Абвастрэнне ў Нагорным Карабаху. Азербайджан пачаў «антытэрарыстычныя мерапрыемствы»


Мінабароны Азербайджану паведаміла пра «антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару» у Нагорным Карабаху. Баку сцвярджае, што гэта адказ на «сістэматычныя абстрэлы пазіцыяў азербайджанскай арміі фармаваннямі ўзброеных сілаў Арменіі».

Удары Азербайджану па Нагорным Карабаху. 19 верасня 2023 года.
Фота: panorama.am

У міністэрстве абароны Азербайджану паведамілі пра ўжыванне высокадакладнай зброі, з ейнай дапамогаю «на пярэдняй лініі і ў глыбіні выводзяцца са строю пазіцыі фармаванняў узброеных сілаў Арменіі, іх доўгачасовыя агнявыя пункты, а таксама баявыя сродкі і аб’екты вайсковага прызначэння».

Ведамства запэўнівае, што «цывільнае насельніцтва і аб’екты цывільнай інфраструктуры не зʼяўляюцца цэлямі, з ладу выводзяцца толькі легітымныя вайсковыя цэлі».

Баку абвінаваціў Ерэван у «шырокамаштабных правакацыях» у Нагорным Карабаху:

«З мэтаю раззбраення і вываду фармаванняў узброеных сілвў Арменіі з нашых тэрыторыяў, нейтралізацыі іхнай вайсковай інфраструктуры, забеспячэння бяспекі мірнага насельніцтва, якое вярнулася на вызваленыя ад акупацыі тэрыторыі, і нашых вайскоўцаў, а таксама аднаўлення канстытуцыйнага ладу Азербайджанскай Рэспублікі ў рэгіёне распачатыя антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару».

Мінабароны Азербайджану на сваім сайце апублікавала сёння шэраг паведамленняў, што тычацца сітуацыі ў Нагорным Карабаху. Паводле версіі Баку, азербайджанскія вайскоўцы атакавалі армянскія пазіцыі ў адказ на абстрэлы ў Агдамскім і Гедабейскім раёнах.

Акрамя таго, «незаконныя армянскія ўзброеныя фармаванні», як кажуць у Азербайджане, учынілі радыёперашкоды ў сістэме спадарожнікавай навігацыі GPS, праз якія з праблемамі сутыкнуўся пасажырскі самалёт Тбілісі–Баку.

У сваю чаргу міністэрства абароны Арменіі называе хлуснёю паведамленні аб ударах па азербайджанскіх пазіцыях. У Ерэване сцвярджаюць, што менавіта Баку парушае рэжым прыпынення агню.

У Арменіі пацвярджаюць, што Азербайджан абстрэльвае вайсковыя цэлі, і запэўніваюць, што «сітуацыя на межах рэспублікі адносна стабільная».

У самім Карабаху паведамляюць пра артылерыйскі абстрэл, у Сцепанакерце гучыць паветраная трывога.

Агенцтва «Арменпресс» распаўсюдзіла заяву прадстаўніцтва Арцаха (так у Арменіі называюць Нагорны Карабах) пра тое, што Азербайджан пачаў шырокамаштабны наступ, пад абстрэлам сталіца Сцепанакерт і іншыя паселішчы.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра гуманітарны крызіс у Нагорным Карабаху
2023.09.10 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў