«Бачыла яго на экране – годнага і прыгожага». Жонка Змітра Дашкевіча расказала пра суд над мужам


Жонка Змітра Дашкевіча, якога затрымалі ў Менску 23 сакавіка і наступным днём асудзілі на 15 содняў адміністратыўнага арышту, расказала, як праходзіў суд над мужам. Паводле Насты Дашкевіч, вырак быў прадказальным.

«Бачыла на экране Змітра. Годнага і прыгожага. Вельмі спакойнага. Яго абвінавацілі ў тым, што ён адмаўляўся адкрыць дзверы кватэры. Што, канечне, не было праўдай, паколькі сустрэўся Зміцер з мужчынамі ў балаклавах на лесвічнай пляцоўцы, калі выйшаў з кватэры ўслед за дзецьмі, каб весці іх на заняткі», – напісала на сваёй Facebook-старонцы Наста Дашкевіч.

Паводле ейных словаў, Зміцер Дашкевіч расказаў на судзе, што бачыў хлопца на Акрэсціна, «які не адкрыў дзверы, дык у таго твар зараз сіні. І таму ён не мог падвяргаць небяспецы сваіх дзяцей і жонку, якая зараз на 6-м месяцы цяжарнасці».

Зміцер Дашкевіч у Курапатах. Архіўнае фота

«На кожным судзе Зміцер звяртаецца да суддзі, без надзеі на пачутасць, а з абавязкам засведчыць, што пасада ейная Божая і адказнасць вялікая і адказваць трэба будзе не толькі перад людзьмі, але і перад Богам. Нагадаў, што выносячы несправядлівы прысуд, яны не проста падвяргаюць чалавека арышту, але адпраўляюць на катаванні: 10 чалавек у двухмясцовай камеры без матрацаў і сродкаў гігіены… І ён кожны раз нагадвае пра гэта і хоча, каб яны чулі», – піша Наста Дашкевіч.

З ейных словаў, нягледзячы на супярэчлівыя паказанні сведак, шчымлівую прамову Змітра і ўшчэнт разбітае адвакатам абвінавачванне, вырак быў прадказальным.

«Але Зміцер быў такі прыгожы і такі спакойны. І толькі аднойчы ён цяжка ўздыхнуў, калі замест пытанняў да мяне як сведкі прамовіў, што ён моцна мяне кахае, справіцца з усім і толькі хвалюецца за мяне…» – напісала жонка Змітра Дашкевіча.

Змітра Дашкевіча жорстка затрымалі на вачах ягоных дзяцей 23 сакавіка. У кватэры Дашкевічаў супрацоўнікі МУС учынілі ператрус, забралі тэхніку і сродкі сувязі. Жонку Змітра Насту Дашкевіч не затрымлівалі. Сям’я Дашкевічаў выхоўвае траіх дзяцей і чакае чацвёртага. Пазней праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што супраць Дашкевіча «сабралі матэрыял для крымінальнай справы аб грубым парушэнні парадку».

Артыкулы
Палітвязня Паўла Севярынца і актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» могуць перавесці ў «крытую» турму
2022.03.25 13:06

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў