news
Аналітыка
Хусіты спыняюць Чырвонае мора, а ЗША збіраюць кааліцыю. Як гэта ўдарыць па гаманцах і свеце
У дзейнасці хусітаў можа быць зацікаўленая Расея.
27.12.202315:10

Еменскія хусіты ўжо тры месяцы, нягледзячы на сваю аддаленасць ад Ізраілю, вядуць супраць яго баявыя дзеянні. І пакуль у самім Ізраілі вайсковых атак практычна не адчуваюць, з праблемамі сутыкнуліся гандлёвыя пастаўкі паміж рознымі кантынентамі. Ці знойдзе свет адказ на новыя выклікі 2023 года?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Еменскія шыіты-хусіты скандуюць лозунгі падчас акцыі пратэсту супраць блізкаўсходняга плану прэзідэнта ЗША ў Сане, Емен. 31 студзеня 2020 года.
Фота: Hani Mohammed / AP Photo / East News

7 кастрычніка палестынская групоўка «Хамас» учыніла тэрарыстычны напад на Ізраіль, які ў адказ пачаў наземную аперацыю ў сектары Газа. На гэтым тле пра баявую аперацыю на «падтрыманне палестынскага народу» абвесцілі еменскія хусіты. Так называюць вайскова-палітычную групоўку «Ансар Алах». Яна кантралюе значную частку тэрыторыю Емену і прадстаўляе інтарэсы шыіцкай секты зэйдытаў.

Хусіты ўваходзяць у «вось супраціву» – неафіцыйны альянс Ірану і праіранскіх груповак на Блізкім Усходзе («Хамас» і «Хізбула» таксама ў восі). Часам праціўнікі хусітаў называюць іх «марыянеткамі Ірану». Іран фінансуе і пастаўляе зброю хусітам, яны шчыльна супрацоўнічаюць на ўзроўні спецслужбаў. Самыя ж хусіты агрэсіўна настроеныя супраць ЗША і Ізраілю, дэманізуюць і дэгуманізуюць гэтыя краіны.

Аналітыка
Чаму хусіты далучыліся да вайны супраць Ізраілю, і хто яны такія
2023.11.03 08:00

Аднак з самім Ізраілем Емен не мяжуе, іх падзяляюць каля 2000 км. Атакаваць Ізраіль хусіты могуць толькі дыстанцыйна – ракетамі і беспілотнікамі. Свае ракеты і дроны хусіты пачалі запускаць 19 кастрычніка, але іх перахоплівалі амерыканскія караблі і ізраільская СПА.

Тады хусіты паабяцалі атакаваць у Чырвоным моры ізраільскія караблі. У гэтым ім спрыяе тое, што менавіта каля берагоў Емену найвузейшае месца ў Чырвоным моры, што злучае яго з Індыйскім акіянам – Баб-эдь-Мандэбскі праліў.

Агулам з 19 лістапада да 26 снежня хусіты атакавалі 15 караблёў, якія ішлі пад сцягамі Багамскіх астравоў, Габону, Гон-Конгу, Кайманавых астравоў, Ліберыі, Мальты, Маршалавых астравоў, Нарвегіі і Панамы. Былі пашкоджаныя шэсць суднаў, двое – захопленыя. Адзін карабель з экіпажам 25 асобаў дагэтуль застаецца ў руках захопнікаў.

Хусіты лічаць легітымнымі цэлямі ўсе караблі, што накіроўваюцца ў Ізраіль, незалежна ад таго, якая краіна іх уласнік. Гэта, на іхную думку, дэманструе падтрыманне палестынцаў.

Наколькі небяспечныя атакі

Паводле розных ацэнак, доля Суэцкага каналу ў міжнародным гандлі складае ад 7 да 12 %.

Хусіты захопліваюць грузавы карабель «Galaxy Leader», саўладальнікам якога ёсць ізраільская кампанія, у Чырвоным моры. 20 лістапада 2023 года.
Фота: Houthis Media Center / Handout / Anadolu Press / East News

«Лічба аграмадная. І ЗША, і Кітай нясуць страты праз немагчымасць выкарыстоўваць Суэцкі канал. Я ўжо маўчу пра Егіпет, які вельмі моцна залежыць ад працы каналу і ад таго, колькі грошай ён дае гэтай краіне. Ізраіль часткова таксама губляе, бо прыкладна траціна грузаў Ізраілю праходзіць праз затоку, што вядзе ад Чырвонага мора», – заявіў у эфіры «Вот Так» украінскі эканаміст Іван Ус.

З прычыны атак хусітаў некалькі найбуйнейшых лагістычных кампаніяў свету ўжо былі вымушаныя або прыпыніць перавозкі, або змяніць маршрут. Сярод іх дацкая «Maersk», нямецкая «Hapag-Lloyd», швейцарская «MSC», французская «CMA CGM» і гон-конгская «OOCL». Разам гэта больш як 40 % міжнародных кантэйнерных перавозак.

«Ніхто не жадае трапляць у рэгіён, выбар суднаў малы, стаўкі растуць. Судаўладальнікам, вядома, страшна – трэба наймаць яшчэ больш аховы, але існуе думка, што хусіты адсочваюць па онлайн-мапах судны пад ізраільскім сцягам, ці хто заходзіў у ізраільскія парты на выгрузку, пагрузку, бункераванне. Такія судны нават не спрабуюць ісці праз Баб-эль-Мандэб‍», – распавёў «Белсату» эксперт у лагістычнай галіне.

Як піша «Bloomberg», дастаўка тавараў у абыход Чырвонага мора праз Афрыку павялічвае кошт кожнай перавозкі на $ 1 млн. А час дастаўкі вырастае ад сямі да дзесяці дзён. Акрамя гэтага, праз павелічэнне попыту, які выкліканы перанакіраваннем судоў вакол Афрыкі, растуць і кошты на нафту.

Шведская кампанія «IKEA» ўжо заяўляе, што сутыкаецца з праблемамі ў пастаўках некаторых тавараў. Такая ж сітуацыя з амерыканскім рэтэйлерам адзення «Abercrombie & Fitch», які плануе замяніць марскую дастаўку грузаў авіяцыйнай.

Да таго ж, адзначыў прадстаўнік лагістычнай галіны, егіпцяне анансавалі павышэнне коштаў праходу праз Суэцкі канал з новага года:

«Суэц дарагі і будзе даражэць‍».

Іншы прадстаўнік лагістычнай галіны распавёў «Белсату», што вынікам атак стане рост коштаў дастаўкі тавараў не толькі морам, але і наземным шляхам – чыгуначным ці цяжкавікамі, асабліва з Кітаю ў Еўропу. У выніку сваю выгаду можа атрымаць і Менск, бо менавіта праз Беларусь кітайскія тавары трапляюць чыгункай у Еўразвяз.

Аналітыка
Кітай штурхае Лукашэнку мірыцца з Польшчай? Наколькі важны беларускі транзіт для Пекіну
2023.12.07 09:16

«Усё, што па зямлі, будзе даражэй‍шым. Суадносна можа і абʼём павялічыцца», – тлумачыць лагіст.‍

Тым не менш, ягоны калега мяркуе, што праблемы з праходам праз Суэцкі канал не надоўга, бо «піратаў размажуць»‍:

«І не толькі ЗША‍. Усе зацікаўленыя ў бяспецы праходу па Чырвоным моры‍. Я думаю, там можа атрымацца міжнародная каардынацыя ў гэтай справе‍».

Што з гэтым можна зрабіць?

Злучаныя Штаты яшчэ на пачатку снежня заявілі, што напады хусітаў «уяўляюць сабой наўпроставую пагрозу міжнароднаму гандлю і марской бяспецы». А 18 снежня міністр абароны ЗША Лойд Остын абвесціў пра пачатак аперацыі «Вартавы росквіту» – «важнай новай шматнацыянальнай ініцыятывы» для гарантавання бяспекі ў Чырвоным моры.

«Нядаўняя эскалацыя безразважных нападаў хусітаў з Емену пагражае свабоднай гандлёвай навігацыі, ставіць пад пагрозу нявінных маракоў і парушае міжнароднае права», – заявіў міністр.

Паводле Лойда, у аперацыі пад эгідай ЗША будуць задзеяныя Вялікая Брытанія, Бахрэйн, Іспанія, Італія, Канада, Нарвегія, Нідэрланды, Сейшэльскія астравы і Францыя. Да іх пазней далучыліся Аўстралія, Грэцыя і іншыя краіны. Некаторыя з іх караблёў ужо дзеюць у Чырвоным моры.

За развязанне крызісу ў Чырвоным моры выступіў і Кітай, што, праўда, не абазначае яго непасрэднага ўдзелу ў міжнароднай аперацыі.

«Чырвонае мора ёсць важным міжнародным гандлёвым маршрутам для тавараў і энерганосьбітаў. Абарона бяспекі і стабільнасці рэгіёну служыць агульным інтарэсам міжнароднай супольнасці. Кітай выступае за абарону бяспекі міжнародных марскіх шляхоў і супраць нанясення турботы цывільным суднам. Мы лічым, што адпаведныя бакі, асабліва ўплывовыя краіны, павінны гуляць канструктыўную і адказную ролю ў гарантаванні бяспекі марскіх шляхоў у Чырвоным моры», – заявіў 21 снежня афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Ўан Ўэнь Бінь.

Аднак прадстаўнікі хусітаў заявілі, што не спыняць аперацыяў, «нават калі Амерыка мабілізуе ўвесь свет». Паводле іх, атакі на судны ў Чырвоным моры спыняцца, «толькі калі Ізраіль спыніць свае злачынствы» ў сектары Газа, а «харчаванне, медыкаменты і паліва паступяць да абложанага насельніцтва».

Як заявіў 21 снежня прэс-сакратар Пэнтагону Пэт Райдэр, сілы міжнароднай кааліцыі будуць выконваць ролю дарожнага патруля ў Чырвоным моры і Адэнскім заліве, каб рэагаваць і пры неабходнасці аказваць дапамогу камерцыйным судам. Апроч караблёў, будзе задзеяны і авіяцыйны складнік.

«Вельмі важна разумець, што хусіты нападаюць не толькі на адну краіну, яны насамрэч нападаюць на міжнародную супольнасць. Яны нападаюць на эканамічны дабрабыт і росквіт краінаў ва ўсім свеце. То бок, па сутнасці, яны сапраўды сталі бандытамі на міжнароднай шашы, якой ёсць Чырвонае мора», – заявіў Райдэр.

Генерал Джоўзэф Воўтэл, які кіраваў Цэнтральным камандаваннем Збройных сілаў ЗША з 2016 да 2019 года, распавёў «The War Zone», што міжнародныя сілы «нададуць суднаходнай галіне ўпэўненасць у тым, што яны змогуць бяспечна прайсці гэты крытычна важны водны шлях». На ягоную думку, кааліцыя надасць «не толькі абарончы патэнцыял, але і наступальныя інструменты ў выпадку, калі мы вырашым, што нам трэба нанесці зваротны ўдар па пазіцыях і магчымасцях хусітаў, якія пагражаюць свабоднаму патоку гандлю праз Чырвонае мора».

Захоплены еменскімі хусітамі грузавы карабель «Galaxy Leader», саўладальнікам якога ёсць ізраільская кампанія, у Чырвоным моры. 20 лістапада 2023 года.
Фота: Houthis Media Center / Handout / Anadolu Press / East News

Аднак застаецца адкрытым пытанне, калі міжнародная кааліцыя ўсё ж здолее гарантаваць бяспеку ў Чырвоным моры.

«Я думаю, што міжнародная супольнасць суднаходства хоча разумець часавыя рамкі, – сказаў Джошуа Гатчынсан, кіраўнік аддзелу рызык і разведкі фірмы марской бяспекі «Ambrey». – Дзе будуць базавацца гэтыя сродкі? Праз які час яны зʼявяцца? Якія вобласці яны ахопяць? Якой адлегласці яны здольныя дасягаць?»

Аперацыя не будзе простай

У 2000–2010-я гады ў Баб-эль-Мандэбскім праліве ўжо актыўнічалі самалійскія піраты, якія атакавалі караблі з іншага берагу. Аб’яднаная аперацыя NATO супраць іх цягнулася сем гадоў. Аднак, у адрозненне ад неарганізаваных самалійцаў з аўтаматамі на маторных лодках, збройныя атрады хусітаў, паводле некаторых ацэнак, могуць складаць да паўмільёна чалавек. На іх узбраенні балістычныя і крылатыя ракеты, беспілотнікі-камікадзэ «Shahed 136» ды іншая сучасная зброя. З 2015 года з еменскімі хусітамі ваявала суседняя Саудаўская Аравія. Яна панесла вялікія страты, але поспеху ў гэтым супрацьстаянні так і не здабыла.

Ілія Куса, аналітык Украінскага інстытуту будучыні, адзначае, што «Іран абраў добры таймінг пачаць гэтую праблему з Чырвоным морам». Цяпер у Емене паміж рознымі бакамі грамадзянскага канфлікту, у які былі зацягнутыя розныя вонкавыя сілы, дзейнічае рэжым спынення агню. Яго ўдалося дасягнуць «амаль што вар’яцкімі намаганнямі», і замарожванне канфлікту задавальняе ўсіх. І суседняя Саудаўская Аравія, якая з 2015 года ваявала супраць хусітаў, не хоча зноў пачынаць вайну і «падстаўляцца». А Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, паводле Кусы, хоць і не супраць вайны з хусітамі, але не хочуць псаваць стасункаў з саудаўцамі.

«Ніхто не хоча аднаўлення вайны ў Емене з гуманітарных прычынаў. Гэта непапулярная вайна, ніхто не хоча новай хвалі ўцекачоў», – сказаў Куса.

Таму, на ягоную думку, застаюцца толькі тры варыянты. Па-першае, весці перамовы наўпрост з хусітамі, што і робяць ЗША з дапамогай Аману, «але гэта цяжка, бо яны патрабуюць, каб Ізраіль спыніў вайсковыя дзеянні ў сектары Газа». Другі варыянт – паабяцаць хусітам нешта адносна сітуацыі ўнутры Емену, што наўпрост не звязанае з Ізраілем. А трэці – правесці супольную аперацыю супраць хусітаў разам з хаўруснікамі, «але, відавочна, на наземнае ўварванне ніхто не пойдзе». Авіяўдары ж наўрад ці знішчаць увесь іх вайсковы патэнцыял. Таксама застаецца нявырашаным пытанне хаўруснікаў.

«Калі арабскія краіны падтрымаюць ЗША супраць еменскіх хусітаў у кантэксце Ізраілю, яны рызыкуюць зрабіцца ў вачах арабскай вуліцы калабарантамі», – адзначыў палітолаг.

Агулам, на ягоную думку, сітуацыя пойдзе паводле трэцяга сцэнара, але ў «лайтовай версіі», пакуль Ізраіль не зменшыць сваёй ваеннай актыўнасці ў сектары Газа.

Пры гэтым, на думку эканаміста Івана Уса, у дзейнасці хусітаў можа быць зацікаўленая Расея, якой патрэбныя высокія кошты на нафту і глабальная дэстабілізацыя, бо «чым больш агмянёў успыхвае ва ўсім свеце, тым больш на іх адцягваюцца ЗША і менш дапамагаюць Украіне».

Аналітыка
Дрэнны прыклад заразлівы. Як Расея можа ўцягнуць свет у трэцюю сусветную
2023.12.19 07:02

Макар Мыш belsat.eu