Старшыня Следчага камітэту Беларусі Дзмітрый Гара падчас 13 Пецярбургскага міжнароднага форуму «Права: лекцыі мінулага для міру будучыні» 19 траўня апавёў, колькі чалавек у нашай краіне асуджаныя паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў, за «здраду дзяржаве», а таксама якая колькасць ваяроў палка Каліноўскага абвешчаная ў вышук.
Паводле кіраўніка СК, пасля пратэстаў 2020 года да адказнасці былі прыцягнутыя больш за 6 тысяч «экстрэмістаў», якія «выношвалі план гвалтоўнага захопу ўлады».
77 чалавек паводле крымінальных справаў Следчага камітэту былі асуджаныя за «здраду дзяржаве».
Асобна Гара згадаў полк Каліноўскага і Беларускі добраахвотніцкі корпус.
Полк Каліноўскага ўлады Беларусі прызналі «тэрарыстычнай арганізацыяй». Паводле кіраўніка СК, супраць 5 кіраўнікоў палка ў фармаце спецыяльнага вядзення былі вынесеныя абвінаваўчыя прысуды з тэрмінамі пазбаўлення волі ад 12 да 20 гадоў. Акрамя таго, сілавікі працягваюць шукаць удзельнікаў палка: шасцёх чалавек ужо заключылі пад варту, 125 – абвешчаныя ў вышук.
У пачатку траўня ў сюжэце дзяржаўнага тэлебачання паказалі кадры з затрыманым байцом палка Каліноўскага Васілём Грачыхам з пазыўным Васіліск. У прапагандысцкім відэа гаварылася, што Васіля даставілі ў Беларусь з мяшком на галаве з-за мяжы, але з якой краіны – невядома.
У лістападзе 2024 года ў В’етнаме затрымалі і даставілі ў Беларусь ваяра палку Каліноўскага Васіля Верамейчыка.
Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», на дзень 19 траўня ў Беларусі за кратамі застаюцца 1170 палітычных вязняў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu