Беларускі ПЭН: за кратамі застаюцца не менш за 132 дзеячы культуры


Беларускі ПЭН апублікаваў справаздачу аб маніторынгу парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры ў Беларусі ў перыяд 15–31 траўня. З яе вынікае, што на канец вясны 2023 года ў няволі ўтрымліваюць не менш за 132 дзеячы культуры і не менш за 31 – чалавек слова.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: acca.media

У другой палове траўня пачаўся суд над культурніцкім менеджарам, кіраўніком платформаў «Ulej» і «MolaMola» Эдуардам Бабарыкам. Яго абвінавачваюць паводле некалькіх крымінальных артыкулаў, у сукупнасці якіх пагражае вырак 20 гадоў пазбаўлення волі.

Да 2 гадоў калоніі ў траўні асудзілі прафесара, доктара сацыялогіі Юрыя Бубнова і культурніцкага менеджара Уладзіміра Булаўскага.

Юрыя Бубнова затрымалі 12 студзеня 2023 года на працоўным месцы, 21 студзеня выставілі абвінавачанне паводле арт. 367 Крымінальнага кодэксу РБ («Паклёп на прэзідэнта»). Падставай для крымінальнай справы стала навуковая публікацыя аб пратэстах 2020 года ў Беларусі – артыкул «Предпосылки белорусского протеста в 2020 году» ў навуковым альманаху «Молодежная галактика». У артыкуле Юрый Бубноў напісаў, што беларусаў, якія пратэставалі ў 2020 годзе, аб’яднаў не «нейкі лялькавод ці рэвалюцыянер-харызматык, а Аляксандр Лукашэнка».

«Я выконваў прафесійны абавязак сацыёлага. Сацыялогію часта асацыююць з люстэркам. А люстэрка мусіць адлюстроўваць аб’ектыўную рэальнасць, а не скажаць яе», – сказаў на судзе ў апошнім слове Юрый Бубноў.

Уладзіміра Булаўскага асудзілі паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»).

Да 4 гадоў зняволення асуджаны Яўген Меркіс – гісторык, журналіст, краязнаўца, папулярызатар беларускай культуры і гісторыі.

Да 2 гадоў «хатняй хіміі» асуджаная Яна Цэгла – літаратарка, аўтарка казак, журналістка.

26 траўня Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь разгледзеў апеляцыйную скаргу журналіста, эсэіста, паэта Анджэя Пачобута на вынесены яму прысуд. Разгляд скаргі адбыўся ў закрытым рэжыме без тлумачэння прычынаў. Суддзя пакінуў прысуд без зменаў – 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

30 траўня ў Гомлі ў суд была перададзеная крымінальная справа Ларысы Шчыраковай – рэжысёркі-дакументалісткі, папулярызатаркі гісторыі і этнаграфіі, выканаўцы народных песень, рэканструктаркі народных абрадаў, каардынатаркі праекту ўшанавання памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя», выканаўцы ролі рэпрэсаванай і расстралянай беларускай палітычнай дзяячкі Палуты Бадуновай у фільме «Палута Бадунова: успомніць і не забыць», знятага рэжысёрам Валерам Мазынскім. Ларысу Шчыракову затрымалі 6 снежня 2022 года ў Гомлі.

31 траўня была перададзеная ў суд крымінальная справа Паўла Мажэйкі – кіраўніка культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» ў Горадні, журналіста, каардынатара выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», якая спецыялізавалася на выданні кніг аўтараў з Горадні і пра Горадню. Паўла Мажэйку затрымалі і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання Горадні 30 жніўня 2022 года.

У другой палове траўня былі затрыманыя на содні: мовазнаўца Алена Анісім (пакуль былая дэпутатка і кіраўніца ТБМ адбывала адміністратыўны арышт, яе звольнілі з Акадэміі навук); спявачка Патрыцыя Свіціна; удзельнікі гурта «faceOFF» – браты Дзяніс Петух і Дзмітрый Петух і гітарыст Аляксей; сацыёлаг Андрэй Баханаў; архітэктарка Галіна Захаркіна; гісторык Сяргей Глазырын; літаратуразнаўца Алена Храмцова; гісторык Віктар Чараўко.

Дзеячам культуры ў зняволенні працягваюць блакаваць магчымасці камунікацыі з вонкавым светам, не перадаюць лістоў.

У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» улады ўнеслі кнігу «Гісторыя Польшчы ад старажытных часоў да нашых дзён» і зборнік «Polskie pieśni patriotyczne».

Незалежнага выдаўца Змітра Коласа абавязалі аплаціць выдаткі, панесеныя Міністэрствам інфармацыі падчас працэдуры ліквідацыі выдавецтва. Эканамічны суд Менску на падставе позвы ведамства ануляваў пасведчанне аб рэгістрацыі прадпрымальніка і абавязаў яго заплаціць амаль 800 рублёў судовых выдаткаў.

Hавiны
У няволі застаюцца 135 дзеячаў культуры
2023.03.03 08:55

За беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку цягам апошніх двух тыдняў траўня ў Лідзе затрымалі 8 чалавек. На відэа, распаўсюджаным праз праўладныя тэлеграм-каналы, затрыманых прымусілі спальваць бел-чырвона-белы сцяг. На іх склалі пратаколы паводле арт. 19.11 КаАП РБ («Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці»), а на дваіх заведзеныя крымінальныя справы за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года.

28 траўня ў г. Глыбокае Віцебскай вобласці адбыліся ператрусы і затрыманні за бел-чырвона-белы сцяг, знойдзены ў возеры Кагальнае.

Працягваецца дзяржаўны вандалізм у дачыненні мясцінаў памяці. Ва ўрочышчы Курапаты, месцы сталінскіх расстрэлаў, супрацоўнікі лясгаса спілоўвалі дрэвы і незваротна нішчылі крыжы, усталяваныя на месцы масавых пахаванняў. Акты вандалізму ў Курапатах адбываюцца з дазволу ўладаў з сярэдзіны 1990-х гадоў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў