Затрыманні па справе меркаваных тэрактаў і хвароба музыкі «Tor Band» у СІЗА. Рэпрэсіі за 10 траўня


Кожны дзень у Беларусі адбываюцца рэпрэсіі, якія цягнуцца ўжо амаль тры гады. «Белсат» працягвае збіраць факты ўціску, які рэжым аказвае на беларусаў. Прыводзім хроніку рэпрэсій за 10 траўня.

На дзяржаўным тэлебачанні распавялі пра затрыманых у справе меркаваных тэрактаў на 9 траўня. Паведамляецца пра чатырох затрыманых, якім няма і 30 гадоў. Гэта 23-гадовы Валерый, 24-гадовая Ганна і 29-гадовыя Андрэй і Вікторыя. Паводле прапагандыстаў, маладзёнам можа пагражаць смяротнае пакаранне.

Імаверна затрыманыя КДБ асобы ў сувязі з «тэрактамі» у Беларусі да 9 траўня.
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

У палітзняволенага музыкі гурта «Tor Band» Яўгена Бурло за кратамі абвастрылася анкалагічнае захворванне, на якое мужчына пакутаваў яшчэ да затрымання. Ён моцна схуднеў і не можа перасоўвацца самастойна. Сваякі палітвязня звярнуліся да кіраўніцтва СІЗА з просьбай зрабіць для яго даступнае адэкватнае лячэнне, але ім адмовілі. Яўгена і яшчэ двух удзельнікаў гурта «Tor Band» затрымалі 28 кастрычніка 2022 года.

Затрыманы спартыўны блогер і аўтар тэлеграм-каналу «Серебряный век. Футбол Беларуси» Дзмітрый Сельвеструк. Вядома, што ён знаходзіцца ў ІЧУ.

У Берасці вынеслі прысуд па крымінальнай справе 37-гадоваму ІТ–спецыялісту Аляксандру Заноўскаму. Яго абвінавацілі ў публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368 КК, нібыта ён напісаў два каментары пад публікацыямі тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу». У выніку, суддзя Іна Клышпач прызначыла Аляксандру паўтара года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Hавiны
Суд над Эдуардам Бабарыкам пачнецца 22 траўня
2023.05.10 16:40

У Менску пачалі судзіць былога інкасатара «Белгазпрамбанку» і экс-спецназаўца Яна Папковіча. Ён звольніўся і збіраўся разам з жонкай і братам Алесем у верасні 2022 года з’язджаць у Польшчу, але напярэдадні быў затрыманы групай Альфа. Падчас затрымання Яна моцна збілі і стрэлам паранілі ягонага сабаку. Пасля на БТ яго прадстаўлялі наймітам, які нібыта збіраўся ехаць на вайну ва Украіну. Таксама яго абвінавачваюць у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК).

Фігурантаў па «справе прафсаюзу РЭП»перавялі ў калоніі. Генадзя Фядыніча перавялі ў бабруйскую калонію № 2, Васіля Бераснева – у магілёўскую калонію № 15, а Вацлава Арэшку – у шклоўскую калонію № 17. Яны былі асуджаныя 5 студзеня 2023 года. Фядынічу і Берасневу прызначылі 9 гадоў калоніі, а Арэшку – 8 гадоў калоніі.

Hавiны
Праваабаронцы патрабуюць расследаваць акалічнасці смерці Мікалая Клімовіча
2023.05.10 15:50

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў