Каардынацыйная рада не ўхваліла Аляксандра Азарава на новы тэрмін у Пераходным кабінеце


Паводле вынікаў галасавання сяброў Каардынацыйнай рады Аляксандр Азараў не ўхвалены на пасаду прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету па аднаўленні законнасці і правапарадку ў Аб’яднаным пераходным кабінеце. Каардынацыйная рада рэкамендавала не падаўжаць яго прадстаўнічыя функцыі.

Слуханні справаздачы Аляксандра Азарава, чальца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, ў Каардынацыйнай Радзе. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат.

Галасы па кадыдатуры Азарава сярод чальцоў Каардынацыйнай рады размеркаваліся наступным чынам: за – 11 чалавек, супраць – 35, устрымаліся – 30.

Гэтыя слуханні былі справаздачай чальцоў «протаўраду» перад «протапарламентам». Па выніках Каардынацыйная рада мела права ўхваліць ці не ўхваліць дзейнасць прадстаўнікоў Кабінету і рэкамендаваць ці не рэкамендаваць абранай прэзідэнтцы Святлане Ціханоўскай працягнуць мандаты «міністраў» на тэрмін, не дольшы за год (не больш як да 8 жніўня 2024 года). Мяркуецца, што канчатковае рашэнне Ціханоўская агучыць на канферэнцыі «Новая Беларусь», якая адбываецца сёння, 6 жніўня, у Варшаве.

Каардынацыйная рада ўжо заслухала і ўхваліла прадстаўніцу па нацыянальным адраджэнні Аліну Коўшык і прадстаўніка па абароне Валерыя Сахашчыка, прадстаўніцу па сацыяльных справах Вольгу Гарбунову, прадстаўніка па замежных справах Валерыя Кавалеўскага, а таксама прадстаўніка па транзіце ўлады Паўла Латушку.

Аляксандр Азараў – апошні прадстаўнік, па якім праводзіліся слуханні. Былы следчы з 2008 па 2019 год працаваў у Галоўным упраўленні барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), адкуль звольніўся, паводле яго словаў, праз канфлікт з кіраўніцтвам. Быў ля вытокаў арганізацыі былых сілавікоў BYPOL, узначаліў фонд арганізацыі і стаў адным з ейных «твараў», таксама быў адказным за план «Перамога». 9 жніўня 2022 года Ціханоўская прызначыла яго прадстаўніком па аднаўленні правапарадку. У пачатку лета 2023 года ў BYPOL адбыўся раскол. Праз абвінавачванні былых паплечнікаў у бок Азарава Каардынацыйная рада анансавала аўдыт BYPOL, пра выяўленне нейкіх парушэнняў пакуль не паведамлялі.

Пасля вынікаў галасавання Каардынацыйнай рады Аляксандр Азараў даў каментар выданню «Зеркало», што прымае гэтае рашэнне і не збіраецца на пенсію:

«Гэта справа Каардынацыйнай рады. Я прымаю гэта рашэнне. Гэта дэмакратыя. Але я застаюся працаваць далей: план «Перамога», барацьба з рэжымам. Не збіраюся на пенсію, так што Жыве Беларусь!».

На пытанне аб тым, як будзе суадносіцца план «Перамога» з кабінетам, Аляксандр Азараў адказаў, што «гэта рашэнне будзе прынята сёння. План «Перамога» [застаецца] у BYPOL, канешне».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў