Да сваякоў актывіста Аляксандра Стральцова прыйшлі з ператрусам


Як стала вядома «Белсату», у Беларусі да сваякоў актывіста Аляксандра Стральцова прыйшлі сілавікі, правялі ператрус. Сам актывіст знаходзіцца за мяжой. Нагода для ператрусу невядомая.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Невядомы ў форме байца АМАП змененым голасам зачытвае зварот «Нас не запужаць» у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ. 13 кастрычніка 2020 года. Скрыншот: CTVBY / Youtube

Александр Стральцоў быў удзельнікам вулічных акцый пратэсту і нават адным з ініцыятараў шэсця на вуліцу Акрэсціна, дзе ў жніўні-верасні ўтрымлівалі самую вялікую колькасць затрыманых пратэстоўцаў.

У снежні 2021 году ён вымушаны быў з’ехаць з краіны ў суседнюю Украіну, каб не патрапіць за краты. Ад самага пачатку вайны прыняў удзел у тэрытарыяльнай абароне, але пасля траўмавання з’ехаў у Польшчу.

Стральцоў расказаў выданню «Зеркало», што не ведае канкрэтнай прычыны ператрусу, але падазрае, што «прэтэнзіяў» да яго ў сілавікоў можа быць шмат, і ў ліку іх – сюжэты ў розных медыях, у тым ліку замежных.

«Сваякам сілавікі не патлумачылі, з якой прычыны праводзяць ператрус і якая крымінальная справа распачатая. Пры гэтым, пры ператрусе называлі нават адрасы вясковых хатаў маіх дзядоў-бабуляў», – сказаў ён.

Гэткая практыка рэгулярная. Сілавікі ў Беларусі рэгулярна ладзяць ператрусы ў сваякоў актывістаў, якія знаходзяцца за мяжою, затрымліваюць сваякоў актывістаў, не ўтойваюць гэткіх рэпрэсіяў.

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў