У Беларусі чатыры новыя генералы


19 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў загады аб прысваенні спецыяльнага і вайсковых званняў. У Беларусі стала на чатыры генерал-маёры больш. Адзін з іх з канца 2023 года знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ і Швейцарыі, другі – у 2022 годзе страляў у Менску ў падлетка, але гэта не паўплывала на ягоны кар’ерны рост.

Званні генерал-маёраў атрымалі Уладзімір Белы, Сяргей Лагадзюк, Валерый Равенка, Андрэй Паршын. Калаж з фота: grodnonews.by / mil.by / скрыншот СТВ / mvd.gov.by

Званне генерал-маёра прысвоенае:

– палкоўніку Уладзіміру Беламу. Да сакавіка 2023 года з’яўляўся начальнікам факультэту Генштабу Узброеных Сілаў – намеснікам начальніка Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь, 30 сакавіка 2023 года быў прызначаны на пасаду камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сілаў;

– палкоўніку Сяргею Лагадзюку, які з’яўляецца намеснікам начальніка Генштабу Узброеных Сілаў РБ – начальнікам аператыўнага ўпраўлення;

– палкоўніку Валерыю Равенку, начальніку Дэпартаменту міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Мінабароны Беларусі, нарадзінцу Краснаярскага краю РСФСР, які пачынаў сваю кар’еру ў расейскай арміі. Ягонае прозвішча ўнесенае ў 12-ты пакет санкцыяў Еўразвязу ў сувязі з тым, што ён як кіраўнік Дэпартаменту міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва надае матэрыяльнае падтрыманне ўраду РФ, які нясе адказнасць за анэксію Крыму і дэстабілізацыю Украіны.

Акрамя таго, спецыяльнае званне генерал-маёра міліцыі прысвоенае палкоўніку міліцыі Андрэю Паршыну, які працаваў у сістэме МУС і займаў розныя пасады, у тым ліку з 2021 па 2022 год кіраваў ГУБАЗіКам, пазней быў прызначаны кіраўніком Дэпартаменту забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС.

Паршын вядомы тым, што ў чэрвені 2022 года ў ЖК «Каскад» паспрабаваў разагнаць групу дзяцей і падлеткаў каля свайго пад’езду (наймалодшаму ў кампаніі было 11 гадоў), але атрымаў адпор ад 16-гадовага хлопца – той заявіў, што «яны жывуць у свабоднай краіне і вольныя выбіраць лавачкі». У адказ на дзёрзкі тон, паводле сцвярджэння сведкі, Паршын ударыў падлетка – у твар, па шыі. Але хлопец ударыў у адказ, і Паршын апынуўся на зямлі. Падняўшыся, ён дастаў зброю і стрэліў падлетку ў нагу. Супраць хлопца завялі крымінальную справу паводле артыкулу «Хуліганства».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў