Лукашэнка пагражае ядравай зброяй, але выступае за мір


Ядравы шантаж, заклікі Украіны да перамоваў і магчымасць абмену палітзняволеннымі, – тры асноўныя тэмы, якія вылучыў палітолаг Дзмітрый Балкунец у пасланні Аляксандра Лукашэнкі парламенту і беларускаму народу. «Белсат» паразмаўляў з экспертам. 

Пасланне Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Менск, Беларусь. 31 сакавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

Шантаж ядравай зброяй

Дзмітрый Балкунец адзначыў, што гэта было даволі традыцыйнае выступленне, якое не вылучалася нечым асаблівым, але на тры тэмы ў ім усё ж звярнуў увагу. Першая датычылася размяшчэння ядравай зброі ў нашай краіне.

«На тэрыторыі Беларусі будзе ядравая зброя, якой Лукашэнка хоча кіраваць, – кажа палітолаг. – Магчыма, ён узгадніў такую пазіцыю з Масквой. Я думаю, гэта сігнал для Захаду, што Масква будзе рукамі Лукашэнкі спрабаваць развязаць ядравыя канфлікты на тэрыторыі Еўразвязу. Таму што ў выпадку запуску ядравай зброі з тэрыторыі Беларусі рукамі Лукашэнкі Пуцін будзе звальваць віну на яго, бо Лукашэнка некалькі разоў падкрэсліў, што ўгаворваў Пуціна даць яму ядравую зброю».

Для прымянення гэтай зброі, на думку Дзмітрыя Балкунца, можа быць прыдуманы які-небудзь канфлікт, тэракт, пасля чаго віна будзе звалена на адну з краін Еўразвязу.

Улічваючы, што зона паражэння ракет з ядравымі боегалоўкамі складае каля 500 кіламетраў, палітолаг падкрэслівае, што ў гэтую зону трапляюць Польшча, Україна і ў меншай ступені Літва і Латвія, якія, на думку эксперта, не ўяўляюць вялікай цікавасці для Расеі. «Я думаю, што гэта адзін з планаў Пуціна павысіць свае стаўкі ў гэтай гульні, і яны [разам з Лукашэнкам] будуць пужаць зараз Захад гэтымі ракетамі».

Пуцін з дапамогай ядравай зброі, адзначае эксперт, хоча пракрэсліць чырвоныя лініі ў Еўропе. Ва Украіне яны захраслі, а зараз будуць выкарыстоўваць ядравую зброю, каб з яе дапамогай намаляваць гэтыя самыя лініі. «Яны [Лукашэнка і Пуцін] на гэтым не спыняцца. Трэба разумець, што гэта два вар’яты, якія жывуць у імперыі, у мінулым стагоддзі. Для іх Савецкі Саюз існуе ў галаве, і калектыўны Захад для іх вораг. Таму яны будуць рабіць усё магчымае, каб з гэтым Захадам ваяваць. Гэта людзі вайны, якія не разумеюць мовы дыпламатыі і хочуць размаўляць на мове сілы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sra Megan Estrada / U.S. Air / Zuma Press / Forum

Пры гэтым палітолаг адзначыў, што Захад якраз недаацэньвае такую пагрозу. «Яны не разумеюць, да чаго гэта прывядзе. На жаль, яны прачнуцца, хутчэй за ўсё, калі здарыцца гэты апакаліпсіс. А пакуль гэтыя палітыкі знаходзяцца ў сваіх твітар-пастах, і далей гэтага справа не рухаецца. Хаця, на мой погляд, сёння яшчэ ёсць магчымасць прадухіліць падобны інцыдэнт, падобнае развіццё падзей, але для гэтага павінна быць жорсткая палітычная воля з боку еўрапейскіх краін. Такой волі няма».

На думку Дзмітрыя Балкунца, рэакцыя на гэтыя падзеі магла б быць вельмі простай: «Перакрыць поўнасцю ўвесь грузавы транзіт цераз Беларусь у Еўропу. Гэта была б магутная рэакцыя, якая паўплывала б і на Кітай, і на Расею, і на Беларусь. Таксама гэта была б магчымасць выпусціць палітзняволеных і не дапусціць уводу ядравай зброі ў Беларусь».

«Мы за мір»

Другой важнай тэзай выступлення Лукашэнкі, на думку Дзмітрыя Балкунца, была неабходнасць мірных перамоваў, агучаная ў чарговы раз. «Ён хоча ўсю адказнасць за развязванне вайны павесіць на Украіну і на Захад. Хоча з сябе і з Пуціна зняць адказнасць за тое, што яны развязалі. Гэты наратыў будзе максімальна распаўсюджвацца ўнутры Беларусі – у школах, універсітэтах, на дзяржаўных прадпрыемствах з дапамогай ідэолагаў».

Лукашэнка спрабуе запускаць мірны трэк, каб у тым ліку прысутнічаць у ім самому. Таму выступае за перамовы.

«Але пра што дамаўляцца? – пытаецца Дзмітрый Балкунец. – Незразумела. Можна дамаўляцца з тымі, хто з’яўляецца дагавораздольным. Лукашэнка такім не ёсць, ён не выконвае абяцанні. Пуцін таксама недагавораздольны. Ён 21 сакавіка падпісаў з кітайскім кіраўніком пагадненне, што нельга дабівацца перадачы ядравай зброі і яе распаўсюду ў іншых краінах. І праз чатыры дні парушыў сваё ж падпісанае абавязальніцтва».

Абмен палітзняволенымі рэальны

Каментуючы пасаж абмену палітзняволенага Анджэя Пачобута на Паўла Латушку, Дзмітрый Балкунец адзначыў, што абмен, на яго думку, абсалютна рэальны. «Толькі не Паўла Паўлавіча, а могуць абмяняць затрыманых грамадзян, якіх абвінавачвалі ў шпіянажы… [маюцца на ўвазе трое грамадзян Беларусі, затрыманыя за шпіянаж польскай паліцыяй]. Я думаю, што такога роду перамовы вядуцца. Тое ж самае датычыцца памежнага пункту, бо бачна, што Лукашэнку гэта непакоіць. Магчыма, гэта таксама будзе прадметам такога роду размоваў».

Палітолаг дапускае, што Лукашэнка баіцца, што еўрапейскія краіны пяройдуць да фармату ўльтыматуму ў яго адрас. Гэта, на думку Дзмітрыя Балкунца, паспрыяла б таму, каб палітзняволеныя былі вызваленыя ўсе без выключэння. «Таму гэта проста пытанне ціску. Калі Польшча будзе працягваць з ім так сюсюкацца праз Юрыя Васкрасенскага, то гэта нічым не скончыцца. Лукашэнка з іх здзекуецца, ён смяецца з іх, а яны не могуць яму нічога адказаць па вялікім рахунку. Ён як бы плюнуў ім у твар адкрыта, а яны ўтруцца і напішуць у твітары абуранае паведамленне. Ну, няхай пішуць».

Абноўлена
Лукашэнка звярнуўся да народу. Галоўнае: ядравая зброя, новыя цэлі рэпрэсіяў, гандаль палітвязнямі
2023.03.31 11:50

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў