news
Аналітыка
Байдэн перамовіў з «дыктатарам» Сі. Пра што (не) змаглі дамовіцца Кітай І ЗША
І чаму гэтая сустрэча так важная для свету.
17.11.202319:29

15 лістапада паводле мясцовага часу (16 лістапада – паводле Менску) пад Сан-Францыска адбылася сустрэча прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Джо Байдэна і старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзінь Піна. Яна прайшла ў межах саміту арганізацыі Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы і стала першым візітам Сі ў ЗША з 2017 году. Пра што размаўлялі кіраўнікі краінаў і чаго ад гэтага чакаць свету – у аглядзе «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Штогадовы саміт Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы ў Сан-Францыска, ЗША. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Godofredo A. Vásquez / AP Photo / East News

Стасункі паміж Кітаем і ЗША істотна пагоршыліся пасля таго, як у жніўні 2022 года спікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлоўсі, нягледзячы на забарону Пекіну наведала Тайвань, якому КНР пагражала ледзь не вайсковай інтэрвенцыяй. А ў лютым 2023 года ўжо Злучаныя Штаты збілі над сваёй тэрыторыяй кітайскі аэрастат, які яны назвалі шпіёнскім зондам.

Цяпер жа, як адзначае Reuters, на сустрэчы ў Сан-Францыска лідары дзвюх краінаў прадэманстравалі «адчувальны прагрэс у сваіх першых асабістых перамовах за год» ды зрабілі «значны прарыў» у шэрагу пытанняў, асабліва ў вайсковай сферы.

Аналітыка
Чаму Тайвань стаў «парахавой бочкай» праз візіт Пэлоўсі і чым гэта можа скончыцца
2022.08.03 16:39

Шчырая і адкрытая размова

Кітайскае ўрадавае агенцтва «Синьхуа» піша, што Сі Цзінь Пін і Джо Байдэн «у шчырым ключы правялі прадметны абмен думкамі па тэматыках стратэгічнага, усёабдымнага і вызначальнага характару». У Белым доме таксама адзначылі, што лідары краіны «правялі адкрытую і канструктыўную дыскусію», хоць і «абмяняліся думкамі адносна пытанняў, што выклікаюць рознагалоссі».

Сі Цзінь Пін падкрэсліў, што перад Кітаем і ЗША стаяць два выбары: «аб’яднацца ў сумесным пераадоленні глабальных выклікаў дзеля міру і росквіту ва ўсім свеце або жыць гульнёй з нулявой сумай і раскалоць свет». Паводле яго, ад гэтага будзе залежаць будучыня чалавецтва і ўсёй планеты, бо стасункі паміж Пекінам і Вашынгтонам – найважнейшыя ў сучасным свеце. Старшыня КНР падкрэсліў, што зямная куля дастаткова вялікая, каб змясціць і ЗША, і Кітай. Байдэн у сваю чаргу таксама назваў стасункі ЗША і Кітаю найважнейшымі ў свеце, а пазбяганне канфліктаў паміж імі – цалкам магчымым.

Тайваньская праблема

Адным з самых ключавых і найдалікатнейшых ва ўсім комплексе стасункаў з ЗША Сі назваў пытанне Тайваню, які ў КНР лічаць сваёй тэрыторыяй. Пекін чакае ад Вашынгтону «спынення напампоўвання Тайваня зброяй на карысць мірнага ўзʼяднання Кітая». Пры гэтым, паводле высокапастаўленага чыноўніка з ЗША, Сі распавёў пра ўмовы, пры якіх можа быць ужытая сіла.

У сваю чаргу Байдэн заявіў, што ЗША не спрабуюць змяніць лад Кітаю, стрымаць яго развіццё або актывізаваць саюз супраць КНР, як і не падтрымліваюць незалежнасць Тайваня. Але Вашынгтон «гатовы працягваць адкрытыя кантакты з кітайскімі партнёрамі», бо «свет чакае, што Злучаныя Штаты і Кітай будуць адказна кіраваць канкурэнцыяй, каб не дапусціць яе скочвання да канфлікту, канфрантацыі ці новай халоднай вайны».

Тым не менш, ЗША працягнуць умацоўваць сваю бяспеку і супрацоўнічаць з хаўруснікамі па ўсім свеце. Таксама Байдэн выступіў супраць любых аднабаковых зменаў статус-кво Тайваню і за тое, каб рознагалоссі развязваліся мірнымі сродкамі. Ён заклікаў КНР стрымліваць сваю вайсковай актыўнасць у Тайваньскім праліве і вакол яго.

Гісторыі
Хэпі-энду не будзе? Чаму Тыбет не зусім удалы прыклад для Беларусі
2023.08.03 08:00

Таксама Байдэн паабяцаў перашкаджаць выкарыстанню перадавых амерыканскіх тэхналогіяў для падрыву нацыянальнай бяспекі ЗША ды адзначыў важнасць вызвалення амерыканскіх грамадзянаў, затрыманых у КНР. Ён падкрэсліў універсальнасць правоў чалавека і выказаў занепакоенасць іх парушэннямі ў КНР, у тым ліку ў Сінь-Цзяне, Тыбеце і Гон-Конгу.

Апроч таго, бакі выказалі незадаволенасць санкцыямі і абмежаваннямі, уведзенымі ў дачыненні да кампаніяў адзін аднаго.

Украіна, Ізраіль і КНДР

Абмяркоўваючы іншыя краіны, Байдэн падкрэсліў, што ЗША падтрымліваюць вольны і адкрыты Інда-Ціхаакіянскі рэгіён і будуць надалей абараняць сваіх саюзнікаў у ім. Ён адзначыў важнасць свабоды суднаходства і палётаў, падтрымання міру і стабільнасці ў Паўднёва-Кітайскім і Усходне-Кітайскім морах, а таксама поўнай дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава.

Байдэн паабяцаў надалей падтрымліваць абарону Украіны ад расейскай агрэсіі і права Ізраілю на абарону ад тэрарызму. Ён таксама папрасіў Сі паўплываць на Іран, каб той не здзяйсняў проксі-атакі на абʼекты ЗША на Блізкім Усходзе.

Якія дамоўленасці

Пры ўсіх рознагалоссях кіраўнікі дзяржаў падкрэслілі важнасць узаемнай павагі, мірнага суіснавання, а таксама падтрымання адкрытых каналаў сувязі, перадухілення канфліктаў, захавання Статуту ААН, супрацы ў галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, і адказнай канкурэнцыі. Бакі дамовіліся развіваць кааперацыю, аднавіць вайсковыя сувязі на высокім і найвышэйшым узроўнях, а таксама працоўныя сустрэчы, кансультацыі і наўпроставыя тэлефанаванні па лініі Мінабароны.

«Мы з ім дамовіліся, што кожны з нас можа непасрэдна прыняць тэлефонны званок, і нас неадкладна пачуюць», – распавёў Байдэн.

Лідары краінаў пагадзіліся правесці міжурадавы дыялог адносна штучнага інтэлекту, павялічваць рэгулярныя авіярэйсы, пашыраць адукацыйныя, культурныя і дзелавыя абмены, падкрэслілі важнасць сумесных намаганняў у пераадоленні кліматычнага крызісу. Ды дамовіліся працягнуць рэгулярныя кантакты.

Барацьба з наркотыкамі

Адным з вынікаў сустрэчы стала рашэнне заснаваць працоўную групу ў пытанні барацьбы з наркотыкамі. Злучаныя Штаты даўно імкнуліся да супрацы з Кітаем, каб спыніць незаконны паток прэкурсораў, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці фентанілу. Гэты наркотык у 50 разоў мацнейшы за гераін і з’яўляецца прычынай большасці перадазіровак у ЗША. Амерыканскія чыноўнікі заяўляюць, што малыя хімічныя прадпрыемствы ў Кітаі вырабляюць прэкурсоры, якія адпраўляюць у Мексіку для вытворчасці фентанілу. Пекін жа называў гэта ўнутранымі праблемамі ЗША. Цяпер жа Кітай мусіць непасрэдна пераследаваць пэўныя хімічныя кампаніі, якія вырабляюць прэкурсоры фентанілу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бяздомная і залежная ад фентанілу жанчына (у цэнтры) курыць крэк (крышталічная форма какаіну) на вуліцы ў Сан-Францыска, ЗША. 2 лістапада 2021 года.
Фота: Gabrielle Lurie / San Francisco Chronicle / Polaris Images / East News

Дзеля рэалізацыі пагаднення ЗША ўжо знялі санкцыі з Інстытуту крыміналістыкі Міністэрства грамадскай бяспекі Кітая. Іх увялі ў 2020 годзе за пераслед уйгураў і іншых меншасцяў у КНР. А ў адказ Нацыянальная камісія Кітаю ў пытаннях кантролю наркотыкаў прыгразіла крымінальнай адказнасцю за вытворчасць, продаж і транспартаванне рэчываў, якія могуць выкарыстаць для вырабу наркотыкаў.

Тым часам зняцце санкцыяў выклікала крытыку ў саміх ЗША. Паводле кангрэсменаў-рэспубліканцаў, такі крок «падрывае давер да нашага санкцыйнага спісу і наш маральны аўтарытэт». Таксама гучаць сумневы ў прыхільнасці адміністрацыі Байдэна да ціску на Кітай за пераслед уйгураў. На думку рэспубліканцаў, ЗША губляюць магчымасці выкарыстаць эканамічнае цяжкасці Кітаю для дасягнення большага дыпламатычнага поспеху.

Што свету ад гэтай сустрэчы?

Расейскі палітолаг Аляксей Макаркін у сваім блогу адзначыў, што сустрэча Байдэна і Сі прайшла ва ўмовах, «калі абодва бакі былі зацікаўленыя ў тым, каб не сапсаваць уражанне ад яе».

«Сі Цзінь Пін, магчыма, зрабіў разлік, што перабольшанне амерыканскай пагрозы наносіць Кітаю і яго становішчу ў партыі, а таксама самой партыі больш шкоды, чым карысці», – мяркуе Дру Томпсан, былы чыноўнік Пентагона, які цяпер зʼяўляецца навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага ўніверсітэту Сінгапуру.

На думку аналітыкаў, на гэты раз прагматызм, магчыма, пераважыў ідэалогію. Як адзначыў Лі Мін Цзян, прафесар Школы міжнародных даследаванняў Раджаратнам у Сінгапуры, Кітай прызнае, што для яго эканамічнага прагрэсу неабходна падтрымліваць нармальныя стасункі з ЗША і заходнімі краінамі: «Гэта асноўная рухаючая сіла сустрэчы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На экране ў Пекіне паказваюць праграму навін пра сустрэчу Джо Байдэна і Сі Цзінь Піна падчас сустрэчы лідараў Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы ў Каліфорніі. Пекін, Кітай. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Jade Gao / AFP / East News

«Злучаныя Штаты Амерыкі і Кітай на сёння фармуюць большую частку эканамічнага патэнцыялу свету. Кожная з гэтых краін мае вялікі ўплыў яшчэ на шэраг іншых краін, гэта значыць дзве самыя вялікія ўплывовыя дзяржавы. Адзіная розніца, што Злучаныя Штаты Амерыкі – лідары, а Кітай – гэта краіна, якая спрабуе знайсці сваю нішу, якая будзе адпавядаць яе цяперашняму эканамічнаму патэнцыялу. Дзве краіны знаходзяцца ў канкурэнцыі, і гэта вельмі сурʼёзна адбіваецца на іх стасунках, а адпаведна і на сітуацыі ў свеце. Бо канкурэнцыя паміж дзвюма глабальнымі дзяржавамі нясе і негатыўныя элементы. З пункту гледжання іх двухбаковых стасункаў моцная эканамічная сувязь, якая фармавалася цягам дзесяцігоддзяў, не дазваляе гэтай канкурэнцыі ў нейкі момант разарваць эканамічныя стасункі. Бо гэта рызыкі для дзвюх вялікіх эканомік, гэта рызыкі для свету», – заявіла ў каментары «Белсату» Наталля Бутырская, экспертка ў пытаннях Усходняй Азіі.

Яна нагадала, што шмат краінаў залежаць ад ЗША як гаранта іх бяспекі, але вельмі актыўна супрацоўнічаюць з Кітаем эканамічна.

«І ў сітуацыі, калі Злучаныя Штаты і Кітай знаходзяцца ў такой сурʼёзнай канфрантацыі, краінам даводзіцца абіраць бок. Але ніхто не жадае абіраць паміж бяспекай і эканомікай», – сказала яна, тлумачачы высокія чаканні ад сустрэчы ў Сан-Францыска.

Паводле Бутырскай, канфлікт паміж ЗША і КНР, асабліва вакол Тайваню, можа прывесці і да ваенных сутыкненняў, у тым ліку ў выніку выпадковых сутыкненняў вайсковых караблёў ці самалётаў.

«У гэтым ніхто не зацікаўлены. І як прэзідэнт Байдэн, так і Сі Цзінь Пін, прынамсі сёння паказваюць тое, што кожны з іх разумее адказнасць перад светам і перад сваёй краінай, каб гэты ваенны канфлікт не ўзнік», – сказала экспертка.

Тым не менш, падкрэсліла яна, не варта чакаць таго, што ў выніку гэтай сустрэчы ці нават у перспектыве атрымаецца вырашыць праблемы паміж краінамі, бо «бачанне Кітаю, бачанне Злучаных Штатаў разыходзіцца».

«Сі прасоўвае канцэпцыю біпалярнага свету, з якой не згаджаюцца ЗША – Байдэн кажа толькі аб тым, што неабходна «адказна кіраваць» канкурэнцыяй паміж дзвюма краінамі, каб яна не пераходзіла ў канфлікт», – адзначыў Макаркін.

Тым не менш, Бутырская звярнула ўвагу на важнасць таго, што адкрываюцца «лініі кантакту» паміж вайскоўцамі і кіраўнікамі дзвюх краінаў. Гэта, на яе думку, дае надзею на тое, што дамоўленасці не будуць заблакаваныя ў выніку непрадказальных сітуацыяў, як гэта было з дамоўленасцямі, што бакі дасягнулі ў 2022 годзе падчас сустрэчы «Вялікай дваццаткі» на Балі.

«Паглядзіце, Сі – дыктатар»

Пра тое, што гэтая сустрэча, дамоўленасці і нават знятыя санкцыі не адмяняюць ранейшага стаўлення краін адна да адной, сведчыць і выказванне Байдэн, якое ён зрабіў ужо пасля сустрэчы, што ён не і надалей лічыць Сі дыктатарам.

«Ну, паглядзіце, ён ім ёсць. Я маю на ўвазе, што ён дыктатар у тым сэнсе, што ён чалавек, які кіруе камуністычнай краінай», – сказаў Байдэн.

У МЗС Кітаю ў адказ назвалі гэтую заяву «некаторых людзей» «надзвычай памылковай і безадказнай палітычнай маніпуляцыяй», хоць і не згадалі пры гэтым самога Байдэна. Магчыма, таму, што, як піша Макаркін, «абедзве краіны зацікаўленыя ў тым, каб не даводзіць справу да жорсткага канфлікту». На яго думку, «кітайская эканоміка знаходзіцца ў цяжкім становішчы, і кіраўніцтва Кітая не збіраецца пагаршаць яго – а для ЗША ва ўмовах жорсткага супрацьстаяння з Расіяй важнае «пацяпленне» ў стасунках з Кітаем».

Hавiны
ЦРУ: Кітай плануе захапіць Тайвань да 2027 года
2022.09.17 08:42

Макар Мыш belsat.eu