навіны

У Беларусі няма каму працаваць? Ці можа, мала ахвочых працаваць за такія грошы? Глядзім банк вакансіяў

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рабочы Гомельскага заводу пускавых рухавікоў.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рабочы Гомельскага заводу пускавых рухавікоў. Фота: Gzpd.by
podpis źródła zdjęcia

Імклівы рост колькасці вакансіяў на сайце дзяржаўнай службы занятасці апошнім часам прыпыніўся ў раёне 164 тысяч актуальных абвестак. Працадаўцы шукаюць 3 % ад рабочай сілы краіны. Толькі яны ў сярэднім не гатовыя плаціць сярэдні заробак.

Абвесткі аб пошуку працаўнікоў у Беларусі найчасцей даюць на сайце дзяржаўнай Службы занятасці Gsz.gov.by. Пакуль публікацыя абвестак там добраахвотная, але са студзеня ўлады разглядаюць законапраект, каб зрабіць абавязковай публікацыю вакансіяў спачатку там, а потым у іншых крыніцах. 

І да нядаўняга часу колькасць вакансіяў у Службе занятасці імкліва расла: у ліпені было 164 з лішнім тысячы, у чэрвені 159 тысяч, у траўні 152 тысячы, у лютым 137 тысяч – прыблізна столькі ж, колькі на канец снежня-2023. Год таму банк вакансіяў налічваў 123 тысячы абвестак. 

Падобна, рост прыпыніўся: на момант публікацыі на сайце Службы занятасці 163 171 абвестка, з іх дададзеныя за апошні месяц 71 857, за апошні тыдзень – 14 677, за дзень – 437.

Гэтыя 163 тысячы – 3,28 % ад усёй рабочай сілы Беларусі, якая, паводле Белстату, налічвае 4,979 млн чалавек. І гэта блізка да колькасці беспрацоўных з дзяржаўнай статыстыкі.

Выходзіць, праца ёсць, вольныя працоўныя рукі ёсць – чаму ж колькасць вакансіяў не змяншаецца? Магчыма, справа ў патрабаваннях да шукальнікаў працы і заробках, якія пры тых патрабаваннях прапануюць.

Колькі гатовыя плаціць

Звярніце ўвагу: з бальшыні абвестак невідавочна, ці пазначаны заробак «бруднымі» (да вынятку падаткаў і збораў), ці «чыстымі» (па вынятку, то бок колькі «на рукі»). Сярэдні і медыянны заробкі, якія публікуе Белстат, гэта заробкі «бруднымі», ад якіх трэба адымаць 14 %, каб атрымаць заробкі «чыстымі».

У базе вакансіяў знайшлося амаль 115 тысяч абвестак пра пастаянную працу з пазначаным заробкам, актуальных у гэтым месяцы. 

Мінімальны заробак за поўную стаўку адпавядае мінімальнаму заробку па краіне: 626 рублёў. Але можна зарабляць і менш: напрыклад, у Жыткавічах у «Беларусбанк» шукаюць рабочага на комплексны рамонт будынкаў за 41–45 рублёў на месяц на 0,1 стаўкі.

Максімум – ад 10 да 15 тысячаў рублёў на месяц менеджару па вонкаваэканамічных сувязях у кампанію «МарсКарс», якая прадае ў Беларусі кітайскія аўто. Важнае патрабаванне: трэба добра валодаць кітайскай мовай. 

Сярэдні заробак у Беларусі, калі верыць Белстату, складаў у чэрвені 2270 рублёў (больш новых звестак няма). 

Ды ў Службе занятасці не так шмат абвестак з такім заробкам: тых, дзе заробкі пачынаюцца ад 2270 рублёў на месяц – толькі 3054 вакансіяў або 2,66 % ад усіх абвестак. 

Але сярэдні заробак – не надта добры паказнік. Калі дырэктар атрымлівае 5 тысяч, а чацвёра ягоных падначаленых па 1 тысячы, то сярэдні заробак у кампаніі – 2 тысячы. Лепшы паказнік – медыянны заробак, то бок заробак сярэдняга чалавека ў спісе заробкаў ад найменшага да найбольшага.

Медыянны заробак у Беларусі, паводле Белсатату, у траўні складаў 1688,3 рубля (больш новых звестак няма). Гэта 536 долараў – крыху больш за «сакральныя па пяцьсот». Але калі адняць падаткі і зборы, выходзіць 461 долар.

Але ў абвестках Службы занятасці з пазначаным заробкам медыянны па вакансіях – 925 рублёў на месяц. Не «па пяцьсот», а нават не «па трыста».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Матч «БАТЭ-2» (у жоўтай форме) і «Маладзечна–2018» (у бел-зялёнай). Барысаў, Беларусь. 12 жніўня 2024 года. Фота: Fcbate.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Матч «БАТЭ-2» (у жоўтай форме) і «Маладзечна–2018» (у бел-зялёнай). Барысаў, Беларусь. 12 жніўня 2024 года. Фота: Fcbate.by

За такія грошы – 925 рублёў на месяц – шукаюць, напрыклад, пекара ў Пружанах, фрэзероўшчыка ў Менску, настаўніка ў вёсцы Малыя Зводы пад Берасцем, прадаўца ў краме ў Салігорску, намесніка дырэктара футбольнага клубу «Маладзечна-2018», аператара ЭВМ (на мове айцішнікаў – энікейшчыка) ў «КобрынБакалею» і ў менскі НДІ пажарнай бяспекі, вядучых аграномаў у Шчучыне і Зэльве, кіроўцу ў школу аграгарадку Жамчужным пад Баранавічамі, сядзелку ў Клімавіцкі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання, начальніка ўчастка ЖКГ у Зэльве, інжынера арганізацыі перавозак на МТЗ, тэхніка на «Менск-арэну»… 

І за такія грошы можна папрацаваць і праграмістам: напрыклад, у менскім БДУІР і на менскім станкабудаўнічым заводзе, у віцебскім раённым цэнтры забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацыяў, у воранаўскім аблспажыве, у жлобінскай «Белпошце», у мемарыяле «Берасцейская крэпасць». 

Чытайце таксама: «Месячнага заробку беларуса з рэгіёну не хопіць» – палічылі, колькі сёлета бацькам каштуюць зборы ў школу

Алесь Наваборскі, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10