Нагорны Карабах пагадзіўся раззброіць і расфармаваць войска. Анансаваныя перамовы з Баку


У непрызнаванай Нагорна-Карабахскай рэспубліцы паведамілі, што пагадзіліся на ўмовы спынення абстрэлаў рэгіёну. Войска будзе раззброенае і расфармаванае, а 21 верасня адбудуцца перамовы з Баку. Чакаецца, што бліжэйшым часам баявыя дзеянні спыняцца.

Абстрэлы Нагорнага Карабаху. Сцепанакерт, 19 верасня 2023 года.
Фота: Siranush Sargsyan / Х

На Facebook-старонцы «НКР ИнфоЦентр» апублікаваны допіс пра поўнае спыненне агню ў рэгіёне з 13-й гадзіны мясцовага часу. У адказ непрызнаваная рэспубліка пагадзілася расфармаваць і цалкам раззброіць сваё войска і вывесці тэхніку ды ўзбраенне са сваёй тэрыторыі «з мэтаю найхутчэйшай утылізацыі».

Як паведамляецца, такая дамоўленасць з Азербайджанам дасягнутая пры пасярэдніцтве камандавання расейскіх міратворцаў:

«З 19 верасня Азербайджан пачаў шырокамаштабны наступ уздоўж усёй лініі сутыкнення, наносячы ракетна-артылерыйскія і авіяцыйныя ўдары. Цягам двух дзён баёў падраздзяленні Узброеных сілаў Арцаху гераічна абараняліся. На некаторых участках праціўнік здолеў прарвацца да пазіцыяў Арміі абароны, узяць пад кантроль шэраг вышыняў і стратэгічных дарожных вузлоў. Улічваючы гэта, улады Арцаху пагадзіліся на прапанову камандавання расейскай міратворчай місіі».

У непрызнаванай рэспубліцы таксама паведамілі, што ўсе пытанні пра рэінтэграцыю, гарантаванне правоў і бяспекі армянаў Нагорнага Карабаху, а таксама забяспечванне жыццядзейнасці насельніцтва ў межах Канстытуцыі Азербайджану будуць абмяркоўвацца на беспасярэдніх перамовах з Баку.

Першая сустрэча прадстаўнікоў Карабаху з азербайджанскімі ўладамі запланаваная на 21 верасня ў горадзе Еўлах.

Каментар
Рыгор Ніжнікаў: Без згоды Масквы Баку не пачаў бы канфлікт у Карабаху
2023.09.19 20:37

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў