Рызыка ўступлення Беларусі ў вайну павялічваецца?


Ужо амаль два месяцы ў Беларусі разгортваюць рэгіянальную беларуска-расейскую групоўку войскаў і маштабнае мабілізацыйнае правяранне. Belsat.eu распавядае, што вядома пра вайсковую актыўнасць на беларускай тэрыторыі і ці варта чакаць уступлення краіны ў вайну.

Што вядома пра расейскія войскі ў Беларусі?

Новая фаза эскалацыі пачалася 10 кастрычніка: у гэты дзень на нарадзе з сілавікамі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Украіна нібыта плануе ўдарыць па тэрыторыі Беларусі, і паведаміў пра пастанову разгарнуць супольную расейска-беларускую групоўку войскаў. Неўзабаве ў Беларусь пачалі прыбываць механізаваныя злучэнні Заходняй вайсковай акругі РФ, укамплектаваныя мабілізаванымі. Прыбыццё вайсковых эшалонаў з тэхнікай і жаўнерамі працягнулася ў лістападзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы бяруць удзел у вучэннях на мяжы з Беларуссю ў Чарнігаўскай вобласці. 30 верасня 2022 года.
Фота: Глеб Гараніч / Reuters / Forum

Мабілізаваныя расейцы на беларускіх палігонах рыхтуюцца, займаюцца баявым зладжваннем. 3 снежня Лукашэнка дэ-факта прызнаў, што трэнуюць расейцаў у тым ліку беларускія інструктары.

«Мушу сказаць, што мы сур’ёзна да гэтага падышлі. І нашыя, і вашыя афіцэры рыхтуюць хлопцаў. І беларускіх, і расейцаў рыхтуюць», – заявіў ён.

Падобна, што размяшчаюцца расейскія вайскоўцы ў асноўным здалёк ад мяжы з Украінай. У публічнай прасторы раней з’яўлялася інфармацыя пра выкарыстанне палігонаў «Абуз-Лясноўскі» (Баранавіцкі раён), «Лепельскі» (Лепельскі раён), «Лосвіда» (Віцебскі раён) і «Асіповіцкі» (Магілёўшчына).

Але расейскія вайскоўцы таксама прысутнічаюць у Гомельскай вобласці, у прыватнасці на базе «Зябраўка». Прычым увосень іх стала болей. Таксама расейцы заўважаныя ў Мазырскім раёне. Выданне «Флагшток» нядаўна высветліла, што там застаюцца байцы 36-й асобнай Лазоўскай мотастралковай брыгады. Праўда, яны з’явіліся ў Беларусі яшчэ ў пачатку вайны.

Колькі цяпер расейскіх вайскоўцаў у Беларусі і ці дастаткова іх для наступу?

Украінскае камандаванне падкрэслівае: прыкметаў фармавання магутнай наступальнай групоўкі на гэты момант няма, хаця назапашванне саюзных войскаў працягваецца. Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі (ГУР) Міністэрства абароны Украіны Вадзім Скібіцкі 30 лістапада заявіў, што агулам у Беларусі сканцэнтраваныя каля 9 тысячаў расейскіх жаўнераў. Пры гэтым 30 кастрычніка ў ГУР ацэньвалі колькасць расейскай групоўкі на 4300 байцоў,  то бок за месяц яна павялічылася больш як удвая. (Заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба ў эфіры «Белсату» 4 снежня заявіў, што ацэньвае расейскія сілы ў Беларусі на 30–32 тысячы, але няясна, на чым грунтуюцца высновы, гэта моцна разыходзіцца з лічбамі ад ГУР).

Цяперашнія ацэнкі ГУР супадаюць з першапачатковаю заяўленаю колькасцю расейскіх сілаў у Беларусі. Нагадаем: у пачатку кастрычніка ў беларускім Міністэрстве абароны казалі, што з Расеі ў межах разгортвання рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ) прыбудуць 9 тысяч вайскоўцаў, 170 танкаў, да 200 браняваных машынаў ды каля 100 гарматаў і мінамётаў. Разам з тым падкрэслівалася, што склад групоўкі можа быць скарэктаваны з улікам сітуацыі. У прыватнасці адносна тэхнікі карэктаванне ўжо адбылося: у канцы лістапада неафіцыйны канал беларускіх чыгуначнікаў @belzhd_live паведаміў, што ў Баранавіцкі раён з Расеі прыбылі не менш за 15 адзінак ЗРК «Тор-М2» і 10 адзінак інжынернай тэхнікі. З’яўлення «Тор-М2» раней не анансавалі.

У канцы кастрычніка начальнік ГУР Кірыла Буданаў адзначаў, што пагроза ўдару з боку Беларусі па Заходняй Украіне можа павялічыцца пасля вываду расейскай групоўкі з-пад Херсону. Частку сілаў пасля гэтага могуць перакінуць на беларускую тэрыторыю. Вызваленне Херсону адбылося 11 лістапада. Аднак на гэты момант няма пацверджаных звестак, што расейскія падраздзяленні з Херсонскай вобласці скіравалі ў Беларусь. Пакуль ёсць інфармацыя пра з’яўленне некаторых аддзелаў херсонскай групоўкі на Данбасе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міністры абароны Расеі і Беларусі: Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін у Менску. 3 лютага 2022 года.
Фота: Belarusian Defense Ministry / TASS / Forum

Асобнае пытанне – узровень падрыхтаванасці расейскіх войскаў у Беларусі. Факт перакідвання ў Беларусь не кантрактнікаў, а мабілізаваных першапачаткова некаторыя назіральнікі лічылі сведчаннем таго, што актыўных дзеянняў на беларускім кірунку не плануюць. Але гэты фактар нівелюецца з цягам часу. Мабілізаваныя расейцы, якія трапілі ў Беларусь, атрымалі магчымасць нармальна падрыхтавацца – іхнае трэнаванне цягнецца ўжо амаль два месяцы. Гэта час, за які тэарэтычна можна стварыць з прызваных у войска рэзервістаў больш-менш баяздольнае падраздзяленне (гэтыя тэрміны ў пачатку мабілізацыі называлі як праўладныя, так і незалежныя расейскія эксперты). Сяргей Шайгу падчас візіту ў Менск 3 снежня станоўча ацаніў вынікі рыхтавання расейцаў у Беларусі: «Як мне сказаў міністр абароны і наш намеснік камандуючага сухаземнымі войскамі, гэта ўжо падобна да воінства, якое можа выконваць задачы».

Разам з тым не факт, што пасля завяршэння рыхтавання расейскіх жаўнераў не скіруюць на іншыя ўчасткі фронту. Такую імавернасць дапускаюць у Генеральным штабе Украіны. «Чакаецца перакідванне асобных падраздзяленняў праціўніка з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пасля набыцця імі баявых магчымасцяў», – адзначалі ў зводцы Генштабу 28 лістапада. У ГУР казалі, што не выключаюць перакідвання расейскіх сілаў з Беларусі на харкаўскі кірунак.

Што з мабілізацыяй у Беларусі?

Дзевяці тысяч жаўнераў Расеі наўрад ці хопіць для самастойнага наступлення на Кіеў ці захад Украіны. Для параўнання: напярэдадні ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года NATO ацэньвала колькасць расейскіх сілаў у Беларусі на 30 тысяч вайскоўцаў. Акрамя таго, гэта было менавіта прафесійнае войска, і яны да таго ж мелі на сваім баку эфект нечаканасці, на які цяпер не варта разлічваць. Але нават у такіх умовах наступ скончыўся поўнаю паразаю расейскага боку.

Як мінімум колькасна, з гледзішча Масквы, сітуацыя можа быць палепшаная за кошт уцягвання ў канфлікт беларускай арміі. У кантэксце гэтай пагрозы асаблівую ўвагу варта надаць пытанню мабілізацыі, бо без мабілізацыі Беларусь наўрад ці будзе здольная весці вялікую вайну. «Мабілізацыя для нашай рэспублікі вельмі важная, хаця б з таго пункту гледжання, што мы ж не трымаем арміі ў маштабах, патрэбных для адбіцця агрэсіі», – заявіў нядаўна міністр абароны Віктар Хрэнін.

Аб’ектыў
Да чаго рыхтуюцца беларускія ваенкаматы?
2022.11.16 22:06

Вялікае мабілізацыйнае правяранне пачалося на загад Лукашэнкі яшчэ ў верасні. Беларусам па ўсёй краіне прыходзяць позвы ў ваенкаматы: спачатку іх выклікаюць для ўдакладнення звестак, але потым некаторых забіраюць на кароткатэрміновыя зборы. На прадпрыемствах і ў арганізацыях збіраюць інфармацыю пра ваеннаабавязаных, рыхтуюць адпаведныя спісы. Паводле крыніцаў «Белсату», цяпер у некаторых раёнах Менску ўчастковыя нават ходзяць па кватэрах і перапісваюць звесткі такіх асобаў.

30 лістапада ў абаронным ведамстве заявілі, што пачаўся другі этап мабілізацыйнага правярання, які будзе праводзіцца «беспасярэдне ў камісарыятах і сельскіх выканаўчых камітэтах». Пры гэтым у міністэрстве падкрэсліваюць: на цяперашні момант ужо больш за 70 % ваеннаабавязаных (больш за мільён) узялі ўдзел у захадах спраўджання ўліковых звестак. Да канца года плануецца цалкам завершыць правяранне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы бяруць удзел у вучэннях на мяжы з Беларуссю ў Чарнігаўскай вобласці. 30 верасня 2022 года.
Фота: Глеб Гараніч / Reuters / Forum

Некаторыя выданні ды аналітыкі ў кастрычніку выказвалі меркаванні, што схаваная мабілізацыя ў Беларусі ўжо пачалася. Але падобна на тое, што яны ўсё ж памыліліся. Сэнс класічнай схаванай мабілізацыі заключаецца ў тым, каб прызваць людзей на вайсковыя зборы і не адпускаць іх, пакуль не пачнецца вайна. Але на сёння няма звестак, што прызыў на зборы набыў у Беларусі надзвычайныя маштабы, а самі зборы маюць бестэрміновы характар. Праўдападобна, цяперашняе правяранне – гэта падрыхтоўка да магчымай мабілізацыі, маштабнае тэставанне мабілізацыйнай сістэмы. Фактычна пра гэта з самога пачатку казаў Лукашэнка, які 4 кастрычніка заклікаў сваіх генералаў улічыць памылкі расейскай мабілізацыі.

Віктар Хрэнін нядаўна заявіў у інтэрв’ю «СБ. Беларусь сегодня», што ў Беларусі неўзабаве будуць унесеныя змены ў заканадаўства з улікам расейскага досведу мабілізацыі. Праўда, не патлумачыў, якія менавіта. Таксама Хрэнін паведаміў, што цяпер распрацоўваюцца прававыя асновы для арганізацыі «народнага апалчэння».

Тым часам вучэнні беларускага войска, якія ўжо даўно набылі перманентны характар, зноў працягнутыя – мінімум да 12 снежня.

Палітычны складнік: ціск Крамля

3 снежня Беларусь нечакана наведаў міністр абароны РФ Сяргей Шайгу. У Менску ён і Хрэнін падпісалі пратакол аб унясенні зменаў у пагадненне між Беларуссю і Расеяй пра супольнае запэўніванне рэгіянальнай бяспекі, а таксама правёў перамовы з самаабвешчаным кіраўніком Беларусі. Лукашэнка запэўніў расейскага міністра, што беларусы зробяць усё, што павінны зрабіць «па дамове адкрытай і рэальнай». «Вы ў гэтым не сумнявайцеся. Мы тут у кусты не хаваемся», – запэўніў ён. Пры гэтым змест падпісанага 3 снежня пратаколу застаецца таямніцаю.

Некаторыя аналітыкі ўспрынялі візіт Шайгу ў Беларусь як трывожны сігнал. Апытаны «Белсатам» вайсковы эксперт выказаў меркаванне, што міністр прывёз Лукашэнку асабістае пасланне ад Уладзіміра Пуцінам наконт планаў Расеі на зімовую ваенную кампанію. «Магчыма, пра тое, ці будзе выкарыстаны беларускі плацдарм расейскімі войскамі для нанясення ўдараў па Украіне», – адзначыў эксперт.

Каментар
Вайсковы эксперт: «Шайгу прывёз пасланне ад Пуціна»
2022.12.03 21:26

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што візіт расейскага міністра меў на мэце націснуць на рэжым Лукашэнкі, каб ён і далей падтрымліваў наступальную кампанію Расеі ва Украіне. Раней Інстытут вывучэння глабальных пагрозаў і дэмакратыяў імя Робэрта Лэнсінга апублікаваў матэрыял, дзе са спасылкаю на ананімныя крыніцы сцвярджалі, што Крэмль пастанавіў пайсці на радыкальны сцэнар уцягвання Беларусі ў канфлікт з Украінай, і гэты сцэнар нават прадугледжвае ліквідацыю Лукашэнкі. Публікацыя артыкулу супала з раптоўнаю смерцю кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея, што прывяло да з’яўленне шэрагу канспіралагічных версіяў, якія пакуль не знайшлі ніякіх пацверджанняў.

Hавiны
«Bellingcat» возьмецца даследаваць прычыны смерці Макея, бо ёсць «некалькі дзіўных супадзенняў»
2022.12.04 10:14

Пакуль пагрозы няма, але ў пачатку 2023-га сітуацыя можа змяніцца

Гэтак, цяперашняя сітуацыя можа ацэньвацца даволі амбівалентна.

З аднаго боку, сапраўды няма падставаў казаць, што рызыка ўступлення Беларусі ў вайну істотна павялічылася за апошнія тыдні. Мабілізацыя ў Беларусі не пачалася, а расейская групоўка на беларускай тэрыторыі яшчэ заслабая, каб узяць на сябе ўвесь цяжар наступальнай аперацыі. І заходнія аналітыкі, і ўкраінскае камандаванне лічыць імавернасць уступлення Беларусі ў вайну вельмі нізкай, найперш праз магчымыя ўнутрыпалітычныя наступствы для рэжыму Лукашэнкі. Чуткі пра ўварванне беларускай арміі ў Кіеве часам называюць інфармацыйнаю спецаперацыяй, мэта якой – адцягнуць сілы ЗСУ з фронту і пасеяць паніку.

«Мы не кажам, што ад Лукашэнкі няма пагрозы, яна ёсць, Лукашэнка дапамагае Пуціну… Але казаць пра тое, што найбліжэйшым часам адбудзецца поўнамаштабнае ўварванне і ўцягванне Беларусі ў наземную аперацыю, сёння мы не можам», – заявіў у канцы лістапада прадстаўнік ГУР Андрэй Юсаў.

З іншага боку, цяпер рызыка з’яўлення беларускага фронту ўсё ж вышэйшая, чымся ў пачатку восені або ўлетку 2022 года. У Беларусі ўжо часткова разгорнута РГВ, мабілізаваныя расейцы прайшлі пэўную падрыхтоўку, а колькасці групоўкі можа быць бліжэйшымі месяцамі дадаткова павялічаная. Калі разглядаць цяперашнюю мабілізацыйную праверку ў Беларусі як рыхтаванне да рэальнай мабілізацыі, то ўжо ў студзені – лютым, імаверна, для гэтага будзе ўсё гатова. Застанецца толькі прыняць палітычнае рашэнне.

Пры гэтым, паводле інфармацыі некаторых медыяў, на люты – сакавік Крэмль плануе «новае поўнамаштабнае наступленне» супраць Украіны. Калі арыентавацца на гэтыя тэрміны, то варта прызнаць, што для выхаду на беспасярэднюю гатовасць да гіпатэтычнага ўварвання з тэрыторыі Беларусі часу яшчэ хапае.

Hавiны
Украіна зладзіла вайсковыя вучэнні ля беларускай мяжы. Магчымы наступ ворага – адбіты
2022.12.04 15:52

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў