Рызыкі растуць. Тлумачым, што адбываецца ў вайне Ізраілю і «Хамасу»


Пасля амаль тыднёвага перамір’я, падчас якога была вызваленая частка закладнікаў, Ізраіль не толькі аднавіў ваенную аперацыю ў сектары Газа, але і пашырыў яе. Адначасова актывізаваліся еменскія хусіты, атакаваўшы камерцыйныя караблі ў Чырвоным моры. Апошнія падзеі зноў робяць актуальнаю пагрозу сур’ёзнай эскалацыі канфлікту на Блізкім Усходзе.

Ізраільская армія працягвае размяшчаць верталёты, танкі і бранятэхніку каля мяжы з сектарам Газа. 2 снежня 2023 года.
Фота: Mostafa Alkharouf / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Цагаль ідзе на поўдзень

4 снежня начальнік Генеральнага штабу Цагалю Гэрцль Галеві заявіў, што Ізраіль пашырае наземную аперацыю на паўднёвую частку сектару Газа. Ізраільскія вайскоўцы абяцаюць, што аперацыя будзе не менш магутная, чымся на поўначы анклаву.

Фактычна баявыя дзеянні былі перанесеныя на поўдзень яшчэ ў канцы мінулага тыдня: медыі паведамлялі пра авіяўдары ў паўднёвых частках сектару Газа, а ізраільскія танкі былі заўважаныя побач з горадам Хан-Юніс. Лічыцца, што ў Хан-Юнісе хаваецца найвышэйшае кіраўніцтва «Хамасу», уключаючы іх лідара Ях’ю Сінўара. Таксама тэрарысты, імаверна, утрымліваюць у гэтым паселішчы ізраільскіх закладнікаў.

«Ізраільская армія будзе дзеяць паводле таго ж алгарытму, што і на поўначы: гэта значыць, разразаць горад, дзяліць яго на кварталы і зачышчаць», – адзначыў усходазнаўца, намеснік дырэктара ўкраінскага Цэнтру блізкаўсходніх даследаванняў Сяргей Данілаў у эфіры праграмы «Вось так».

Пашырэнне наземнай аперацыі – важны этап развіцця цяперашняга канфлікту. Рэч у тым, што ў кастрычніку Ізраіль заклікаў цывільнае насельніцтва сектару Газа эвакуявацца на поўдзень анклаву, каб не зрабіцца ахвярамі баявых дзеянняў. У выніку сотні тысячаў жыхароў паўночнай часткі сапраўды перамясціліся на поўдзень.

Незадоўга да пачатку наземнай аперацыі вайсковы гісторык, выкладчык Тэль-Авіўскага ўніверсітэту Якаў Фалькоў у інтэрв’ю «Белсату» выказаў думку, што ў гэтых умовах Ізраіль, хутчэй за ўсё, не пойдзе на шырокамаштабны ўвод войскаў у паўднёвую частку сектару Газа, бо гэта можа прывесці да каласальных чалавечых ахвяраў, што непазбежна выкліча рэзка негатыўную рэакцыю міжнароднай супольнасці.

Hавiны
«Хамас» заявіў пра гібель траіх закладнікаў, у тым ліку 10-месячнага немаўляці
2023.11.29 19:51

Цяпер Цагаль заяўляе, што будзе дзеяць на поўдні гэтак сама, як і на поўначы. З аднаго боку, гэты крок выглядае лагічным і непазбежным, калі Ізраіль настойвае на поўным знішчэнні «Хамасу». З другога боку, у рэалістычнасць гэтай задачы вераць далёка не ўсе, і таму мэтазгоднасць пашырэння наземнай аперацыі ставіцца на Захадзе пад сумнеў. «Поўнае знішчэнне «Хамасу» – што гэта такое? Хто-небудзь думае, што гэта магчыма? Калі гэта і ёсць мэтаю, то вайна працягнецца дзесяць гадоў… Таму гэтая мэта павінна быць канкрэтызаваная», – заявіў на выходных прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен падкрэсліў, што Ізраілю «належыць зрабіць больш эфектыўныя крокі для абароны жыцця мірнага насельніцтва, у прыватнасці, дакладна акрэсліваць раёны ў цэнтры і на поўдні сектару Газа, дзе людзі могуць быць у бяспецы і за межамі лініі агню». Міністр абароны ЗША Лойд Остын 3 снежня таксама заявіў, што Ізраіль мусіць прыкласці ўсе сілы для таго, каб максімальна абараніць цывільнае насельніцтва. Ён адзначыў, што ў адваротным выпадку Ізраіль рызыкуе пераўтварыць тактычную перамогу ў стратэгічную паразу. Улічваючы, што заява прагучала з боку галоўнага саюзніка Ізраілю, яе варта лічыць вельмі сур’ёзным папярэджаннем.

Берлін таксама заклікаў Ізраіль абараніць цывільнае насельніцтва сектару Газа. «Занадта шмат мірных жыхароў ужо загінула ў гэтай вайне», – заявілі ў МЗС Нямеччыны.

Дылема вайны

Ізраіль сапраўды робіць пэўныя крокі, каб знізіць страты сярод цывільнага насельніцтва. Ізраільскія вайскоўцы стараюцца загадзя папярэджваць жыхароў аб тым, якія мясціны ім трэба пакінуць у сувязі з баявымі дзеяннямі, арганізоўваюць для іх гуманітарныя калідоры.

Жанчыны з дзецьмі ўцякаюць з усходу на захад ад Хан-Юнісу падчас ізраільскага бамбавання. Хан-Юніс, сектар Газа. 2 снежня 2023 года.
Фота: Fatima Shbair / AP Photo / East News

«Відаць, насельніцтва будуць перамяшчаць, як у шахматах, – мяркуе ўсходазнаўца Сяргей Данілаў. – Кагосьці на поўнач адправяць. І гэтак па коле мірнае насельніцтва будзе перамяшчацца, відаць, у нейкіх часовых лагерах жывучы на гэтым невялікім кавалачку зямлі. Пакуль гэта ўяўляецца адзіным магчымым варыянтам. Але гэта страшная сітуацыя, якая будзе ціснуць на палітычнае кіраўніцтва Ізраілю, даваць нагоды і для сяброў, і для ворагаў ставіць пытанне аб лёсе цывільнага насельніцтва ў сектары Газа».

Праваабаронцы «Human Rights Watch» выступілі з крытыкай умоваў і механізмаў эвакуацыі цывільнага насельніцтва, якія прапаноўвае Ізраіль. Папярэджанні, што распаўсюджвае Цагаль, праваабаронцы лічаць проста неэфектыўнымі. «Ізраільскія вайскоўцы размясцілі ў сацыяльных сетках QR-коды, прапаноўваючы людзям, у якіх няма электрычнасці або інтэрнэту, нейкім чынам адсканаваць штрыхкод, каб даведацца, куды ім трэба накіроўвацца», – сцвярджае праграмная дырэктарка HRW Сары Башы.

Заўвагі праваабаронцаў прымушаюць задумацца не столькі пра стараннасць уладаў Ізраілю ў абароне мірнага насельніцтва, колькі пра тое, наколькі ў прынцыпе магчыма ва ўмовах шчыльна населеных частак сектару Газа пазбегчы вялікіх стратаў сярод цывільных.

«Давайце выкажам здагадку, што Ізраіль паабяцаў ЗША адпраўляць цывільных палестынцаў у пэўныя раёны, дзе яны будуць у бяспецы. У такой інтэнсіўнай вайне, якую вядзе Ізраіль, – з ужываннем танкаў, авіяцыі і цяжкай артылерыі – значна лягчэй уявіць сабе, чаму гэты план праваліцца, чым разлічваць на яго поспех.

Калі Ізраіль пяройдзе да больш ашчаднай тактыкі баявых дзеянняў і ізраільскія войскі адмовяцца ад той шматслойнай абароны, пад прыкрыццём якой яны дзеюць цяпер, яны, хутчэй за ўсё, пачнуць несці значна большыя страты, чым да гэтага часу», – заўважыў міжнародны рэдактар Бі-Бі-Сі Джэрэмі Боўэн.

Пакуль страты Цагалю ў наземнай аперацыі застаюцца невысокімі: станам на 4 снежня загінулі 75 жаўнераў, у тым ліку пяцёра з іх за апошнія двое содняў.

Атака ў Чырвоным моры

Рэзкія заўвагі з боку афіцыйных асобаў ЗША адлюстроўваюць занепакоенасць Белага дому развіццём сітуацыі на Блізкім Усходзе. Злучаныя Штаты па-ранейшаму падтрымліваюць ваенную аперацыю Ізраілю, але пры гэтым імкнуцца не дапусціць уцягвання ў вайну новых суб’ектаў і не пасварыцца з сяброўскімі арабскімі краінамі. А павелічэнне стратаў сярод цывільнага насельніцтва сектару Газа можа прывесці якраз да гэтага.

Эскалацыю можа справакаваць і адвольная актывізацыя так званай Восі супраціву – альянсу Ірану і праіранскіх груповак на Блізкім Усходзе.

3 снежня еменскія хусіты ў міжнародных водах Чырвонага мора зладзілі атаку з выкарыстаннем ракетаў і беспілотнікаў на тры камерцыйныя караблі. На дапамогу цывільным караблям прыйшоў амерыканскі эсмінец «Carney» і збіў шэраг дронаў. Камерцыйныя судны атрымалі пашкоджанні. Амерыканскі эсмінец не пацярпеў і не да канца зразумела, ці быў ён увогуле цэллю хусітаў (самі хусіты пра гэта нічога не кажуць).

Злучаныя Штаты паставіліся да сітуацыі вельмі сур’ёзна і паабяцалі разгледзець «усе адпаведныя захады ў адказ». Ці будуць гэтыя захады ўключаць у сябе сілавыя рашэнні – не ўдакладняецца.

«Гэтыя напады ўяўляюць сабой наўпроставую пагрозу міжнароднаму гандлю і марской бяспецы. Яны паставілі пад пагрозу жыццё міжнародных экіпажаў, якія рэпрэзентуюць некалькі краінаў свету. У нас таксама ёсць усе падставы меркаваць, што гэтыя атакі, хоць і здзейсненыя хусітамі ў Емене, цалкам арганізаваныя Іранам», – заявіла цэнтральнае камандаванне Узброеных сілаў ЗША.

Аналітыка
Чаму хусіты далучыліся да вайны супраць Ізраілю, і хто яны такія
2023.11.03 08:00

Еменскія хусіты яшчэ ў канцы кастрычніка афіцыйна абвесцілі вайну і нанеслі некалькі ракетных удараў па Ізраілі. Яны папярэдзілі, што маюць намер атакаваць у Чырвоным моры ўсе караблі, звязаныя з Ізраілем. Паводле Бі-Бі-Сі, з таго часу караблі, якія належаць ізраільскім бізнесоўцам, як мінімум чатыры разы падлягалі нападам з боку групоўкі. Аднак інцыдэнт 3 снежня, безумоўна, найбольш сур’ёзны з іх. Заходнія медыі ўбачылі ў гэтым здарэнні вельмі трывожны сімптом.

«Нядзельны напад падкрэсліў рызыку таго, што супрацьстаянне ў сектары Газа можа перарасці ў больш шырокі канфлікт», – піша «The New York Times».

Фармальна хусіты абвесцілі сваёй мішэнню толькі ізраільскія караблі. Аднак суднаўладальнікі з усіх краінаў сумняюцца ў тым, што хусіты ў прынцыпе здольныя аб’ектыўна вызначыць, каму належыць той ці іншы карабель: правы на плавальны сродак могуць пераходзіць ад аднаго ўласніка да іншага, быць заблытанымі і незразумелымі. Гэта датычыць у тым ліку караблёў, што зрабіліся мішэнню 3 снежня: некаторыя медыі пішуць, што яны нібыта належаць ізраільскім бізнесоўцам, іншыя называюць уласнікамі японскіх і брытанскіх грамадзянаў. А ішлі караблі ўвогуле пад сцягамі Панамы і Багамскім Астравоў.

Іранская пагроза

Пакуль складана сказаць, ці ёсць інцыдэнт у Чырвоным моры прадвеснікам актывізацыі «Восі супраціву».

Агулам праіранскія групоўкі з сярэдзіны кастрычніка правялі дзясяткі дробных атакаў на амерыканскіх вайскоўцаў на Блізкім Усходзе. Праўда, гэтыя напады не мелі сур’ёзных наступстваў і, імаверна, не прывялі да стратаў з амерыканскага боку. Перыядычна ладзяцца атакі на Ізраіль з тэрыторыі Лівану і Сірыі. Гэтак, з боку Лівану 3 снежня адбыўся мінамётны абстрэл пазіцыяў Цагалю, у выніку трое вайскоўцаў атрымалі лёгкія раненні. Абстрэлы і запускі беспілотнікаў адбываліся і 4 снежня. У адказ Ізраіль нанёс авіяўдар па камандным пункце «Хізбулы». Таксама фіксаваліся запускі ракетаў праіранскімі сіламі з тэрыторыі Сірыі.

Усё гэта цяжка назваць паўнавартасным другім фронтам: інтэнсіўнасць іранскіх проксі на сённяшні дзень невысокая. Аднак пагроза маштабнай эскалацыі застаецца актуальнай, асабліва ў святле апошніх падзеяў. Пра што не стамляюцца нагадваць і іранскія ўлады. Кіраўнік МЗС Ірану Гусэйн Амір Абдулахіян прыгразіў 3 снежня, што калі Ізраіль не спыніцца, то «маштабы вайны ў рэгіёне, імаверна, будуць паглыбляцца і пашырацца».

Ізраільскія войскі ў сектары Газа. 4 снежня 2023 года.
Фота: Xinhua / East News

Улады Ізраілю лічаць, што пагроза з боку Ірану і яго сатэлітаў можа набыць форму тэрактаў супраць ізраільцянаў у трэціх краінах. Гэтак, Рада нацыянальнай бяспекі Ізраілю (РНБ) узмацніла жорсткасць папярэджання аб пагрозах паездак прыкладна ў 80 краінаў Еўропы, Паўднёвай Амерыкі, Паўднёвай Афрыкі і ў Аўстралію. «Ніколі не было такога значнага росту ўзроўню пагрозаў – ва ўсялякім разе, у апошнія гады», – цытуе прадстаўніка РНБ «7 канал».

Нявызначанасць будучыні

Пры гэтым застаецца без адказу пытанне аб будучым статусе самога сектару Газа. Яшчэ перад пачаткам наземнай аперацыі медыі звярталі ўвагу на тое, што ў кіраўніцтва Ізраілю няма разумення, хто замест «Хамасу» будзе кіраваць гэтай тэрыторыяй пасля завяршэння вайны. Падобна на тое, што нявызначанасць у гэтым пытанні захоўваецца дасюль.

На мінулым тыдні Ізраіль у непублічным фармаце прапанаваў арабскім дзяржавам стварыць буферную зону ў сектары Газа, каб перадухіліць будучыя напады з боку тэрарыстаў. Пры гэтым не да канца зразумела, як гэта мусіць выглядаць. У інтэрв’ю «The Times of Israel» ізраільскі чыноўнік патлумачыў, што Ізраіль не мае намеру пакідаць войскі ў сектары Газа. Аднак хто тады будзе кантраляваць буферную зону?

Імаверна, маецца на ўвазе размяшчэнне там нейкага міжнароднага кантынгенту. Раней экс-прэм’ер Ізраілю Эгуд Барак заяўляў, што ідэальным выхадам з сітуацыі сталася б патрабаванне з боку ААН і Лігі арабскіх дзяржаваў стварыць арабскую групу для падтрымання парадку ў сектары Газа. Але ахвочых узяць на сябе адказнасць за бяспеку на гэтых тэрыторыях пакуль не бачна.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў