Пашыньян: Арменія і Азербайджан узгаднілі асноўныя прынцыпы мірнай дамовы, але ёсць «але»


Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян, выступаючы 18 лістапада на адкрыцці восеньскай сесіі ПА АБСЕ ў Ерэване, падзяліўся добрымі і дрэннымі весткамі адносна мірнага працэсу з Азербайджанам. Пра гэта паведамляюць «Армения-Новости».

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян выступае з прапановамі аб развязанні канфлікту на армяна-азербайджанскай мяжы. Ерэван, Арменія. 27 траўня 2021 года.
Фота: primeminister.am

«Добрая вестка – асноўныя прынцыпы мірнай дамовы з Азербайджанам узгодненыя. Гэта адбылося пры пасярэдніцтве кіраўніка Еўрапейскай рады Шарля Мішэля ў выніку нашых з азербайджанскім прэзідэнтам сустрэч у Бруселі. Гэтыя дамоўленасці зафіксаваныя заявамі ад 12 мая і 15 ліпеня», – сказаў Нікол Пашыньян.

Паводле яго, згодна з гэтымі дамоўленасці Арменія і Азербайджан узаемна прызнаюць тэрытарыяльную цэласць адно аднаго адпаведна 28,6 тыс. кв. км і 86,6 тыс. кв. км.

Таксама Ерэван прапануе Баку ўзаемна не мець войскаў па тым і іншым баках савецкіх адміністрацыйных межаў, а таксама адрасаваць пытанні эксклаваў і анклаваў. Гэтак, эксклаў Арцвашэн «больш як 30 гадоў знаходзіцца пад акупацыяй Азербайджану», сказаў Пашыньян.

Таксама, паводле яго, рэгіянальныя дарожныя, чыгуначныя, паветраныя камунікацыі павінны быць пераадкрытыя паводле прынцыпаў роўнасці, узаемнай павагі суверэнітэту і юрысдыкцыі.

«Краіны рэгіёну павінны быць звязаны паміж сабой таксама кабелямі, трубаправодамі, электралініямі. І для забеспячэння свайго ўкладу ў гэтым урад Арменіі прадстаўляе свой праект «Скрыжаванне свету», – заявіў Пашыньян.

Азербайджан рыхтуецца да новай вайны?

Тым не менш, ён прызнаў, што бакі пакуль размаўляюць «на розных дыпламатычных мовах» і вельмі часта не разумеюць адзін аднаго. Напрыклад, паводле яго, Азербайджан, ні разу публічна не спасылаўся на згаданыя прынцыпы, не перапацвердзіў сваю прыхільнасць ім, «што паглыбляе атмасферу недаверу».

Таксама ў Пашыньяна выклікае занепакоенасць той факт, што ў Азербайджане пачалі называць Арменію «Заходнім Азербайджанам».

«І гэтай канцэпцыі вучаць у школах і ВНУ, у дзяржаўных медыях. Гэта нам уяўляецца падрыхтоўкай да новай вайны, новай узброенай агрэсіі супраць Азербайджану і зʼяўляецца асноўнай перашкодай для прагрэсу мірнага працэсу», – падкрэсліў армянскі прэм’ер.

Да таго ж, сказаў ён, Азербайджан адмаўляецца ад абмену палоннымі.

Аналітыка
«Тактыка салямі». Арменія прапанавала Азербайджану мір, але ёсць шмат нюансаў
2023.04.20 11:20

Азербайджан і Арменія канфліктуюць праз Нагорны Карабах – самаабвешчаную і непрызнаную рэспубліку Арцах на тэрыторыі Азербайджану, населеную армянамі. Этнічныя канфлікты трываюць там больш за сто гадоў, буйная вайна была ў 1991–94 гадах, некалькі месяцаў трываў крывавы канфлікт у 2020 годзе.

19 верасня 2023 года Азербайджан пачаў «антытэрарыстычную аперацыю» ў Нагорным Карабаху, на наступны дзень улады непрызнанай рэспублікі пагадзіліся раззброіць і расфармаваць сваё войска і зладзіць перамовы з Баку. Пасля гэтага жыхары рэгіёну сталі масава эміграваць у Арменію.

Аналітыка
Якія наступствы будзе мець для постсавецкай прасторы перамога Азербайджану ў Карабаху?
2023.09.21 21:04

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў