Улады Малдовы і Украіны заяўляюць аб рыхтаванні Расеяй дзяржаўнага перавароту ў Кішынэве. У выпадку поспеху гэтага плану ля мяжы з Украінай можа з’явіцца яшчэ адзін гарачы пункт на чале з прарасейскімі сіламі. У самой РФ абвінавачванні адхіляюць, але эксперты ўсё ж лічаць маскоўскую пагрозу рэальнай. Ды і апраўданні Крамля не выглядаюць шчырымі.
9 лютага Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зрабіў заяву, у якой праінфармаваў сваю малдаўскую калегу Маю Санду, што «атрымалася перахапіць дэталёвы расейскі план разбурэння палітычнай сітуацыі ў Малдове». Паводле ягоных словаў, дакумент «паказвае хто, калі і ў выніку якіх дзеянняў збіраецца зламаць Малдову, дэмакратычны парадак гэтай краіны і ўсталяваць свой кантроль над ёй». Праўда, пакуль невядома, ці пастанавіла Масква зрэалізаваць гэты план.
Як адзначыў сакратар Рады нацыянальнай абароны і бяспекі Украіны Аляксей Данілаў, РФ ужо накіравала ў Турцыю ў якасці «ратавальнікаў» сваіх вайскоўцаў з чачэнскай групоўкі, якіх могуць задзейнічаць у Кішынэве.
Заявы Кіева пацвердзілі і ў Кішынэве. У Службе інфармацыі і бяспекі адзначылі, што «выявілі дыверсійную дзейнасць, скіраваную на падрыў дзяржавы Малдовы, дэстабілізацыю і парушэнне грамадскага парадку».
А 13 лютага ўжо сама Санду заявіла, што Расея плануе здзейсніць у Малдове дзяржаўны пераварот. Паводле ейных словаў, план «прадугледжвае дыверсіі з прыцягненнем людзей з вайсковай падрыхтаванасцю, замаскаваных пад грамадзянскіх асобаў, для правядзення гвалтоўных дзеянняў, нападаў на дзяржаўныя будынкі і для захопу закладнікаў». Дзеля гэтага плануецца залучыць, сярод іншага, грамадзянаў Расеі, Беларусі, Сербіі і Чарнагорыі.
У адпаведнасці са словамі прэзідэнткі Малдовы, Расея таксама разлічвае «на некаторыя ўнутраныя сілы, у прыватнасці, на злачынныя групоўкі, такія як партыя «Шор», некаторых ветэранаў, былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў і людзей, вядомых сваімі сувязямі з Плахатнюком». Мэтай перавароту Санду назвала «спыненне працэсу еўрапейскай інтэграцыі краіны і выкарыстанне Малдовы ў вайне супраць Украіны».
У адказ апазіцыйны Блок камуністаў і сацыялістаў выказаўся, што заява Санду «стварае магчымасці для задушэння дзейнасці апазіцыі, непажаданай уладзе, у тым ліку акцыяў пратэсту» і ёсць «правакацыяй, скіраванай на ўцягванне Малдовы ў ваенны канфлікт». У партыі «Шор» дык зусім абвінавацілі прэзідэнтку ў спробе ўзурпацыі ўлады.
Адмаўляюць рыхтаванне дзяржаўнага перавароту ў Кішынэве і ўлады Расеі. Прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што «гэткія сцвярджэнні абсалютна не абгрунтаваныя і бяздоказныя». Паводле ейных словаў, Расея не ўмешваецца «ва ўнутраныя справы Малдовы і іншых краінаў свету». Тады як мэта Украіны – уцягнуць Малдову ў супрацьстаянне з Расеяй, а ўладаў Малдовы – пераключыць увагу грамадзянаў з унутраных праблемаў.
Праўда, іншыя спікеры ў Расеі не настолькі міралюбныя ў дачыненні Малдовы. Так, кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў заявіў, што ў выпадку загаду ягоныя войскі «гатовыя хоць на Амерыку адправіцца» і пакінуць «Малдову далёка за спінай».
Дый начальнік Захаравай, міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў на пачатку лютага адкрыта назваў краіну антырасейскім праектам Захаду, а прэзідэнта Санду – недэмакратычна абраным лідарам. З ягоных словаў, Малдова – гэта «новая Украіна», што «імкнецца ўвайсці ў NATO» і «аб’яднацца з Румыніяй».
22 красавіка 2022 года намеснік камандуючага войскамі Цэнтральнай ваеннай акругі РФ Рустам Мінекаеў увогуле сказаў, што расейская армія мусіць займець кантроль над поўднем Украіны і выйсці да сепаратысцкага рэгіёну Малдовы – Прыднястроўя, «дзе таксама адзначаюцца факты прыгнёту рускамоўнага насельніцтва». Прыднястроўе было і на мапах акупацыі Украіны, якія паказваў Аляксандр Лукашэнка.
Намеснік генеральнага сакратара NATO Мірча Джоанэ 13 лютага заявіў, што Расея мае план «пры дапамозе Прыднястроўя аблажыць Украіну ззаду і затым захапіць Адэсу». Аднак, з ягоных словаў, Малдове не варта баяцца, бо рыторыка Расеі «ідзе ад слабасці, а не ад сілы».
Паведамленні аб плане Расеі зладзіць пераварот у Малдове выклікаюць «глыбокую занепакоенасць» і ў ЗША.
«Гэта, вядома, не выходзіць за межы паводзінаў Расеі», – адзначыў прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі Белага дому Джон Кербі.
Украінскі вайсковы аглядальнік Аляксандр Каваленка адзначыў, што Расея можа сфармаваць у Прыднястроўі 11 батальённа-тактычных групаў агульнай колькасцю больш за 9000 асобаў. Якія, праўда, не маюць тэхнікі паводле штатнай камплектацыі, а тая, што ёсць, «не ўся баяздольная і пераважна ў не прыдатным для выкарыстання стане».
Для Украіны, са словаў Каваленкі, пакуль пагроза з боку Прыднястроўя мінімальная, але «гэтая група войскаў стварае сур’ёзную пагрозу для Малдовы». Ён мяркуе, што расейскія войскі з Прыднястроўя могуць без праблемаў захапіць аэрадром «Мэркулешці», адрэзаць Паўночную Малдову ад цэнтру і ўдарыць па Кішынэву.
«Цяпер Малдову расхістваюць агенты Крамля, але гэтае расхістванне цалкам можа выйсці за межы сацыяльна-палітычнага складніка і прыняць ваенны характар – змена ўлады пры дапамозе інтэрвенцыі праз Прыднястроўе», – мяркуе Каваленка.
Палітычны аглядальнік з Малдовы Ён Тэбырцэ таксама мяркуе, што пракрамлёўскія агенты могуць знайсці падтрыманне ў апазіцыйных партыях Малдовы:
«Чачэнскія «ратавальнікі» – толькі разынка на торце і гэта толькі пачатак. Напэўна, гэта значыць, што ў РФ і таго ж Пуціна ў Рэспубліцы Малдова, у спецыяльных структурах, ёсць агенты ўплыву, якія прыйдуць на дапамогу гэтым кадыраўцам».
Разам з тым у каментары «Белсату» старшыня малдаўскай thinktank-супольнасці «WatchDoc» Валерый Паша адзначыў, што, нават нягледзячы на сваю нешматлікасць і адсутнасць сур’ёзнай баявой тэхнікі і артылерыі, малдаўскае войска здольнае супрацьстаяць наўпроставай вайсковай пагрозе з Прыднястроўя. Прысутнасць ля мяжы рэзерваў украінскай арміі, з ягоных словаў, «перадухіляе любы апетыт да падобных дзеянняў».
«Зусім інакш бы выглядала справа, калі б расейскай арміі ўдалося прарвацца да мяжы з Малдовай», – адзначыў аналітык і дадаў, што «на гэтым этапе Малдову абараняе ўкраінская армія».
Паша выказаў упэўненасць, што ў выпадку, калі ў РФ будзе магчымасць павялічыць групоўку войскаў на мяжы з Малдовай, «яны нападуць на нашую краіну» – «гэта было зразумела з першага дня поўнамаштабнай агрэсіі Расеі і з тых часоў нічога не змянілася».
Паша таксама адзначыў узмацненне гібрыдных пагрозаў краіне, як, напрыклад, пралёт расейскага выведніцкага дрона, праз які Малдова 14 лютага часова закрывала сваю паветраную прастору. Усё гэта, сказаў ён, дадае нервовасці ў грамадстве.
«Разнастайныя правакацыі ў інфармацыйным полі адбываюцца ў грамадстве штодня. Мы бачым сотні выпадкаў дэзынфармацыі», – заявіў эксперт.
Пры гэтым, кажа ён, таксама адбываецца «адаптацыя і абнаўленне метадычных распрацовак, паводле якіх працуюць расейскія прапагандысты». Навіною ёсць і спроба накіраваць у Малдову правакатараў з балканскіх краінаў.
«Яны працуюць вельмі інтэнсіўна ў звязе з малдаўскімі алігархамі і карупцыянерамі, перш за ўсё з тымі, якія збеглі з краіны, баючыся за ўласную свабоду. З імі публічна каардынуецца малдаўскі алігарх Ілан Шор, звязаны з расейскімі спецслужбамі ўдзельнік крадзяжу стагоддзя, калі з малдаўскіх банкаў скралі мільярд долараў», – сказаў Паша.
Пакуль жа, паводле ягоных словаў, малдаўскія спецслужбы і сілавікі «ў цэлым спраўляюцца». Эксперт адзначыў, што спробы разгайдаць малдаўскае грамадства рабіліся неаднаразова з вясны 2022 года. Пры гэтым нават «даволі адкрыта і груба» падкуплялі «цітушак» для сутыкненняў з паліцыяй, «каб пралілася кроў і гэта стала дапамогай для распальвання незадаволенасці і актыўных пратэсных рухаў, якія б патэнцыйна маглі скончыцца зрынаннем ураду».
«На гэты раз нешта падобнае спрабуюць прымяніць, але больш разнастайна», – мяркуе Паша.
На гэтым фоне 10 лютага ў адстаўку пайшла прэм’ер-міністарка Малдовы Наталля Гаўрыліца. У каментары «Белсату» дэпутатка малдаўскага парламенту Вэроніка Рошка адзначыла, што «ўрад Гаўрыліцы быў, напэўна, адным з найлепшых урадаў», але ён «сутыкаўся са сталымі нападкамі з усіх бакоў, алігархаў і Расейскай Федэрацыі, якія выступаюць адзіным фронтам для ўзмацнення незадаволенасці грамадзянаў, выкліканай вельмі цяжкім сацыяльна-эканамічным становішчам».
«Крэмль адчайна спрабуе выклікаць дэстабілізацыю ў Малдове, каб уцягнуць нашую краіну ў сваю незаконную вайну супраць Украіны. Спрабавалі восенню, не атрымалася. У іх і цяпер не атрымаецца. Усе дзяржаўныя ўстановы прыкладаюць велізарныя намаганні для захавання міру і бяспекі ў нашай краіне», – заявіла дэпутатка.
Як чакаецца, новым прэмʼерам стане Дарын Рэчэан – дзейны дарадца прэзідэнткі Малдовы ў галіне абароны і нацыянальнай бяспекі, а таксама сакратар Найвышэйшай рады бяспекі краіны.
Старшыня «WatchDoc» Паша адзначыў, што змена ўраду – спланаваная палітычная пастанова, якая «фактычна была прынятая яшчэ некалькі месяцаў таму», каб спыніць падзенне рэйтынгаў кіроўнай партыі. Аднак, паводле яго, сам профіль будучага прэмʼера паказвае, што на сферу бяспекі цяпер будуць рабіць большы акцэнт, чым раней.
Макар Мыш / Авер belsat.eu