У Косаве зноў неспакойна: паліцыя зайшла ў Паўночную Мітравіцу


Прысутнасць узброеных паліцыянтаў у косаўскім мястэчку, населеным пераважна этнічнымі сербамі, можа з новай сілай распаліць канфлікт між часова прызнанай Рэспублікай Косава і Сербіяй, якая лічыць Косава сваім рэгіёнам.

У ноч на 9 снежня дзясяткі косаўскіх паліцыянтаў пачалі патруляванне Паўночнай Мітравіцы, паведамляе косаўскае выданне «Telegrafi». Вечарам мінулага дня паліцыя абвясціла, што павялічвае прысутнасць на поўначы Косава ў сувязі з напружанасцю ў апошнія дні і выбухі ў розных месцах.

Выданне «Kosovo Online» піша, што сітуацыя напружаная, але пакуль абыходзіцца без здарэнняў. Паліцыянты, як сцвярджае выданне, «узялі ў блакаду» Мітравіцу, і іх не дзясяткі, а звыш дзвюх сотняў. Таксама ў горадзе бачылі сілы EULEX – спецыяльнай місіі Еўразвязу ў Косаве.

Сербскія «Новости» заяўляюць, што «Косава пачало акупацыю поўначы Косава». Следам за імі расейскія і беларускія дзяржаўныя медыі паведамляюць: «Косаўская паліцыя ўварвалася на поўнач Косава». Сцвярджаецца, што паліцыя «ўзброеная да зубоў», хоць на фота і відэа такога не відаць.

Мітравіца – мястэчка на поўначы Косава, падзеленае на пераважна албанскую Косаўску-Мітравіцу на поўдні з насельніцтвам каля 85 тысяч і пераважна сербскую Паўночную Мітравіцу з насельніцтвам каля 30 тысяч.

Паводле Брусэльскіх пагадненняў 2013 года, уся паліцыя Косава працуе як адзіная арганізацыя, але камандаваць паліцыяй у рэгіёнах з пераважна сербскім насельніцтвам мусяць этнічныя сербы. Сербія трактуе гэта так: без дазволу кіраўніцтва чатырох сербскіх муніцыпалітэтаў косаўская паліцыя не мае права заходзіць у населеныя сербамі рэгіёны Косава.

Сербія разглядае ўвядзенне сваіх сілаў на поўнач Косава. Рашэнне пакуль не прынятае. Прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч пакуль не каментаваў гэта – кажуць, «мае важныя сустрэчы».

У сярэдзіне лета між Косава і Сербіяй распачаўся канфлікт праз сербскія аўтамабільныя нумары. Яго ўдалося часова ўлагодзіць, хоць рыторыка Сербіі вельмі нагадвала агрэсіўную рыторыку Крамлю.

Аналітыка
Косава, Сербія і міні-Пуцін. Што гэта было і ці можа з’явіцца на Балканах новы гарачы пункт?
2022.08.01 19:35

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў