навіны

Меркаванне экспертаў: Трамп выходзіць з гульні, а перамовы скончацца нічым

Плакат з Доналдам Трампам і Уладзімірам Пуціным падчас дэманстрацыі за мір і супраць пераўзбраення ў Мілане, Італія. 5 красавіка 2025 года. Фота: Pier Marco Tacca/Getty Images
Плакат з Доналдам Трампам і Уладзімірам Пуціным падчас дэманстрацыі за мір і супраць пераўзбраення ў Мілане, Італія. 5 красавіка 2025 года. Фота: Pier Marco Tacca/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Пасля тэлефоннай размовы, якая адбылася паміж Уладзімірам Пуціным і Доналдам Трампам, надзеі на хуткае завяршэнне вайны так і не з'явілася. Нягледзячы на заявы, якія былі зроблены пасля тэлефанавання кожным з бакоў, палітычныя аглядальнікі Аляксандр Фрыдман і Ігар Тышкевіч настроеныя вельмі скептычна. 

На думку Аляксандра Фрыдмана, выглядае, што амерыканскі прэзідэнт хоча выйсці з перамоваў па Украіне. На гэта ўказвае тое, што пасля размовы з Пуціным ён зрабіў заяву, у якой «няма нічога» пра ролю ЗША ў будучым перамоўным працэсе, а таксама пра санкцыі супраць Расеі.

Сам жа Трамп, заўважае палітычны аналітык, робіць стаўку на ўдзел у перамовах Ватыкана: «Ватыкан у асобе Папы Рымскага выказаў вялікую зацікаўленасць у тым, каб стаць пляцоўкай для гэтых перамоваў. Няхай працэс пачынаецца!» – такімі словамі завершыў свой пост у сацыяльнай сетцы Truth Social амерыканскі прэзідэнт.

Акрамя таго, Аляксандр Фрыдман указвае на тое, што канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мерц кажа толькі пра еўрапейскія санкцыі, прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен падкрэслівае неабходнасць удзелу Злучаных Штатаў у мірных перамовах, на што спадзяецца і Кіеў. Але сам Вашынгтон «маўчыць».

,,

«Перамовы з Пуціным, якія ўзвышае Трамп, асуджаныя на правал, і базавы сцэнар на бліжэйшую перспектыву выглядае наступным чынам: працяг вайны, у якой Украіне застаецца разлічваць толькі на сябе і дапамогу Еўропы», – адзначае Аляксандр Фрыдман.


Доналд Трамп і Уладзімір Зяленскі. Калаж: pravda.com.ua
Зяленскі пасля размовы з Трампам: Украіна не прыме расейскія ўльтыматумы навіны

Палітычны аналітык Ігар Тышкевіч на пытанне аб тым, ці сапраўды Пуцін гатовы пайсці на завяршэнне так званай спецыяльнай ваеннай аперацыі, а Зяленскі – падпісаць мірнае пагадненне ўжо найбліжэйшымі тыднямі, адказвае адмоўна.

На ягоную думку, Трамп шукае выгаду адначасова па трох напрамках: заключэнне мірнага пагаднення (пажадана без удзелу Кітая), доступ да ўкраінскіх рэсурсаў і гандаль з Расеяй. У той жа час Расеі важна выйсці з вайны, захаваўшы «карціну перамогі», таму што ў адваротным выпадку Крэмль страчвае шанцы пацвердзіць свае амбіцыі глабальнай звышдзяржавы.

Сумясціць інтарэсы Трампа і Пуціна можна толькі адным спосабам – падзяліўшы перамоўныя фарматы на РФ – ЗША і РФ – Украіна, лічыць палітычны аглядальнік. Менавіта гэта спрабаваў зрабіць Пуцін раней праз ініцыятыву пра перамовы ў Стамбуле, і цяпер гэтую лінію падтрымлівае Трамп.

,,

«Таму ЗША і Расея будуць абмяркоўваць гандаль. У той час УС РФ будуць весці наступ ва Украіне. А больш-менш рэальныя контуры міру могуць з’явіцца не раней за восень», – рэзюмуе Ігар Тышкевіч.


Нагадаем, што 19 траўня адбылася тэлефонная размова паміж Уладзімірам Пуціным і Доналдам Трампам, якая цягнулася больш за дзве гадзіны. Кіраўнік Расейскай Федэрацыі назваў размову шчырай, змястоўнай і канструктыўнай. У сваю чаргу Доналд Трамп адзначыў, што размова прайшла вельмі добра і што Расея і Украіна неадкладна пачнуць перамовы аб спыненні агню і, што яшчэ важна, аб заканчэнні вайны.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10