Якія наступствы будзе мець для постсавецкай прасторы перамога Азербайджану ў Карабаху?


Пасля працяглай блакады і аднадзённай ваеннай аперацыі Азербайджан прымусіў улады самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі пагадзіцца дэ-факта на капітуляцыю. Цяпер нічога не перашкаджае Баку цалкам рэінтэграваць сепаратысцкі рэгіён у дзяржаўную сістэму і паставіць кропку ў канфлікце, які цягнуўся больш за 30 гадоў. Наступствы гэтай гістарычнай падзеі, хутчэй за ўсё, адчуюць на сабе не толькі Азербайджан і Арменія.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадстаўнікі армянскай абшчыны Нагорнага Карабаху, урад Азербайджану і прадстаўнік расейскага міратворчага кантынгенту ўдзельнічаюць у перамовах у азербайджанскім горадзе Еўлах (Yevlax), Азербайджан. 21 верасня 2023 года.
Фота: AP Photo / East News

Прэцэдэнт вырашэння застарэлага канфлікту

Распад СССР справакаваў шэраг крывавых этнічных канфліктаў на постсавецкай прасторы (Нагорны Карабах, Прыднястроўе, Абхазія і Паўднёвая Асеція), якія ў 1991-1994 гг. пры актыўным удзеле Расеі набылі статус «замарожаных». З таго часу Масква імкнулася або падтрымліваць статус-кво ў гэтых супрацьстаяннях, або дадаткова распальвала іх, каб пашырыць свой уплыў (вайна з Грузіяй у 2008 годзе).

У гэтай сітуацыі любая спроба развязаць застарэлыя канфлікты апрыёры выглядала асуджанай на правал. Дэ-факта РФ выступала ў ролі абаронцы самаабвешчаных рэспублік, таму ў сепаратыстаў не было стымулу да кампрамісаў з Баку, Кішынэвам ці Тбілісі.  У сваю чаргу любая спроба Азербайджану, Малдовы ці Грузіі вырашыць пытанне сілавым шляхам пагражала ваенным адказам з боку Расеі і палітычным супрацьдзеяннем з боку краінаў Захаду, якія традыцыйна выступалі супраць любой эскалацыі.

Аднак падобна на тое, што Азербайджан здолеў разарваць гэтае замкнёнае кола. Гэтаму спрыялі тры фактары.

Па-першае, за апошнія гады Баку моцна зблізіўся (у тым ліку ў вайсковай сферы) з Турэччынай. Маючы такога моцнага саюзніка, Азербайджан атрымаў магчымасць больш смела і ўпэўнена весці сябе ў адносінах з Расеяй.

Па-другое, уплыў Масквы на сітуацыю ў рэгіёне істотна знізіўся пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, дзе ў значнай ступені была падарваная расейская вайсковая магутнасць і палітычны аўтарытэт. Цяпер нават калі Крэмль вырашыць сілай захаваць статус-кво ў «замарожаных» канфліктах, то не факт, што ў яго знойдзецца для гэтага дастаткова баяздольных войскаў і тэхнікі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган і прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў на ваенным парадзе. Баку, Арзейбаджан.
Фота: Mustafa Kamaci / Turkish Presidential Press Service / AFP / East News

У трэціх, вайна ва Украіне адцягнула на сябе ўсю ўвагу краінаў Захаду і, імаверна, падштурхнула міжнародную супольнасць да таго, каб з большым разуменнем ставіцца да дзеянняў, накіраваных на аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці. Калі перамога Азербайджану не пацягне за сабой крывавых этнічных чыстак супраць армянскага насельніцтва або прамога ўзброенага канфлікту з Арменіяй, рэжым Ільхама Аліева напэўна не зазнае ні міжнародных санкцыяў, ні істотнага пагаршэння стасункаў з Захадам.

У выніку Азербайджан можа стварыць вельмі спакуслівы прыклад вырашэння «замарожаных» канфліктаў, на які будуць арыентавацца іншыя дзяржавы. Гэта зусім не значыць, што неўзабаве варта чакаць ваеннай аперацыі Малдовы супраць Прыднястроўя або Грузіі супраць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Аднак імавернасць гэтых падзеяў у будучыні значна ўзрастае, бо цяпер з’явіўся прэцэдэнт.

Аслабленне ўплыву РФ на постсавецкай прасторы

Амаль непазбежная ліквідацыя Нагорна-Карабахскай рэспублікі – гэта магутны ўдар па аўтарытэту Расеі на постсавецкай прасторы.

Па-першае, таму што сілавым шляхам Азербайджан скасаваў статус-кво, гарантам якога Масква з’яўлялася і дэ-юрэ, і дэ-факта. Паводле дамовы паміж Арменіяй, Азербайджанам і РФ ад 10 лістапада 2020 года, бесперабойнае функцыянаванне Лачынскага калідора павінны былі забяспечыць менавіта расейскія міратворцы.  Азербайджан, у адпаведнасці з дасягнутым пры пасрэдніцтве Крамля пагадненнем, мусіў гарантаваць «бяспеку руху па Лачынскім калідоры грамадзян, транспартных сродкаў і грузаў у абодвух напрамках». Насуперак гэтай дамове Азербайджан не толькі ў аднабаковым парадку блакаваў Лачынскі калідор, але і правёў ваенную аперацыю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскі міратворац ахоўвае ўваход у манастыр Армянскай апостальскай царквы, пасля перадачы рэгіёну Кельбаджар (Kalbajar) пад кантроль Азербайджану ў рамках мірнага пагаднення, якое патрабавала ад армянскіх сіл саступіць азербайджанскія тэрыторыі, якія яны ўтрымлівалі за межамі Нагорны Карабах. Кельбаджар, Азербайджан. 2 снежня 2020 года.
Фота: Emrah Gurel / AP Photo / East News

Прычым падчас гэтай аперацыі ад агню азербайджанскіх вайскоўцаў загінулі расейскія жаўнеры, у тым ліку намеснік камандзіра міратворчага кантынгенту Іван Коўган. У 2008 годзе абстрэл расейскіх міратворцаў у Паўднёвай Асеціі стаў адным з апраўданняў вайны Расеі супраць Грузіі. Цяпер, імаверна, ніякіх наступстваў для стасункаў з Азербайджанам гэты інцыдэнт мець не будзе – Крамлю хопіць выбачэнняў Аліева і абяцанняў пакараць вінаватых.

Па-другое, усё ўбачылі, што Крэмль не здолеў перадухіліць паразу Арменіі – свайго саюзніка па вайсковаму блоку АДКБ. Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян яшчэ ў верасні 2022 году афіцыйна звярнуўся да краінаў АДКБ з просьбай ад дапамозе «для аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці Арменіі і забеспячэння вываду азербайджанскіх войскаў». Аднак Расея і ўвесь блок АДКБ фактычна самаўхіліўся ад гэтага канфлікту, пакінуўшы Арменію сам-насам з Азербайджанам.

На пачатку верасня ў італьянскай «La Repubblica» выйшла інтэрв’ю Нікола Пашыньяна, у якім ён назваў стратэгічнаю памылкаю залежнасць Арменіі ад Расеі ў сферы бяспекі. «Архітэктура бяспекі Арменіі на 99,999 % была звязаная з Расеяй, у тым ліку і ў сферы набыцця зброі і боепрыпасаў. Але сёння, калі Расея мае патрэбу ў зброі і боепрыпасах, зразумела, што нават калі б яна захацела, РФ не змагла б забяспечыць патрэбы Арменіі ў сферы бяспекі. Гэты прыклад павінен паказаць нам, што ў сферы бяспекі залежнасць ці прывязка толькі да аднаго цэнтру сама па сабе ёсць стратэгічнай памылкай», – сказаў ён.

Можна не сумнявацца, што адпаведныя высновы з цяперашняй сітуацыі зробяць і іншыя партнёры Расеі на постсавецкай прасторы. Імаверна, апошнія падзеі падштурхнуць гэтыя дзяржавы да таго, каб паступова зніжаць сваю залежнасць ад Расеі ва ўсіх сферах і ўсё больш дыстанцыявацца ад Масквы.

Паказальна, што адначасова з эскалацыяй у Нагорным Карабаху ў кулуарах сесіі Генеральнай асамблеі ААН адбыўся першы саміт Злучаных Штатаў і краінаў Цэнтральнай Азіі на ўзроўні прэзідэнтаў (раней у сустрэчах фармату С5+1 прымалі ўдзел толькі кіраўнікі МЗС). Фармальна саміт не меў антыкрамлёўскага зместу, але выразна пазначыў інтарэс краінаў Цэнтральнай Азіі да дыверсіфікацыі сваёй вонкавай палітыкі.

Аналітыка
КНДР замест СНД. Як Крэмль губляе ўплыў на постсавецкай прасторы
2023.09.15 08:00

Куды пойдзе Арменія?

Расейская прапаганда спрабуе выставіць паразу Арменіі як заканамернае пакаранне Пашыньяну за тое, што ён нібыта здрадзіў Расеі і хацеў сябраваць з Захадам. «Пашыньян патрабуе (!), каб расейскія міратворцы абаранілі Карабах. А NATO чаго? Не? Не абараняе?» – здзекліва пракаментавала апошнія падзеі кіраўніца RT Маргарыта Сіманьян.

Пагаршэнне стасункаў Ерэвана і Масквы апошнім часам сапраўды кідалася ў вочы. У пачатку верасня МЗС РФ зрабіў «жорсткае прадстаўленне» амбасадару Арменіі ў сувязі з «серыяй недружалюбных крокаў», да якіх расейскіх бок аднёс запуск працэсу ратыфікацыі Рымскага статуту, сумесныя амерыкана-армянскія вучэнні і візіт жонкі Пашыньяна ў Кіеў з гуманітарнай дапамогай. Раней Ерэван спыніў свой удзел у сумесных вучэннях АДКБ і нават публічна дапусціў магчымасць выхаду з гэтага вайсковага блоку.

Аналітыка
Арменія развітваецца з Расеяй і АДКБ? Што адбываецца паміж Ерэванам і Масквой
2023.09.08 07:15

Аднак насамрэч на ўсе тыя крокі, якія Масква лічыць «недружалюбнымі», Пашыньян пайшоў ужо пасля таго, як АДКБ праігнаравала просьбу Ерэвана аб дапамозе (верасень 2022-га), а расейскія міратворцы дазволілі азербайджанцам блакаваць Лачынскі калідор (снежань 2022-га). То бок насамрэч Пашыньян пачаў глядзець на Захад менавіта таму, што не дачакаўся расейскай падтрымкі, а не наадварот. Цяпер жа расейскія прапагандысты постфактум спрабуюць зрабіць выгляд, што Масква не дапамагла армянам праз тое, што яны нібыта няправільна сябе паводзілі.

Хутчэй за ўсё, Крэмль хоча дамагчыся адстаўкі Пашыньяна і прывесці да ўлады ў Арменіі больш зручны для сябе ўрад. Аднак ці ёсць падставы для такога прарасейскага павароту? Гэта як мінімум спрэчна.

Сацыёлагі ў апошнія гады фіксавалі зніжэнне даверу да Расеі ды сумесных інтэграцыйных аб’яднанняў. Паводле апытання SOCIES, якое праводзілася вясной 2022 году, амаль 70% армянаў выступалі тады за абмежаванне стасункаў з РФ і пашырэнне стасункаў з Захадам. 46% выступаюць за далучэнне да ЕЗ, 34,1 % – за ўступленне ў NATO (ЕАЭС падабалася ў той момант 28,7% армянаў, АДКБ – 29,1%). Параза ў Нагорным Карабаху можа толькі ўзмацніць гэтыя настроі. Паказальна, што пратэсты, справакаваныя падзеямі ў Карабаху, адбываліся ў Ерэване пад антыкрамлёўскімі лозунгамі: пратэстоўцы блакавалі амбасаду РФ, рвалі расейскія пашпарты, абражалі Пуціна і Лаўрова.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Армяне заклікаюць урад адказаць на азербайджанскую ваенную аперацыю, распачатую супраць сепаратысцкага рэгіёну Нагорны Карабах, ля будынку ўраду ў цэнтры Ерэвана, Арменія. 19 верасня 2023 года.
Фота: Karen Minasyan / AFP / East News

Застанецца Пашыньян прэм’ер-міністрам ці не – неабходнасць дыверсіфікаваць вонкавую палітыку Арменіі ў любым выпадку нікуды не знікне, бо стаўка на шчыльны саюз з Расеяй сябе аб’ектыўна не апраўдала.

Нагода задумацца для Лукашэнкі

Апошнія падзеі, якія прадэманстравалі аслабленне ўплыву Расеі, павінны былі стаць трывожным сігналам і для Аляксандра Лукашэнкі. Пры ўсіх вялізарных адрозненнях (як рэгіянальных, так і нацыянальных), Беларусь і Арменію аб’ядноўвае адна акалічнасць: архітэктура бяспекі абодвух краінаў на 99,9 % завязаная на Расею. Калі Крэмль самаўхіліўся ад сваіх саюзніцкіх абавязкаў у дачыненні Арменіі, то дзе гарантыя, што пры пэўных абставінах Расея не праігнаруе і просьбы Лукашэнкі?

Не выключана, што Лукашэнка ўжо задаваўся гэтым пытаннем. У пачатку красавіка 2023 году самаабвешчаны кіраўнік Беларусі на перамовах спачатку з Уладзімірам Пуціным, а потым з Сяргеем Шайгу ўздымаў пытанне аб нейкіх гарантыях бяспекі для Беларусі. «Увогуле гэта гучала на перагаворах так, што ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі Расейская Федэрацыя абараняе Беларусь як уласную тэрыторыю. Вось такія нам патрэбны гарантыі бяспекі», – казаў ён.

«Белсат» тады звярнуў увагу на тое, што заява Лукашэнкі выглядае вельмі дзіўна: раней ён неаднаразова падкрэсліваў, што ў РФ і Беларусі створана адзіная абаронная прастора і «фактычна адзіная армія», якая ў выпадку вонкавай агрэсіі будзе ваяваць разам. Магчыма, красавіцкія выказванні Лукашэнкі наконт гарантыяў бяспекі як раз і адлюстроўвалі ягоныя сумневы ў тым, што Пуцін сапраўды будзе яго абараняць у крытычнай сітуацыі. Калі гэта сапраўды так, то цяпер сумневаў у Лукашэнкі мусіла стаць яшчэ больш.

Іншая справа, што стратэгінае і геапалітычнае значэнне Беларусі для Расеі непараўнальна вышэйшае за значэнне Арменіі. Таму за захаванне статус-кво ў Беларусі Крэмль будзе чапляцца да апошняга.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў