Наўрад ці мог нехта прадказаць, што 2022 год пачнецца з масавых пратэстаў у Казахстане. Няшмат хто верыў, што Расея ўчыніць поўнамаштабны напад на Украіну. Мы не можам прадказаць, дзе пачнецца наступная вайна. Але можам пералічыць, дзе цяпер неспакойна.
Украіна наўрад ці пабачыць мірнае жыццё бліжэйшым часам. Калі не здарыцца цуд, вайна ва Украіне будзе працягвацца і ў 2023 годзе: хоць лінія фронту амаль не мяняецца, абодва бакі настроеныя працягваць барацьбу. Украінцы не захацелі здавацца нават пасля маштабных абстрэлаў энергетычнай інфраструктуры, а Крэмль не захацеў выводзіць войскаў, хоць перыядычна намякае на перамовы.
Расея можа сама сутыкнуцца з масавымі пратэстамі ў 2023 годзе: прычынамі могуць стацца новая хваля мабілізацыі (як было ў Дагестане), новыя ваенныя паразы або чарговы эканамічны крызіс і далейшае пагаршэнне ўзроўню жыцця. Нейкага дзяржаўнага перавароту ці грамадзянскай вайны ў Расеі не прагназуюць, але аналітыкі нярэдка звяртаюць увагу на публічную актыўнасць кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава і кіраўніка баевікоў ПВК Вагнэра – Яўгенія Прыгожына. Ды іхныя дзеянні могуць сведчыць як пра слабасць сістэмы расейскай улады, так і пра тое, што беззаконне – гэта і ёсць сістэма расейскай улады.
Беларусь могуць уцягнуць у новы расейскі напад на Украіну. Ужо амаль два месяцы ў Беларусі разгортваюць рэгіянальную беларуска-расейскую групоўку войскаў і маштабнае мабілізацыйнае правяранне. Але прынамсі на момант публікацыі ў Беларусі не відаць фармавання ўдарнай групоўкі або рыхтавання Расеі да анексіі, як не відаць і вакна магчымасцяў, пра якое кажуць арганізатары плану «Перамога».
Прыднястроўе, Абхазія і Паўднёвая Асеція наўрад ці пачуваюць сябе спакойна на фоне вайны ва Украіне і ваенных паразаў Расеі. Цягам 2022 года хадзілі чуткі пра ўцягванне непрызнанай Прыднястроўскай рэспублікі ў вайну ва Украіне. Часткова прызнаная Паўднёвая Асеція планавала рэферэндум аб далучэнні да Расеі, але перадумала. З невядомых прычынаў у часткова прызнаную Абхазію адразу пасля візіту да Уладзіміра Пуціна лётаў Аляксандр Лукашэнка.
Нагорны Карабах не пераставаў быць зонаю канфлікту. У 2022 годзе Азербайджан нават абстрэльваў гарады на міжнародна прызнанай тэрыторыі Арменіі. Расея, якая раней нібыта выконвала ролю міратворца, цяпер надта занятая вайною ва Украіне: Арменія паціху адмаўляецца ад такога «саюзніка». На жаль, цалкам імаверна, што ў 2023 годзе ў рэгіёне зноў будзе ліцца кроў.
Войны, рэвалюцыі і дзяржаўныя перавароты могуць пачацца зусім не там, дзе іх чакаюць. Хто б мог падумаць, што дзяржаўны пераварот рыхтуюць у Нямеччыне? А днямі выявілася, што суполка «грамадзянаў Нямецкай імперыі» планавала штурмаваць Бундэстаг і аднавіць манархію. Палітычны крызіс у Перу цягнуўся больш за пяць гадоў, а падчас напісання гэтага тэксту там затрымалі прэзідэнта, які хацеў разагнаць парламент.
Ды прадказаць войны і рэвалюцыі спрабуюць многія. Напрыклад, амерыканскі Цэнтр стратэгічных і міжнародных даследаванняў нядаўна выдаў даклад на паўсотні старонак з прагнозамі толькі на зіму 2022–23 гадоў.
Кітай у тым дакладзе ідзе асобным раздзелам. Рэч не толькі ў магчымым нападзе на Тайвань. Кітай у прынцыпе нарошчвае ваенныя магутнасці і збліжаецца з Расеяй. Часопіс «The Economist», напрыклад, прадбачыць канфлікт Кітаю з Індыяй праз спрэчныя межы ў Гімалаях. Да таго ж, у 2022 годзе Кітай бачыў маштабныя пратэсты праз няўдалую палітыку барацьбы з каронавірусам – не выключаюць, што пратэсты зноў выбухнуць у 2023 годзе. Таксама не выключана, што пратэставаць супраць камуністаў ізноў будзе дэмакратычна настроены Гон-Конг. Акрамя таго, Кітай не спыняў сваёй палітыкі адносна народу ўйгураў, якую Вялікая Брытанія, Злучаныя Штаты, Францыя ды іншыя называюць генацыдам.
Іран можа пабачыць працяг або гвалтоўнае здушэнне масавых пратэстаў, якія пачаліся ў 2022 годзе і ўсё часцей ідуць пад лозунгам «Смерць дыктатару». Саступкі пратэстоўцам пакуль што сімвалічныя, чымся палітычныя. Да таго ж, Іран можа распачаць адкрытую вайну з Саудаўскай Аравіяй: у лістападзе канфлікт называлі непазбежным.
Косава можа зноў стаць гарачым пунктам. У 2022 годзе Сербія заяўляла, што Косава на яе нападзе і ўжывала расейскую рыторыку пра «дэнацыфікацыю», а прэзідэнт Сербіі заўважаў, што ў ім бачаць міні-Пуціна. Той канфлікт замарозіўся, але не залагодзіўся цалкам: Сербія па-ранейшаму не прызнае незалежнасці Косава (і абураецца, калі «Косава акупуе Косава»), а Косава спрабуе функцыянаваць як незалежная дзяржава.
Блізкі Усход і Афганістан, Паўночная і Цэнтральная Афрыкі застаюцца месцамі крывавых канфліктаў. Працягваюцца войны ў Емене, Самалі, Сірыі ды Эфіопіі, канфлікты меншых маштабаў ідуць у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Нігерыі ды іншых краінах, а Афганістан па-ранейшаму кантралююць тэрарысты «Талібану». Невядома, ці ў 2023 годзе ў рэгіёне выбухне новая маштабная вайна, але надзеі на ўсталяванне міру практычна няма.
Паўднёва-Усходняя Азія таксама нестабільная: напрыклад, у 2023 годзе могуць разгарэцца з новай сілай пратэсты на Шры-Ланцы або зноў распачацца ў М’янме, дзе ўладу захапіла ваенная хунта.
Паўночная Карэя звыкла пагражае вайной і нават прэвентыўным ядравым ударам у выпадку адчування небяспекі. Рэжым Кімаў, які згаданы «The Economist» называе «сямейнаю галаварэзакратыяй», некалькі дзесяцігоддзяў шмат пагражае і не рэалізуе пагрозы, але мае масіўнае войска і ядравую зброю, а таксама падтрыманне Кітаю ды Расеі. Падставаў меркаваць, што гэта зменіцца ў 2023 годзе, няма, але і выключаць вонкавую агрэсію Паўночнай Карэі нельга.
Свет поўны «крохкіх дзяржаваў». Акрамя названых вышэй краінаў, Сусветны банк адзначае ўзброеныя канфлікты ў Буркіна-Фасо, Бурундзі, Іраку, Камеруне, Лівіі, Мазамбіку, Малі, Нігеры, Паўднёвым Судане і Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы; інстытуцыянальную і сацыяльную нестабільнасць у Бурундзі, Венесуэле, Гаіці, Гвінеі-Бісаў, Зімбабвэ, Каморах, Ліване, Лівіі, Маршалавых Астравах, Мікранезіі, Палестыне, Папуа – Новай Гвінеі, Саламонавых Астравах, Судане, Конга, Тувалу, Усходнім Тыморы, Чадзе, Эрытрэі.
Масавыя пратэсты ў 2022 годзе разгараліся і ў нібыта спакойнай Канадзе , і ў Вугоршчыне, якая хоць уваходзіць у Еўразвяз, але, згодна з дакладам еўрадэпутатаў, ужо не лічыцца дэмакратычнай. І нават у Манголіі цяпер пратэстуюць, нягледзячы на тэмпературу – мінус 21°С.
У Глабальным рэйтынгу міру цяпер на першым месцы Ісландыя. Але ці здзівіцца хтосьці, калі і там пачнуцца масавыя пратэсты? Такі ён, 2023 год.
Алесь Наваборскі belsat.eu