навіны

Пуцін і Трамп размаўлялі па тэлефоне больш за дзве гадзіны. Пра што?

Сувенірная крама дэманструе матрошкі з выявамі Уладзіміра Пуціна і Доналда Трампа
Сувенірная крама дэманструе матрошкі з выявамі Уладзіміра Пуціна і Доналда Трампа. Масква, Расея. 3 снежня 2019 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Misha Friedman / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Каля 19:45 маскоўскага часу ў панядзелак 19 траўня Уладзімір Пуцін заявіў, што тэлефонная размова з прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам завяршылася, паведамляе ТАСС. Трывала яна больш за дзве гадзіны.

Чытайце таксама:
Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп. Фота: Andrew Harnik / Getty Images

Трамп будзе тэлефанаваць Пуціну і Зяленскаму: што адбываецца пасля перамоваў у Стамбуле

Кіраўнік Расейскай Федэрацыі назваў размову шчырай, змястоўнай і канструктыўнай. Паводле Пуціна, Трамп выказаў пазіцыю наконт спынення агню, а таксама зазначыў, што Расея выступае за мірнае ўрэгуляванне крызісу ва Украіне.


Пуцін падзякаваў Трампу за падтрыманне ў аднаўленні беспасярэдніх перамоваў Масквы і Кіева (у тым, што яны перарваліся ў 2022 годзе, Пуцін абвінаваціў Украіну) ды зазначыў, што спыненне агню «магчымае пры дасягненні адпаведных дамоўленасцяў» і кампрамісаў, якія будуць задавальняць абодва бакі. Пытанні спынення агню і прынцыпы ўрэгулявання могуць увайсці ў мемарандум РФ і Украіны, над якім, паводле Пуціна, Расея гатовая працаваць.


У сваёй заяве пасля размовы з амерыканскім прэзідэнтам Пуцін аднак ізноў сказаў пра «неабходнасць зліквідаваць першапрычыны ўкраінскага крызісу».


«Дамовіліся з прэзідэнтам Злучаных Штатаў, што Расея прапаную і гатовая працаваць з украінскім бокам над мемарандумам датычна магчымай будучай мірнай дамовы з вызначэннем шэрагу пазіцыяў, такіх, як прынцыпы ўрэгулявання, тэрміны магчымага заключэння мірнага пагаднення, уключаючы і магчымае спыненне агню на пэўны час у выпадку дасягнення адпаведных дамоўленасцяў. <…>. Пытанне ў тым, каб расейскі і ўкраінскі бакі выказалі максімум памкненняў да міру. <...>. Хачу зазначыць, што ў цэлым пазіцыя Расеі вядомая. Галоўнае для нас – ліквідаваць першапрычыны гэтага крызісу», – сказаў Пуцін.


Паводле Пуціна, прэс-сакратар Пяскоў ці памочнік Ушакоў «растлумачаць пазней дэталі размовы з Трампам».


Трамп напісаў у сацсетцы TruthSocial, што «тон і дух размовы былі выдатнымі», і што Расея і Украіна неадкладна распачнуць перамовы аб спыненні агню і завяршэнні вайны. Умовы дзеля гэтага абодва бакі будуць узгадняць паміж сабой.


Таксама Трамп зазначыў, што пасля сканчэння вайны Расея хоча гандляваць з ЗША.


«Расея хоча распачаць буйнамаштабны гандаль са Злучанымі Штатамі, калі скончыцца гэтае катастрафічнае кровапраліцце, і я з гэтым згодны. У Расеі ёсць вялізная магчымасць стварыць масу працоўных месцах і дасягнуць багацця. Яе патэнцыял – бязмежны».


Паводле прэзідэнта ЗША, ад гандлю паміж ЗША і Расеяй вялізную карысць можа атрымаць таксама Украіна «у працэсе аднаўлення сваёй краіны».


Трамп цяпер мае намер праінфармаваць еўрапейскіх лідараў аб пачатку перамоваў паміж Украінай і Расеяй.


«Перамовы паміж Расеяй і Украіна распачнуцца неадкладна. Я праінфармаваў аб гэтым прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, Урсулу фон дэр Ляен – старшыню Еўракамісіі <…> Ватыкан, прадстаўлены Папам Рымскім, заявіў, што вельмі зацікаўлены ў правядзенні перамоваў на сваёй тэрыторыі. Няхай распачнецца працэс!», – напісаў Трамп.

Прэзідэнт ЗША заявіў, што будзе тэлефанаваць Пуціну на наступны дзень пасля перамоваў украінскай і расейскай дэлегацыяў, якія прайшлі ў Стамбуле 16 траўня.


«Я буду размаўляць праз тэлефон з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным з Расеі ў панядзелак а 10:00. Тэмамі размовы будуць спыненне кровапраліцця, якое забірае ў сярэднім больш за 5000 жыццяў расейскіх і ўкраінскіх салдатаў за тыдзень, і гандаль. Потым я буду размаўляць з прэзідэнтам Зяленскім з Украіны, а пасля – разам з прэзідэнтам Зяленскім і рознымі сябрамі NATO. Спадзяюся, гэта будзе прадуктыўны дзень, будзе дасягнутае спыненне агню, і гэтая вельмі жорсткая вайна, якая ніколі не павінна была адбыцца, скончыцца», – напісаў Трамп у Truth Social.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10