«Рагатала ўся маршрутка». Навошта беларусам паказалі «экшан» КДБ з Горадні?


Страляніна і выбухі ў жылым доме ў Горадні спарадзілі багата версіяў. З аднаго боку, замежнік, якога ў Беларусь даслалі «беглыя экстрэмісты» і які планаваў тэракты, з другога – фэйк спецслужбаў. Што вядома пра «бліскучую аперацыю» КДБ на пяты дзень пасля здарэння – у матэрыяле «Белсату».

«Аперацыя КДБ» у Горадні.
Фота: дзяржаўныя медыі

КДБ сцвярджае, што 19 сакавіка ў Горадні сілавікі забілі мужчыну, які супраціўляўся пры затрыманні: страляў з аўтамата і кідаў гранаты. Аляксандр Лукашэнка пахваліў спецслужбы за «бліскучую аперацыю»: «Сканфіскавалі цэлы арсенал зброі і выбухоўкі для гучных тэрактаў у дачыненні грамадзянаў, службовых асобаў дзяржаўных органаў».

Таксама Лукашэнка сказаў пра «сарваныя планы нашых ворагаў», аднак не ўдакладніў, што гэта за ворагі, не распавёў пра грамадзянства «забітага», толькі даручыў «праінфармаваць грамадскасць пра вынікі гэтай аперацыі».

Дзяржаўныя медыі праінфармавалі як маглі. Паказалі «кадры аператыўнага здымання» са стралянінай і выбухамі, запісы сачэння за падазраваным, кватэру з абломкамі і пашкоджаннямі. Распавялі, што ў мужчыны знайшлі расейскі пашпарт, праўда, падроблены. Заявілі, што ў лютым спецслужбы атрымалі інфармацыю пра «намеры збеглых экстрэмістаў пераправіць з Польшчы ў Беларусь аднаго са сваіх прыхільнікаў».

22 сакавіка падчас наведання Хатыні Лукашэнка, гаворачы пра «гарадзенскага тэрарыста», заклікаў яднацца сілавікоў і народ:

«Чаго б я хацеў – каб народ наш неяк згуртаваўся. Людзі бачаць усё. Вы падкажыце своечасова нам. Нейкі чужак, нехта ў парыку, не той нос ды іншае. Вельмі важнае цяпер вось гэтае яднанне спецслужбаў, сілавога блоку і нашага народу».

Таксама прызначыў вінаватымі ўладальнікаў кватэры, якую арандаваў «тэрарыст», назваўшы іх мярзотнікамі і «жудаснымі бэчэбэшнікамі».

Яшчэ Лукашэнка сказаў, што «злачынца» не даў рады з парыком і грымам, «нейкі нос начапіў»: «Мы яго фіксавалі, мы ўбачылі яго ў Магілёве, па-мойму, некалькі дзён вялі яго па Беларусі».

Hавiны
У Хатыні Лукашэнка распавёў пра Мачулішчы, «жудасных бэчэбэшнікаў» і тэракты
2023.03.22 15:23

«Аграгалівуд»

У сацсетках «аператыўнае здыманне» назвалі «аграгалівудам», жартуючы: «Рагатала ўся маршрутка». Да гэтага відэа сапраўды шмат пытанняў, казаў у інтэрв’ю «Белсату» каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка:

«Нам дэманструюць нейкія стрэлы ў пустую кватэру, у якой нічога не бачна, дэманструюць столь, нейкі панэльны дом – няма ніякай канкрэтыкі. І складаецца ўражанне, што гэта нейкая пастаноўка».

Эксперт мяркуе, што гэтая гісторыя стаіць у адным шэрагу з іншымі «гучнымі» злачынствамі, як «пацукі ў водаправодзе», прарыў джыпа праз мяжу з Украінай, «справа фрау А.» ды «Ніка і Майка». Мажэйка не выключыў, што і ў гэтым выпадку цяперашнія ўлады будуць дзеяць паводле старой схемы: гучныя абвінавачванні, нейкія нібыта аператыўныя кадры – і цішыня, тэма знікне з інфармацыйнага парадку.

Чэкіст у парыку

Аб’яднанне «ByPol» назвала «спецаперацыю КДБ» фэйкам. Кіраўнік арганізацыі Аляксандр Азараў тлумачыў «Белсату»: калі б сапраўды шукалі падазраванага, то інфармацыя пра гэта абавязкова прасачылася б. З’явіліся б звесткі пра вышук, патрулі на дарогах, узмацненне: «краіну паставілі б на вушы». А так – ніхто пра гэта не ведае. Атрымалася, што сілавікі проста прыйшлі ў нейкую кватэру і некага забілі. «Так не бывае», – адзначыў Азараў.

Каментар
«Адказ на Мачулішчы». Кіраўнік «ByPol» назваў фэйкам «бліскучую аперацыю КДБ» у Горадні
2023.03.21 13:26

Колішні афіцэр спецпадраздзялення «Алмаз» Ігар Макар у размове з «Белсатам» звярнуў увагу на тое, што сілавікі звычайна намагаюцца затрымаць, а не знішчыць меркаванага тэрарыста. Схапіць яго маглі, напрыклад, падчас аператыўнага здымання, а ўжо потым чыніць ператрус у кватэры. Да таго ж стрэлы і выбухі ў відэа насамрэч не ёсць стралянінай з аўтамата, і выбухнула не баявая, а святлошумавая граната.

«ByPol» высветліў, што «забіты» ў Горадні «тэрарыст» – супрацоўнік віцебскага ўпраўлення КДБ Аляксей Захараў. «Белсат» пагаварыў з ягонаю сястрою. Ад нас яна ўпершыню пачула пра «спецаперацыю» і сказала, што нічога не ведае:

«На мінулым тыдні Лёша размаўляў з маці, ён тэлефанаваў ёй, і ў яго ўсё было добра».

На гэтым тыдні жанчына не мела навінаў ад брата. Тэлефон чэкіста недаступны, а ягоны бацька, былы начальнік ізалятару часовага ўтрымання Гарадоцкага РАУС Віцебскай вобласці, на званок не адказаў. Жонка Захарава не стала размаўляць і штосьці распавядаць, але з ейнага спакойнага голасу можна меркаваць, што нічога надзвычайнага ў сям’і не адбылося.

Hавiны
«На мінулым тыдні размаўляў з маці, усё было добра». Сваякі – пра супрацоўніка КДБ, які «сыграў» тэрарыста
2023.03.22 15:54

Пытанні без адказаў

Гэтая гісторыя пакінула шмат пытанняў. Невядома, адкуль прыехаў «тэрарыст», з Расеі ці з Еўразвязу: калі праз мяжу з краінамі ЕЗ, як яго пусцілі з фальшывым пашпартам? Адкуль у яго зброя і выбухоўка:прывёз з Расеі, мяжа з якой не ахоўваецца? А калі з ЕЗ, то як не заўважылі арсеналу? Якое ў яго грамадзянства, ці высветленая ягоная асоба, чаму злачынца з такімі грандыёзнымі планамі не даў рады з маскаваннем, выкарыстоўваючы нязграбны парык? Дый, урэшце, дзе труп? Калі гэта замежнік, то, як выглядае, нейкая дзяржава мусіць зацікавіцца сваім грамадзянінам.

Асоба, якую дзяржаўныя крыніцы назвалі «тэрарыстам-замежнікам».
Фота: кадр відэа БТ

Калі гэта пастаноўка ад пачатку да канца, то з якімі мэтамі? Аляксандр Азараў мяркуе, што гэта спроба выправіцца пасля дыверсіі ў Мачулішчах: там прагледзелі, затое – вось, зліквідавалі тэрарыста. Таксама ён не выключыў спробу застрашыць беларусаў напярэдадні Дня Волі.

Вадзім Мажэйка казаў, што «спецаперацыю» зладзілі дзеля замацавання тэзаў прапаганды, якая стала пужае «беглымі экстрэмістамі». Маўляў, яны плануюць тэракты ў Беларусі – вось вам і тэрарыст.

Колішні супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі Анатоль Котаў у інтэрв’ю «Свабодзе» распавёў, што ў Горадні адбыліся «разборкі сілавых ведамстваў», падчас якіх забілі выпадковую асобу. Котаў сцвярджае, што гэта «грамадзянін адной з заходнееўрапейскіх краінаў», аднак «не Літвы і не Польшчы».

Узмацненне тэрору

Палітолаг Павел Усаў у сваім Telegram-канале раней напісаў, што гарадзенскае інсцэнаванне – падрыхтоўка да закрыцця мяжы з краінамі Еўразвязу з аргументацыяй: «паглядзіце, засылаюць тэрарыстаў, гатовых забіваць беларусаў».

Цяпер, пасля заяваў Лукашэнкі пра «яднанне беларусаў з сілавікамі» і «згуртаванасць народу», Усаў сказаў «Белсату», што «гэта тыповая для таталітарных сістэмаў рыторыка»:

«У савецкія часы існаваў лозунг «Народ і партыя – адзіныя», то бок фактычна зліццё палітычнай сістэмы і грамадства, падпарадкаванне грамадства палітычнай сістэме і абсалютны кантроль сілавых структураў за народам. І народ, у разуменні Лукашэнкі, мусіць гэта прыняць і прызнаць».

Палітолаг упэўнены, што падзеі ў Горадні, як і дыверсія ў Мачулішчах ды іншыя падобныя гісторыі ў будучыні, сапраўдныя ці фэйкавыя, будуць выкарыстоўвацца дзеля далейшага ціску і рэпрэсіяў.

«Гэта скіраванае на тое, каб узмацняць і апраўдваць тэрор акурат супраць нелаяльнай часткі грамадства. Такія рэчы будуць паўтарацца», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Аналітыка
Што гэта было? Аналізуем рэакцыю ўладаў на падзеі ў Горадні
2023.03.21 16:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў