Армяне пачалі масава пакідаць Нагорны Карабах пасля капітуляцыі рэгіёну


Пасля капітуляцыі ўзброеных фармаванняў Нагорна-Карабахскай рэспублікі і спыненні баявых дзеянняў, армяне масава пачалі пакідаць рэгіён. У сетцы распаўсюджваюцца фатаграфіі і відэа натоўпаў людзей, якія былі эвакуяваны з прыгранічных тэрыторый.

Армяне масава пачалі пакідаць Нагорны Карабах. Аэрапорт «Сцепанакерта». Крыніца: reartsakh / Telegram

Бакі канфлікту ў Нагорным Карабаху дасягнулі дамоўленасці аб поўным спыненні баявых дзеянняў, а ўлады непрызнанай рэспублікі Арцах прынялі рашэнне аб капітуляцыі. Цяпер армяне спрабуюць пакінуць рэгіён праз аэрапорт «Сцепанакерта». Большасць з іх – жанчыны і дзеці. Побач бачныя машыны хуткай дапамогі.

Раней мэрыя гораду Сцепанакерта заклікала грамадзянаў не паддавацца панічным настроям і не адпраўляцца ў аэрапорт па ўласнай ініцыятыве для эвакуацыі. На тэрыторыі аэрапорту «Сцепанакерта» з 1990-х гадоў размешчана база расейскіх міратворцаў, а грамадзянскія рэйсы адтуль не лятаюць.

Таксама Азербайджан заявіў пра адкрыццё лачынскага калідору для эвакуацыі ў Арменію, аднак людзі баяцца ехаць. Большасць жыхароў непрызнаванай рэспублікі так ці інакш у розны час удзельнічала ў сутыкненнях з азербайджанцамі, а таму асцерагаюцца затрымання на мяжы, перадае карэспандэнт «Белсату» ў Ерэване Дзмітрый Андраянаў.

Між тым у Еўразвязе перасцераглі ўлад Азербайджану ад гвалтоўнага выправаджэння армянскага насельніцтва з Нагорнага Карабаху на падставе ваеннай аперацыі.

Нагадаем, 19 верасня Азербайджан пачаў «антытэрарыстычныя мерапрыемствы» ў Нагорным Карабаху, абвінаваціўшы Арменію ў размяшчэнні ваеннай тэхнікі і салдат на тэрыторыі спрэчнага рэгіёну. Аднак раней прэм’ер-міністр краіны Нікол Пашыньян прызнаў суверэнітэт Азербайджану над рэгіёнам. На наступны дзень канфлікт быў урэгуляваны: бакі дамовіліся аб спыненні агню. Згодна з пагадненнем, армянскія фармаванні, якія знаходзяцца на тэрыторыі Нагорнага Карабаху, складаюць зброю і  пакідаюць свае баявыя пазіцыі. Усе незаконныя фармаванні павінны быць расфарміраваны.

Тым часам у Ерэване зноў плануюцца акцыі пратэсту, іх удзельнікі выкрыкваюць антыўрадавыя лозунгі, а ў цэнтры гораду зʼявіліся аўтазакі.

Агляд
Нагорны Карабах капітуляваў?
2023.09.20 17:38

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў