Сёння ў праўладных каналах з’явілася відэа, у якім малады чалавек Аляксей Бурбіцкі заявіў пра ўзлом платформы «Новая Беларусь» і крадзеж усіх дадзеных карыстальнікаў. Бурбіцкі настойвае на тым, што гэта адбылося яшчэ ў пачатку года, а стваральнік «Новай Беларусі» Павел Лібер спрабаваў «замяць» справу. «Белсат» вырашыў паразмаўляць з самім Паўлам Ліберам і высветліць усе акалічнасці гэтай справы.
Пра што гаворка
Асноўны змест відэазапісу Аляксея Бурбіцкага зводзіцца да таго, што ў пачатку 2025 году на пошту стваральнікам платформы прыйшоў ліст, у якім казалася пра ўзлом платформы і патрабавалася сума ў адзін біткойн для таго, каб вярнуць кантроль над платформай уладальнікам.
Параіўшыся паміж сабой, кіраўніцтва праекту нібыта вырашыла «замаўчаць» інцыдэнт, перайменаваць праект з «Новай Беларусі» ў «Svae» і змяніла палову каманды, якая над ім працавала. Прычына – быццам бы акурат у той час быў атрыманы вялікі грант на распрацоўку праекту. У дадатак пазней Бурбіцкі даведаўся, што, маўляў, дадзеныя карыстальнікаў платформы можна знайсці ў адкрытым доступе на хакерскіх сайтах. Хлопец спрабаваў дагрукацца да Лібера, але так і не атрымаў адказу, таму вырашыў расказаць усё публічна.
У размове з «Белсатам» заснавальнік платформы «Новая Беларусь» прызнаецца, што даведаўся пра з’яўленне падобнага відэа ад СМІ, якія папрасілі ў яго каментар на гэтую тэму. Павел Лібер назваў гэта ўкідам і адзначыў, што такія ўкіды з’яўляюцца «не ў першы і не ў апошні раз».
,,«Я звычайна вельмі спакойна рэагую, таму што любы чалавек, які спампоўваў і адкрываў дадатак «Новая Беларусь», які цяпер [называецца] «Svae», ведае, што ім можна карыстацца цалкам ананімна. Альбо, калі ты хочаш пісаць у чат, у чаце ты можаш пакінуць email, і то ён просіць, каб ты яго ананімізаваў», – адзначае наш суразмоўца.
У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што заўсёды, калі глядзіць на скрыншоты так званых «зліваў», у якіх публікуецца шмат персанальнай інфармацыі, задаецца адным пытаннем: дзе ў дадатку «Новая Беларусь» можна знайсці месца, куды ўсю гэтую інфармацыю ўвесці?
,,«І ўся гэта гісторыя паўтараецца з зайздросным пастаянствам яшчэ з дваццатага года. Там, праўда, ламалі базы «Голасу» і злівалі. Зараз ламаюць базы «Новай Беларусі», зараз будуць ламаць базы «Svae». Мы проста бачым, што з цягам часу гэта такі бесперапынны працэс», – заўважыў Лібер.
Ён нагадаў, што ўсе карыстальнікі могуць самі зайсці ў любы момант у дадатак і пераканацца, што ніякіх персанальных дадзеных ён не збірае, «таму ўся вось гэта фундаментальная гісторыя пра зліў персанальных дадзеных – яна ад пачатку беспадстаўная».

Малады чалавек шукаў кантактаў
Лібер таксама назваў няпраўдай тое, што Аляксей Бурбіцкі з'яўляецца былым супрацоўнікам каманды «Новай Беларусі».
Гэты малады чалавек, паводле суразмоўцы, сапраўды меў з імі зносіны: ён з’явіўся прыкладна ў канцы сакавіка – пачатку красавіка і актыўна шукаў кантакты з прадстаўнікамі каманды ў чатах дыяспар, пісаў ім у сацсетках, рабіў прапанову зладзіць рэкламную інтэграцыю паміж сваім стартапам і дадаткам «Svae». Асабіста Ліберу ён прапноўваў ацаніць ягоны стартап і прыйсці на яго прэзентацыю.
,,«То-бок зараз, гледзячы на гэтую гісторыю, становіцца зразумела, што была дастаткова такая добрая падрыхтоўчая праца для таго, каб наблізіцца да праекта, каб можна было казаць, што ён там працаваў, каб гэта выглядала пераканаўча. Таму ён там нават рабіў нейкі івэнт у Моладзевым хабе [прастора ў Варшаве, дзе часта ладзяцца беларускія мерапрыемствы. – Заўв. «Белсату»] разам з камандай «Баймапкі», дакладней, там былі прадстаўнікі «Баймапкі». То-бок відаць, што праца дастаткова грунтоўная, што гэта не проста інфармацыйны ўкід, а нейкая вось папярэдняя падрыхтоўка», – заўважае Лібер.
Але, заснавальнік платформы «Новая Беларусь» у чарговы раз падкрэсліў, што ўся гэтая гісторыя разбіваецца аб тэзіс пра зліў персанальных дадзеных, «таму што і зліваць жа няма чаго». І калі не выконваецца гэтая фундаментальная ўмова, то ўсё астатняе становіцца загадзя непраўдзівым.
Ці быў ліст пра ўзлом?
Павел Лібер адзначае, што ліст пра нібыта ўзлом платформы сапраўды прыходзіў яму пару месяцаў таму. Паглядзеўшы на яго, Павел пераканаўся, што ў ім нічога супольнага няма з платформай «Новая Беларусь», таму што «перыядычна такія рэчы зʼяўляюцца, а беларуская прапаганда робіць з гэтага інфанагоду».
Тым не менш той ліст, кажа Лібер, добра ўпісваецца ў агульную канву падзеяў у гэтай гісторыі.
Што да скрыншотаў, якія паказаныя ў відэа, з персанальнымі дадзенымі людзей, то сказаць, адкуль яны былі ўзятыя, Лібер не бярэцца, але дакладна гэта не дадзеныя з «Новай Беларусі» – бо яны там папросту не збіраюцца.
Сістэмная праца
Павел Лібер адзначыў, што глядзіць на гэтую гісторыю як адзін з крокаў сістэмнай працы, якую вядуць беларускія спецслужбы, спрабуючы дыскрэдытаваць намаганні каманды, якая працуе над дадаткам «Новая Беларусь» (зараз «Svae»).
,,«Кожны год хтосьці з чымсьці выходзіць. У мінулым годзе Тур [прапагандыст на беларускім тэлебачанні. – Заўв. «Белсату!»] выходзіў і казаў, што ўсё, што мы зрабілі, зліта: «Голас» зліты, дадзеныя КР [Каардынацыйнай рады. – Заўв. «Белсату»] злітыя і г.д. Гэта для таго, каб мы не расслабляліся, каб яны не расслабляліся», – кажа Лібер.
Напрыканцы стваральнік «Новай Беларусі» нагадаў усім карыстальнікам платформы, каб яны вельмі ўважліва сачылі за сваімі персанальнымі дадзенымі і не падавалі іх нікуды, калі ў гэтым няма нейкай скрайняй неабходнасці.
Акрамя таго, Павел Лібер заклікаў усіх мысліць крытычна, бо падобныя сённяшняму наратывы вельмі хутка падхопліваюцца рознымі людзьмі, але «дастаткова насамрэч дзесяці секунд, каб зайсці і праверыць, што ніякіх дадзеных у дадатку ніколі не ўводзілася».
Раман Шавель belsat.eu