Справу палітзняволенай журналісткі Ларысы Шчыраковай перадалі ў суд


Следства па справе палітзняволенай гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай завершанае, усе справы перададзены ў суд і найбліжэйшым часам адбудзецца судовае паседжанне. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы актывіст Ілья Міронаў.

Ларыса Шчыракова.
Фота: Ларыса Шчыракова / Facebook

На Ларысу Шчыракову завялі крымінальную справу паводле артыкулу 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»). Якія менавіта дзеянні ставяць ёй у віну, дагэтуль не вядома. Максімальная санкцыя па гэтым артыкуле – да 4 гадоў калоніі.

Шчыракову затрымалі ў Гомлі 6 снежня 2022 года. Пасля гэтага ейнага 16-гадовага сына Святаслава міліцыя перадала ў «сацыяльна-педагагічны цэнтр». Хлопца сваякам не аддавалі, спасылаюцца на тое, што чакаюць «законнага прадстаўніка» – бацьку, які жыве ў Новасібірску. Пазней падлетка ўсё ж такі забраў бацька, якія адмыслова прыляцеў з Расеі.

Да 2021 года Шчыракова супрацоўнічала з шэрагам незалежных выданняў. Раней палітзняволеная ўзначальвала краязнаўчую арганізацыю «Талака», якую ўлады зліквідавалі. Дзякуючы Ларысе Шчыраковай многія зацікавіліся беларускай культурай: яна ладзіла святы Купалле, Жаньцібу Цярэшкі, Каляды, іншыя ўяўленні. На яе запрашэнне ў 2000-х у Гомель прыязджалі вядомыя гісторыкі і краязнаўцы. У 2018 годзе яна стварыла ток-пляцоўку «Медыяпрастора», дзе праходзілі трэнінгі для журналістаў. Зняла шэраг дакументальных фільмаў.

Са жніўня 2020 года Ларысу неаднаразова затрымлівалі і судзілі па адміністрацыйных артыкулах. З пачатку 2021 года ў яе дома прайшло не менш за 4 ператрусы. Пасля чарговага ператрусу і допыту ў лютым мінулага года на сваёй станіцы ў Facebook яна напісала, што перастае займацца журналістыкай.

Hавiны
Сына затрыманай журналісткі Ларысы Шчыраковай забраў з прытулку ягоны тата
2022.12.23 21:19

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў