Доналд Трамп заявіў, што нядаўнія атакі ўкраінскіх беспілотнікаў на авіябазы ў Расеі далі Пуціну падставу для масаваных бамбардаванняў у адказ.
Пра гэта амерыканскі прэзідэнт сказаў журналістам на борце самалёта «Air Force One».
Журналіст спытаў у прэзідэнта ЗША, ці змянілася ягонае меркаванне пра Зяленскага і пра козыры, якія ёсць у яго на руках, пасля атакі ўкраінскіх дронаў на аэрадромы з бамбардавальнікамі на тэрыторыі Расеі.
«Яны далі Пуціну прычыну пайсці і проста разбамбіць іх мінулай ноччу. Вось што мне не спадабалася. Калі я гэта ўбачыў, я сказаў: "Вось і ўсё, цяпер будзе ўдар"», – сказаў Трамп.
На пытанне, ці можа адбыцца ядравая эскалацыя паміж Расеяй і Украінай, Трамп адказаў, што ён «так не думае».
Што да санкцыйных законапраектаў супраць Расеі ў Сенаце, палітык адзначыў, што выкарыстае гэты інструмент, калі спатрэбіцца.
«Калі Расея не збіраецца падпісваць дамову або спыняць кровапраліцце… Так, я выкарыстаю гэта, калі спатрэбіцца. І мне сапраўды далі такую магчымасць», – сказаў ён.
На пытанне, ці спрабуе Трамп уплываць на Сенат, каб змякчыць законапраект, прэзідэнт адказаў, што не рабіў гэтага.
Нагадаем, што 1 чэрвеня падчас аперацыі, якой далі назву «Павуціна», дроны СБУ пацэлілі адразу ў чатыры вайсковыя аэрадромы РФ – «Белая», «Дягилево», «Оленья», «Иваново» ў Мурманскай, Іванаўскай, Разанскай і Іркуцкай вобласцях. Сібірскі рэгіён зазнаў абстрэл упершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Ва Украіне заяўлялі, што пашкодзілі або знішчылі 41 расейскі самалёт стратэгічнай авіяцыі, адзін з іх – самалёт-выведнік А-50, падарванага ў 2023 годзе ў Мачулішчах пад Менскам.
Раман Шавель belsat.eu