Суд над Эдуардам Бабарыкам пачнецца 22 траўня


У Менскім абласным судзе 22 траўня на выязным судовым пасяджэнні пачнуць разглядаць крымінальную справу Эдуарда Бабарыка, сына былога банкіра і прэтэндэнта на прэзідэнцтва, палітзняволенага Віктара Бабарыка. Пра гэта паведамляе БелТА.

Эдуард Бабарыка. Фота TUT.by

Эдуарда Бабарыку абвінавачваюць паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, легалізацыі («адмыванні») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, дапамозе ў арганізацыі масавых беспарадкаў і распальванні варожасці.

Яму можа пагражаць да 20 гадоў зняволення.

Эдуарда трымаюць пад вартай без суда ўжо амаль тры гады – ён быў затрыманы разам з бацькам 18 чэрвеня 2020 года, калі ішоў у ЦВК здаваць сабраныя подпісы. Затрыманне ажыццяўляў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю. У той жа дзень Эдуарда Бабарыку змясцілі ў СІЗА КДБ, а пасля, у канцы лістапада 2021-га, з’явілася інфармацыя аб пераводзе Эдуарда ў СІЗА № 1.

Палітвязень застаецца рэкордны тэрмін у зняволенні без суда. Скаргаў на незаконнасць падаўжэння тэрміну ўтрымання пад вартай не задавальняюць.

Эдуард скончыў БДЭУ па спецыяльнасці «эканоміка і кіраванне прадпрыемствамі». Кіраваў краўдфандынгавымі платформамі «Ulej» і «MolaMola», захапляецца верхавой яздой і дайвінгам. У следчым ізалятары Эдуард займаецца ёгай, чытае, вучыцца маляваць і гуляць у шахматы, паведамлялі раней праваабаронцы.

Артыкулы
Эдуард Бабарыка: два гады ў палоне
2022.06.18 12:36

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў