Самаабвешчанае Прыднястроўе просіць Расею павялічыць колькасць «міратворцаў»


Улады самаабвешчанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі (ПМР) просяць Расею павялічыць колькасць міратворцаў. Пра гэта заявіў «РИА Новости» кіраўнік прадстаўніцтва ПМР у РФ Леанід Манакоў.

Тыраспаль – сталіца непрызнаванай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі.
Фота: pridnestrovie-tourism.com

Паводле Манакова, цяпер колькасць расейскіх міратворцаў не большая за 450 асобаў, якія стала дзеюць у зоне бяспекі. Хоць нібыта дакументы дазваляюць павялічыць яе да 3100 асобаў. То бок прапануецца рост у 7 разоў.

«Такая опцыя ёсць, і яна апраўданая з пункту гледжання пагаршэння рызык бяспекі, у тым ліку тэрарыстычнай пагрозы, і пры гэтым юрыдычна абгрунтаваная дакументамі», – сказаў Леанід Манакоў.

Кіраўнік прадстаўніцтва ПМР у РФ адзначыў, што міратворчыя сілы можна павялічыць у тым ліку за кошт расейцаў, якія жывуць у ПМР.

Hавiны
Журналісты знайшлі планы Расеі для падпарадкавання Малдовы. Некаторыя ўжо праваленыя
2023.03.15 13:28

22 красавіка 2022 года намеснік камандуючага войскамі Цэнтральнай вайсковай акругі РФ Рустам Мінекаеў увогуле сказаў, што расейская армія мусіць займець кантроль над поўднем Украіны і выйсці да сепаратысцкага рэгіёну Малдовы – Прыднястроўя, «дзе таксама адзначаюцца факты прыгнёту расейскамоўнага насельніцтва». Прыднястроўе было і на мапах акупацыі Украіны, якія паказваў Аляксандр Лукашэнка.

Намеснік генеральнага сакратара NATO Мірча Джоанэ 13 лютага 2023 года заявіў, што Расея мае план «пры дапамозе Прыднястроўя аблажыць Украіну ззаду і затым захапіць Адэсу». Аднак Малдове не варта баяцца, бо рыторыка Расеі «ідзе ад слабасці, а не ад сілы».

Паведамленні пра план Расеі ўчыніць пераварот у Малдове выклікаюць «глыбокую занепакоенасць» і ў ЗША.

Украінскі вайсковы аглядальнік Аляксандр Каваленка адзначыў, што Расея можа сфармаваць у Прыднястроўі 11 батальённа-тактычных групаў агульнаю колькасцю больш за 9000 асобаў. Якія, праўда, не маюць тэхнікі паводле штатнай камплектацыі, а тая, што ёсць, «не ўся баяздольная і пераважна ў не прыдатным для выкарыстання стане».

Для Украіны, са словаў Каваленкі, пакуль пагроза з боку Прыднястроўя мінімальная, але «гэтая група войскаў стварае сур’ёзную пагрозу Малдове». Расейскія войскі з Прыднястроўя могуць без праблемаў захапіць аэрадром «Мэркулешці», адрэзаць паўночную Малдову ад цэнтру і ўдарыць па Кішынэве.

Аналітыка
«Калі будзе магчымасць, яны нападуць». Эксперты распавялі пра пагрозы Малдове з боку Расеі
2023.02.16 15:40

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў