З ідала ў дойную карову: што адбываецца з IT у Беларусі


Беларуская ІТ-індустрыя прапануе ўсё менш актыўных вакансіяў, скарачаецца ўнёсак галіны ў ВУП, з’язджаюць цэлыя кампаніі ды асобныя адмыслоўцы.  Паразмаўлялі з экспертамі пра рэгрэс у ПВТ і тое, што чакае IT у Беларусі ў найбліжэйшай будучыні.

ПВТ.
Фота: justarrived.by

Дрэйф па дне

На рынку IT-кампаніяў прабітае гістарычнае дно: у жніўні рэзідэнты ПВТ прапануюць толькі 819 актыўных вакансіяў, гэта ў некалькі разоў менш, чымся ў красавіку 2022 года, калі назіраўся самы вялікі абвал рынку вакансіяў у IT-галіне.

«Агулам на рынку IT па ўсім свеце больш скарачаюць людзей, чымся наймаюць. Гэта звязана з рэарганізацыяй індустрыі на фоне сталых распрацовк і адкрыццяў у галіне. IT-індустрыя адлюстроўвае нашую рэальнасць: нейкія кірункі скарачаюцца, нейкія новыя адкрываюцца. Напрыклад, штучны інтэлект, нейрасеткі. Аднак у Беларусі гэтыя кірункі не з’яўляюцца, а значыць, ёсць праблемы з навацыямі, з тым, што людзі не хочуць адкрываць бізнесаў пад свае новыя ідэі, запускаць стартапаў. Яны робяць гэта за мяжою, дзе інвестыцыі больш абароненыя», – кажа ў каментары «Белсату» Яраслаў Кот, прадстаўнік Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (ABBA).

Hавiны
Рынак працы ў ІТ-сферы ў Беларусі – у глыбокім заняпадзе
2023.08.11 17:39

Нерэзідэнты ПВТ сталі сутыкацца з складанасцямі раней. У асноўным гэта індывідуальныя прадпрымальнікі, і праблемы ў іх пачаліся з рэформаю сферы малога прадпрымальніцтва ў Беларусі. Павялічваюць падаткі, забіраюць ільготы, прымушаць зарэгістраваць кампанію, юрыдычную асобу. Але нават цяпер з падвышэннем падаткаў для ІП быць прадпрымальнікам больш выгадна, чымся юрыдычнай асобаю.

Акрамя гэтага, у краіне практыкуюць сапраўдны дзяржаўны рэкет. Як стала вядома «Белсату», у кампаніі ІТ-галіны прыходзяць сілавікі і прапаноўваюць работнікам самым на сябе напісаць прызнальныя паказанні за ахвяраванні, зробленыя пасля падзеяў 2020 года, і заплаціць «штраф» памерам некалькі разоў большы за ахвяраваную суму.

«Улады выпрацавалі сістэму, па якой яны хочуць даіць айцішнікаў. Напрыклад, патрабуюць выплаты на нейкія захады. На працу ў ПВТ прызначаюць выхадцаў з КДБ, спецыялістаў у ідэалогіі. Падатковыя стаўкі становяцца менш выгадныя. Праграмістаў стараюцца прыструніць, каб яны нікуды не лезлі, і выкарыстоўваюць іх як дойную карову. Рэжым разумее, што яму патрэбная гэтая сфера, бо яна прыносіць прыбытак», – адзначае Яраслаў Кот.

Яраслаў Кот. Крыніца: advisers.by

Паводле суразмоўцы, буйныя заходнія інвестыцыі пакідаюць IT-рынак Беларусі, таму ўлады намагаюцца развіваць сферу мэтанакіравана на сяброўскія краіны: ідзе актыўная праца з Кітаем, Індыяй, Расеяй. Мяркуючы па ўсім, расейскія інвестыцыі таксама прыцягваюцца. Беларусь піярыцца ў кангламераце саюзнікаў Расеі як IT-дзяржава, якая выдатна падыходзіць для стварэння адпаведных бізнесаў.

Ці заменяць індусы і расейцы буйных гульцоў на IT-рынку Беларусі?

З 2020 года працягваецца працэс пакідання IT-кампаніямі Беларусі. З імі ідуць і кліенты.

«Кліентаў, якія былі б гатовыя працаваць з беларусамі, сёння практычна няма. Абяцанні працаваць з рынкамі Кітаю, ААЭ застаюцца пакуль нязбытнымі, бо адбываецца моцнае вымыванне экспертызы, сыход буйных гульцоў, таму на такі рынак няма сэнсу прыходзіць з іншых рэгіёнаў. Адток працягваецца, кліентаў робіцца менш, і адпаведна працы менш. Па розных ацэнках, каля 50 % IT-спецыялістаў выехалі», – кажа ў каментары «Белсату» Павел Лібер, сузаснавальнік платформаў «Голас» і «Новая Беларусь».

Павел Лібер, адзін са стваральнікаў платформы «Голас», «еЗдароўе» і «LegalHub» і «Digital Belarus». Варшава, Польшча. 8 кастрычніка 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар/Белсат

На сваім сайце ПВТ хваліцца, што за мінулы месяц да іх дадаліся 33 кампаніі. Аднак сярод замоўцаў более расейцаў, індусаў.

«Да таго ж у нашым рэгіёне ідзе вайна, і буйным еўрапейскім, амерыканскім кліентам рызыкоўна працаваць з Беларуссю. Я не веру ў тое, што індусы ці расяяне заменяць буйных гульцоў на IT-рынку Беларусі. Бо з іхным сыходам вымываецца пласт адукацыі, перападрыхтоўкі спецыялістаў», – адзначае суразмоўца.

Усё гэта моцна адбіваецца на эканоміцы Беларусі. Гэтак, эксперты праекту «Нашы грошы» прывялі нядаўна даследаванне і прыйшлі да высновы, што за год (травень 2022 – травень 2023) праз масавы ад’езд праграмістаў толькі заробкавы фонд Беларусі страціў больш за Br 1 млрд у выглядзе заработнай платы.

Прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч мяркуе, што гэтыя вынікі заніжаныя амаль удвая:

«Эксперты прафесійна выкарыстоўваюць інфармацыю, якую дае Белстат пра зніжэнне колькасці занятых у IT-сектары, непасрэдных заробкаў.

Але калі паглядзець на ўскосныя звесткі, уклад у ВУП ад IT-сектару, то ён зменшыўся амаль на 1,5 %. У першым квартале 2022 года гэта было больш за 8 %, а цяпер менш за 7 %. Таму лічба будзе мінус амаль мільярд долараў, ці амаль два з паловаю мільярда рублёў. Натуральна, гэта негатыўна ўплывае на эканоміку, бо свае заробкі айцішнікі на 80 % пакідалі ў Беларусі».

Паводле падлікаў адмыслоўца, Беларусь у падатках страціла каля $ 72 мільёнаў праз тое, што праграмісты пайшлі з ПВТ і з’ехалі ў іншыя краіны.

Аляксандр Кныровіч перад вакном
Аляксандр Кныровіч. 20 студзеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Ці развяжуць гэтую праблему ўлады? На думку Паўла Лібера, дзяржава не ўмее гадаваць IT-спецыялістаў, дый цяпер няма пад што. Раней вялікая колькасць прыватных IT-кампаніяў будавалі лабараторыі на базе ўніверсітэтаў, заахвочвалі студэнтаў, адукоўвалі іх, падбіралі ментараў, набіралі стажораў. То бок шмат інвеставалі ў тое, каб адукоўваць праграмістаў і пасля браць да сябе на працу. Сёння гэтая экасістэма змяншаецца. Адбываецца макраэканамічная рэцэсія ўва ўсім свеце, і ў IT-індустрыі не так шмат працы.  Нават калі дзяржава выпусціць маладых спецыялістаў у IT, іх няма куды прадаваць, дзе расці.

«Калі сітуацыя ў Беларусі зменіцца, IT-сферы спатрэбіцца шмат часу на аднаўленне. Буйныя гульцы вернуцца, адновяць сваё навучанне, індустрыю можна аднавіць хутка. Нашмат складаней будзе аднавіць рэпутацыю краіны, каб сюды зноўку прыйшлі інвестары ды кліенты. Але галоўнае, каб адбыліся змены, інакш мы будзем назіраць далейшую дэградацыю», – перакананы Павел Лібер.

Агляд
IT у Беларусі: небывалае беспрацоўе, урэзаны сацпакет і туманныя перспектывы
2023.06.27 12:00

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў