У Расеі ўсынавілі 386 дзяцей, якіх незаконна вывезлі з акупаваных тэрыторыяў Украіны


Паводле пацверджаных звестак украінскага боку, з пачатку поўнамаштабнай вайны расейцы ўсынавілі 386 украінскіх дзяцей, якіх незаконна дэпартавалі з акупаваных Расеяй тэрыторыяў. Пра гэта паведаміў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады ў справе правоў чалавека Дмытро Лубінец у эфіры тэлемарафону.

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Украіны на чыгуначным вакзале ў Менску. 3 красавіка 2023 года.
Фота: talai_fond / Instagram

«У нас ёсць пацверджаныя лічбы: 386 дзяцей – устаноўлены факт, што яны былі змешчаныя ў расейскай сям’і, адносна іх або пачалася працэдура, або завяршылася працэдура ўсынаўлення», – заявіў Дмытро Лубінец.

Паводле Лубінца, у гэтым пытанні вельмі важнае значэнне мае тэрміналогія, бо ёсць розніца паміж усынаўленнем і часовай апекаю:

«Усынаўленне дзяцей краінаў у стане міжнароднага ваеннага канфлікту – гэта так называецца вайна, згодна з міжнародным гуманітарным правам – забараняецца. Таму для нас вельмі важныя гэтыя тэрміны, нам вельмі важна ўстанаўліваць менавіта юрыдычны факт, што расейцы ўсынаўляюць украінскіх дзяцей. Тады гэта дакладна падпадае пад прыкметы ваеннага злачынства – генацыду, якое павінна быць трактаванае як ваеннае злачынства, здзяйсняе найвышэйшым вайскова-палітычным кіраўніцтвам РФ. І гэтым мы займаемся».

Таксама омбудсман нагадаў, што расейская ўпаўнаважаная ў правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова на сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным сама заявіла, што ўсынавіла дзіця з Украіны. Паводле міжнароднага заканадаўства яна здзейсніла злачынства. Аднак пасля атрымання ордару на арышт з боку Міжнароднага крымінальнага суда Львова-Бялова ўжо пачала казаць, што не ўсынаўляла ўкраінскага дзіцяці, а нібыта ўзяла пад часовую абарону – часовую апеку.

На 3 верасня Украіна афіцыйна пацвердзіла дэпартацыю 19 546 дзяцей, вярнуць удалося толькі 386 з іх. Аднак упаўнаважаная ў справе правоў дзіцяці ва Украіне Дар’я Герасімчук заяўляла, што на акупаваных украінскіх тэрыторыях, да якіх няма доступу, лік выкрадзеных дзяцей можа даходзіць да некалькіх соцень тысячаў. Гэтак, у ліпені Марыя Львова-Бялова заяўляла, што з пачатку ўварвання ва Украіну расейскі бок вывез на тэрыторыю РФ больш за 700 тысячаў украінскіх дзяцей.

Нагадаем: 17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна і Марыі Львовай-Бяловай. Іх падазраюць у незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных раёнаў Украіны ў Расею. Беларускія дэмакратычныя сілы таксама дамагаюцца такога ж арышту і для Аляксандра Лукашэнкі, рэжым якога дапамагае вывозіць украінскіх дзяцей.

У красавіку Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю, у якой дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей названая генацыдам.

Разбор
Украінскіх дзяцей масава вывозяць у Беларусь. Што адбываецца – і чаму гэта ваеннае злачынства?
2023.07.12 07:07

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў