Аналітыка

Куды падзеліся беларускія інжынеры і што не так з іхнай адукацыяй?

Інжынеры навучаюць чалавекападобных робатаў у інавацыйным цэнтры чалавекападобнай робататэхнікі ў парку Шоўган у Пекіне, Кітай. Ілюстрацыйны здымак. Фота: Fading/Beijing Youth Daily / VCG/Getty Images
Інжынеры навучаюць чалавекападоІнжынеры навучаюць чалавекападобных робатаў у інавацыйным цэнтры чалавекападобнай робататэхнікі ў парку Шоўган у Пекіне, Кітай. Ілюстрацыйны здымак. Фота: Fading/Beijing Youth Daily / VCG/Getty Imagesбных робатаў у інавацыйным цэнтры чалавекападобных робатаў у парку Шоўган у Пекіне, Кітай. Ілюстрацыйны здымак. Фота: Fading/Beijing Youth Daily / VCG/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Днямі беларускі ўрад выдаў цікавы дакумент, які называецца «Канцэпцыя развіцця інжынернай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на перыяд да 2035 года». Што не так з інжынернай адукацыяй у краіне, што для яе развіцця спатрэбілася прыдумаць цэлую канцэпцыю? Разбіраемся.

Пачатак вучобы ў адной са школаў Менску, Беларусь. 1 верасня 2022 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
«Гэта ўжо не адукацыя, а сістэма ўліку і кантролю». Каму і навошта трэба новыя правілы прыёму ў школы і гімназіі Аналітыка

Адзін прэм’ер прыдумаў, другі падпісаў


Канцэпцыя распрацаваная ў мэтах развіцця інжынернай адукацыі, павышэння якасці рыхтавання інжынерных кадраў і гарантавання тэхналагічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, адзначаецца ў паведамленні ўраду.


15 траўня канцэпцыю зацвердзіў урад, адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. Яна набыла моц у момант падпісання. 


Як вынікае з назвы, мэта дакументу – удасканаліць адукацыю інжынераў. Для гэтага прапануецца «мадэрнізаваць навучальнае асяроддзе», палепшыць змест праграмаў і адукацыйных тэхналогіяў, павысіць эфектыўнасць выкладання, а таксама зрабіць больш папулярнай прафесію інжынера і тэхнічнага спецыяліста.


На базе ўніверсітэтаў плануецца ствараць «цэнтры кампетэнцыяў». Гэта прадугледжвае, што навучальныя ўстановы атрымаюць сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне, каб рыхтаваць спецыялістаў з апераджальнымі тэмпамі, улічваючы патрэбы кампаніяў, якія шукаюць кадры.


Рэалізацыя канцэпцыі, як мяркуецца, дапаможа зрабіць практыку студэнтаў на прадпрыемствах больш карыснаю і ўлучыць у праграмы ВНУ тыя прадметы, якія патрэбныя рэальнаму сектару эканомікі.

,,

«Рэалізацыя канцэпцыі будзе спрыяць пашырэнню рыхтавання інжынерных кадраў паводле міждысцыплінарных спецыяльнасцяў, у тым ліку тых, якія выкарыстоўваюць тэхналогіі штучнага інтэлекту, машыннага навучання, лічбавых двайнікоў, квантавых вылічэнняў, уцягненню арганізацыяў – замоўцаў кадраў у рыхтаванне такіх спецыялістаў», – адзначаецца ў паведамленні ўраду. 


Як вынікае з апошняга, асаблівую ўвагу збіраюцца звярнуць на рыхтаванне інжынераў у кірунках, што ўважаюцца асноўнымі для ІТ-галіны.


Інжынераў мала, навучальныя праграмы састарэлыя


Выглядае, што ўлады сапраўды сур'ёзна заклапочаныя адукацыяй інжынераў. Але з чаго б гэта? Насамрэч гэтая праблема не новая. Аляксандр Лукашэнка звяртаў на яе ўвагу яшчэ год таму: на нарадзе ў красавіку 2024-га ён адзначыў, што «неабходна ўзняць прэстыж інжынерных прафесіяў, іначай усе планы так і застануцца пустымі паперкамі».


«Мала змяніць падыход да рыхтавання кваліфікаваных адмыслоўцаў працоўных і тэхнічных прафесіяў. Мы павінны з увагі на досвед савецкага мінулага істотна ўзняць прэстыж інжынерных прафесіяў, падвысіць статус тых людзей, чыймі рукамі і інтэлектам ствараюцца рэальныя матэрыяльныя каштоўнасці», – заяўляў ён 9 красавіка 2024 года на нарадзе, прысвечанай стану і задачам развіцця прамысловасці. 

Галоўны корпус БНТУ. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 6 чэрвеня 2024 года. Фота: Bntu.by
Галоўны корпус БНТУ. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 6 чэрвеня 2024 года. Фота: Bntu.by

Напрыканцы года аб магчымым недахопе ў найбліжэйшай будучыні спецыялістаў-інжынераў загаварыў тагачасны прэм’ер Раман Галоўчанка. Гэта адбылося на нарадзе, прысвечанай акурат пытанням рыхтавання інжынерных кадраў.


Тады Галоўчанка, у прыватнасці, адзначыў, што засталося нейкіх пяць гадоў, і беларускія прадпрыемствы могуць сутыкнуцца з тым, што ім будзе бракаваць маладых інжынераў. 

,,

«Набор на тэхнічныя спецыяльнасці ніжэйшы, чым замова арганізацыяў на рыхтаванне такіх кадраў. У 2023 годзе на інжынерныя спецыяльнасці залічаныя больш за 16 тыс. абітурыентаў. А ў год іх выпуску з ВНУ, у 2027 годзе, заказ складае ўжо 21,5 тыс. чалавек, гэта значыць, рэальны сектар можа недаатрымаць каля 5 тыс. маладых спецыялістаў», – сказаў тады прэм'ер. 


Паводле словаў Рамана Галоўчанкі, інжынераў у Беларусі рыхтуюць менш, чым патрабуе эканоміка, і прычыны гэтага – адсутнасць сучасных інжынерных спецыяльнасцяў, састарэлыя навучальныя праграмы і слабая матэрыяльна-тэхнічная база.


Сістэму інжынернай адукацыі трэба змяняць і прыстасоўваць да рэальных патрэбаў, заявіў ён. У першую чаргу павінны перагледзець сваю палітыку тыя ВНУ, якія выконваюць асноўную ролю ў рыхтаванні інжынераў. У краіне іх сем, у тым ліку БНТУ.


Пасля нарады, нібыта апраўдваючыся на закіды прэм’ера, міністр адукацыі Андрэй Іванец казаў, што доля набору інжынераў цяпер цалкам адпавядае патрэбам эканомікі. Паводле яго, за апошнія два-тры гады гэты паказнік вырас да 34 % ад агульнай колькасці студэнтаў. Ён таксама падкрэсліў, што ў Беларусі ўжо дзейнічае эфектыўная сістэма рыхтавання інжынерных кадраў, і цяпер кожны пяты студэнт у ВНУ – будучы інжынер.

Праграміст. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Sergiy Galyonkin / Flickr, CC BY-SA 2.0
Праграміст. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Sergiy Galyonkin / Flickr, CC BY-SA 2.0

Выгнаць з краіны людзей з тэхнічнай адукацыяй, а потым пісаць канцэпцыю


Выглядае, што словы міністра адукацыі не моцна пераканалі прэм’ера. У выніку з’явілася цэлая канцэпцыя развіцця інжынернай адукацыі, а ў ёй – усё тая жа гаворка пра невысокую прывабнасць інжынернай прафесіі ў грамадстве, пра недахоп прафесійных выкладчыкаў, неэфектыўнае прагназаванне патрэбаў у інжынерных кадрах.


Тое, што заклапочанасць чыноўнікаў мае падставы, пацвярджаюць лічбы. На сёння агульная база вакансіяў ужо перакрочыла мяжу 206 тысячаў пазіцыяў, і гэта з улікам таго, што на 1 снежня 2023 года на сайце дзяржаўнай службы занятасці было больш за 137 тысячаў абвестак, улетку мінулага года – каля 164 тысячаў, у пачатку 2025 года – 184 тысячы, а станам на 1 красавіка – 195 278 вакансіяў.


Станам на 18 траўня вакансіяў, якія маюць у назве слова «інжынер», у базе налічваецца больш за 7247, з іх толькі 2160 прапануюць заробак, вышэйшы за сярэдні медыянны (паводле Белстату, у лістападзе 2024 года ён склаў Br 1792,2).


Адмыслоўцы неаднаразова звярталі ўвагу на тое, што сярод прычынаў дэфіцыту працоўных рэсурсаў у краіне не толькі эканамічныя, але і палітычныя: за апошнія чатыры гады многія маладыя, адукаваныя і перспектыўныя беларусы ва ўзросце 18–24 гадоў пачалі масава выязджаць за мяжу – як адказ на палітычны ціск і адсутнасць перспектываў у краіне. Паводле ацэнак, каля 40 % тых, хто выехаў, – гэта менавіта такая актыўная моладзь. У выніку Беларусь губляе частку сваёй працоўнай сілы.

Абітурыенты здаюць ЦТ у Беларуска-расейскім універсітэце ў Магілёве, Беларусь. Здымак мае ілюстрацыйны характар.  Фота: sb.by
Абітурыенты здаюць ЦТ у Беларуска-расейскім універсітэце ў Магілёве, Беларусь. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by

Як адзначае акадэмічны дырэктар Інстытуту развіцця сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе Андрэй Лаўрухін, нічога дзіўнага ў сітуацыі, што склалася, ён не бачыць: здарылася тое, пра што амаль дваццаць пяць гадоў гавораць у асяроддзі экспертнай супольнасці і людзей, якія маюць дачыненне да адукацыі і навукі. І гэтыя прычыны пералічаныя ў паведамленні, якім суправаджаўся выхад канцэпцыі.


«Там пералічаныя, дарэчы, пяць такіх асноўных прычынаў, на якія мы заўсёды звярталі ўвагу. Гэта састарэлыя кадры, гэта непрывабныя спецыяльнасці – інжынерныя, фізічна-матэматычнага профілю, на якія вельмі нізкі запыт з боку абітурыентаў. Гэта дэфіцыт адпаведнай сучаснаму ўзроўню тэхнікі. Гэта таксама разрыў паміж узроўнем ведаў і запытам з боку рынку працы. Вось гэтыя ўсе чыннікі, відавочна, сталіся настолькі балючымі, што вымушаныя былі ўжо зрабіць гэтую канцэпцыю. Канцэпцыя ў гэтым сэнсе – такі сігнал-маркер таго, што праблемы сапраўды не жартоўныя, вялікія праблемы, балючыя», – адзначыў у размове з «Белсатам» Андрэй Лаўрухін.


Суразмоўца звяртае ўвагу на тое, што ўлады самі стварылі такую сітуацыю, справакаваўшы адток кадраў, калі людзі з'ехалі з краіны. У выніку ўва ўсіх навучальных установах тэхнічнага профілю застаўся састарэлы кадравы склад. 

,,

«Узяць спачатку выгнаць сотні тысяч грамадзянаў з вышэйшай адукацыяй тэхнічнага профілю. Там жа было шмат людзей, якія з’ехалі, і сярод іх было шмат тых, хто займаўся і меў адукацыю тэхнічнага і фізічна-матэматычнага профілю. І гэта іх [уладаў] не бянтэжыла. Яны тады не думалі пра гэта. А цяпер наступствы – вось яны і пажынаюць плён сваёй палітыкі», – адзначае суразмоўца. 


Былая загадчыца кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Ірына Сідорская ў каментары «Белсату» адзначыла, што ўлады спахапіліся і пачалі дзейнічаць у кірунку навучання будучых інжынераў, бо гэтая прафесія сёння робіцца больш запатрабаванай, актуальнай.


У гэтым святле яна падкрэсліла, што ўсе словы, якімі апісваецца неабходнасць рыхтавання такой канцэпцыі, слушныя, і, магчыма, з дапамогаю такіх захадаў удасца навярстаць тое, што было ўпушчанае. Але разам з тым яна выказала свой сумнеў наконт такіх перспектываў, дадаўшы, што, верагодна, «мы ўжо ўсе пазіцыі тут страцілі».


«Насамрэч трэба было займацца развіццём інжынернай адукацыі даўно», – падсумавала Сідорская, дадаючы, што для таго, каб навярстаць у гэтым кірунку ўпушчанае, спатрэбіцца вельмі шмат рэсурсаў.


Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10