Сярод затрыманых у Польшчы тры беларусы. Адзін дакладна звязаны з КДБ. Што пра іх вядома


Польскія спецслужбы затрымалі 9 чалавек, якіх падазраюць у супрацы з расейскімі спецслужбамі. Беларускі бок сцвярджае, што сярод затрыманых тры беларусы, ды заяўляе, што палякі «схапілі выпадковых людзей». Адзін з гэтых трох звязаны з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Беларусі, даведаўся «Белсат» ад «Кіберпартызанаў».

Марыя М., Мікалай М. і Уладзіслаў П. на фота з базы пашпартных звестак.
Фота: «Кіберпартызаны» для «Белсату»

Блізкі да сілавікоў і дзяржаўных медыяў ананімны Telegram-канал «Жёлтые сливы» назваў імёны трох затрыманых грамадзянаў Беларусі: Уладзіслаў П. (мужчына 1994 года нараджэння), Марыя М. (жанчына 2004 года) і Мікалай М.  (мужчына 1971 года).

Ранкам 16 сакавіка гэты канал стаў публікаваць кароткія відэа з людзьмі, якія называюцца сваякамі затрыманых і кажуць, што не разумеюць, за што затрымалі іхных блізкіх. Марыя М. проста вучылася ў Польшчы, а Уладзіслаў П. ездзіў «паспрабаваць рэалізаваць сябе, паглядзець чужую краіну», бо ў яго там «любімая дзяўчынка», кажуць людзі на гэтых кадрах. Праўладны канал адзначае, што на фота ў сацыяльных сетках Уладзіслаў П. і Марыя М. з’яўляюцца разам, абдымаюцца.

«Кіберпартызаны» падзяліліся з «Белсатам» звесткамі пра гэтых людзей з узламаных базаў беларускіх дзяржаўных органаў. Марыя М. і Уладзіслаў П. выглядаюць у гэтых базах як звычайныя грамадзяне, а Мікалай М. мае загадкавую пазнаку і дзіўную гісторыю паездак.

Марыя М., як вынікае з базы звестак беларускіх памежнікаў, мае даволі звычайную гісторыю для маладой асобы, чые бацькі могуць дазволіць сабе адпачынак за мяжою: у дзяцінстве была ў Крыме, Турэччыне, Грэцыі, Балгарыі. У Польшчу яна заязджала на тры дні ў лістападзе 2016 года і на 11 дзён у жніўні 2018-га, у 2014 і 2017 гадах ездзіла на дзень у Літву. Таксама лётала кудысьці з Менску ў 2017, 2018 і 2019 гадах, вярталася праз 10–14 дзён. Праўладны канал адзначае, што ў сваіх сацсетках яна выкладала відэа з пратэстаў 2020 года.

Уладзіслаў П. запісаны ў базе Фонду сацыяльнай абароны супрацоўнікам Менскага электрамеханічнага заводу (прынамсі, у 2015 годзе), жыхаром Менску. Ягоная гісторыя замежных выездаў нават больш сціплая, чым у Марыя М.: у 2008-м ездзіў на 9 дзён ва Украіну, у 2013-м ездзіў на дзень у Польшчу і на дзень у Літву, за дзень да Новага года ў 2018-м заехаў у Польшчу і 2 студзеня 2019 года выехаў. У лютым 2021 года ён кудысьці вылятаў з Нацыянальнага аэрапорту «Менск», на наступны дзень вярнуўся з Украіны ў Беларусь праз пешы памежны пераход.

Прынамсі да 2021 года Уладзіслаў П. і Марыя М. не выязджалі разам за мяжу ў адзін час.

Мікалай М. – самы цікавы чалавек з гэтага спісу. Нарадзіўся ва Украіне. Прынамсі з 2003 да 2008 года быў запісаны супрацоўнікам берасцейскай кампаніі «Компа», якая вырабляе станкі для вытворчасці сыроў і калбасаў, але ў базе памежнікаў ён мае пазнаку «МЕД. КГБ» – гэта значыць, што ён лекуецца ў паліклініцы, прыпісанай да Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Таксама ў базах адносна яго ёсць пазнака «ОРУЖИЕ». Памерлы бацька М.2 таксама мае пазнаку «МЕД. КГБ», ён меў грамадзянства Расеі.

Мікалай М. часта мяняў дакументы, часам два разы на год. А на фота ў дакументах 2006 года Мікалай М. у камуфляжнай куртцы.

У 2007–2010 гадах ён амаль 250 разоў выязджаў у Польшчу і Украіну на некалькі дзён – то на сваёй машыне, то на чужой, і то з пасажырамі, то адзін. Пасля канца 2010 года ў базе памежнікаў запісаны толькі адзін выезд Мікалай М. .: 5 траўня 2021 года прыехаў з Польшчы на адным грузавіку, праз 11 дзён з’ехаў у Польшчу на іншым грузавіку, пры гэтым ужо меў пашпарт серыі «PP» – стаяў недзе на консульскім уліку. Даты выездаў не супадаюць з тымі ў Уладзіслаў П. і Марыя М.

Адметна, што ў доме, дзе ў Берасці прапісаны Мікалай М., на «Чорнай мапе Беларусі» пазначаныя пяць палітычных даносаў ад розных людзей, але не Мікалай М. У тым жа доме жыве прынамсі адзін сілавік: супрацоўнік следчага ізалятару.

Hавiны
За шпіянаж і рыхтаванне дыверсіяў у Польшчы затрымалі 9 «замежнікаў з-за ўсходняй мяжы»
2023.03.16 13:30

belsat.eu

Стужка навінаў