Хто ў Беларусі зарабляе больш і менш за ўсіх?


Нягледзячы на стагнацыю ў сферы інфармацыйных тэхналогіяў, самыя вялікія заробкі ў Беларусі ўсё яшчэ атрымліваюць прадстаўнікі IT. Някепска пачуваюцца ў плане заробкаў працаўнікі сферы фінансаў і апрацоўчай прамысловасці. А вось самыя нізкія заробкі – у дзіцячых садках і сферы паслуг. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Статыстыка наконт заробкаў у Беларусі даецца са спазненнем на некалькі месяцаў. Таму самыя свежыя дадзеныя Белстат апублікаваў за лістапад 2023 года. Так, у тым месяцы сярэдні заробак у краіне склаў 1975,6 рубля (гэта на 4,4 рубля больш, чым у кастрычніку). У бюджэтных арганізацыях сярэдні заробак атрымаўся меншы – 1529,2 рубля. Адзначым: гаворка ідзе пра намінальны налічаны сярэдні заробак, гэта значыць, да адлічэння падаткаў і ўнёскаў.

Хто ў Беларусі зарабляе больш за ўсіх?

Традыцыйна паводле ўзроўню заробкаў у Беларусі лідаруюць інфармацыя і сувязь (5287,7 рубля), фінансавая і страхавая дзейнасць (2843,1 рубля), а таксама прафесійная, навуковая і тэхнічная дзейнасць (2540,5 рубля).

Самыя сціплыя заробкі – у адукацыі (1357,1 рубля) і ў сферы адміністрацыйных і дапаможных паслуг (1384,5 рубля).

Паглядзім падрабязней.

Самы высокі заробак у лістападзе 2023 года атрымалі айцішнікі – 6919,4 рубля. У тройцы лідараў таксама працаўнікі паветранага транспарту (4987,4 рубля) і гарнякі (3686,3 рубля). Высокія заробкі ў сферы фінансавых паслуг і страхавання (3355,6 рубля), вытворчасці коксу і прадуктаў нафтаперапрацоўвання (3207,7 рубля), у галіне тэлекамунікацыяў (3087,7 рубля).

Hавiны
З ідала ў дойную карову: што адбываецца з IT у Беларусі
2023.08.29 08:00

Калі зірнуць з улікам рэгіёнаў, то мы пабачым, што самыя высокія заробкі фіксуюцца ў прамысловых цэнтрах. Так, паводле дадзеных Белстату, лідарамі паводле ўзроўню сярэдняга заробку сталі Менск – 2663,3 рубля, Астравецкі раён (Гарадзенская вобласць) – 2516,7 рубля, Менскі раён – 2438,6 рубля. Відавочна, Астравецкі раён выбіўся ў лідары паводле заробкаў дзякуючы БелАЭС. 

Высокі ўзровень заробкаў таксама ў Рэчыцкім раёне (Гомельская вобласць) – 2266,8 рубля, Салігорскім раёне (Менская вобласць) – 2208,1 рубля, Жлобінскім раёне (Гомельская вобласць) – 2168,7 рубля. 

А менш за ўсіх?

Самы нізкі заробак у краіне атрымліваюць прадстаўнікі сферы паслуг: працаўнікі цырульняў і салонаў прыгажосці (1000,6 рубля). У пяцёрцы самых сціплых заробкаў таксама догляд у спецыялізаваных установах і выкананне сацыяльных паслуг – 1148,9 рубля, дзейнасць бібліятэк, архіваў, музеяў і іншая дзейнасць у галіне культуры – 1164,6 рубля, праца на водным транспарце – 1183,8 рубля, творчая дзейнасць і забаўкі – 1215,6 рубля, дашкольная адукацыя (выхавальнікі) – 1263,2 рубля. 

Агляд
На прадпрыемствах няма каму працаваць? Што адбываецца на рынку працы ў Беларусі
2023.12.27 16:50

Саша Гоман, belsat.eu

 

Стужка навінаў