўдні Газы, дзе, як мяркуюць, хаваецца частка кіраўніцтва «Хамасу». Прадстаўнік Цагалю Даніель Гагары заявіў, што ізраільскія вайскоўцы яшчэ больш пашырылі аперацыі на поўдні Газы, асабліва супраць падземнай інфраструктуры «Хамасу». «Войскі, уваходзячы ў новыя апорныя пункты «Хамасу», вядуць цяжкія баі», – падкрэсліў Гагары.

Hавiны
«Хамас» адмовіўся ад новага часовага замірэння з Ізраілем
2023.12.21 08:36

Нагадаем: 7 кастрычніка баевікі «Хамасу» беспрэцэдэнтна атакавалі Ізраіль, у выніку чаго былі забітыя каля 1200 чалавек і ўзятыя ў закладнікі больш за 200 асобаў. У адказ Ізраіль пачаў ваенную аперацыю супраць «Хамасу» ў сектары Газа.

Hавiны
«Хамас» заявіў пра гібель траіх закладнікаў, у тым ліку 10-месячнага немаўляці
2023.11.29 19:51

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў