Меркаваннi

Смерць «Атланту»?

Вытворчасць лядоўняў «Атлант»
Вытворчасць лядоўняў «Атлант». Менск, Беларусь. Кастрычнік 2024 года. Фота: Ірына Маліноўская / minsknews.by
podpis źródła zdjęcia

У траўні 2025 года, ва ўрачыстых абставінах, у Баранавічах быў адкрыты новы завод лядоўняў кампаніі «Медэя». Выдатная, здавалася б, навіна! Прынамсі, былы міністр прамысловасці, а цяпер старшыня Берасцейскага аблвыканкаму выглядаў такім задаволеным, як быццам дачку замуж выдаў.

І яго можна зразумець. У супольным прадпрыемстве 95 % належыць кітайцам, 5 % – беларускаму боку. Аб'ём інвестыцыяў – пад $ 30 млн, ужо створана 106 працоўных месцаў і планаў мноства. Заяўлены аб'ём выпуску – да 1 млн лядоўняў + іншая побытавая тэхніка. Прыгажосць? Прыгажосць! Ды не вельмі...

Новы вытворца – гэта добра, нават выдатна! Гэта дададзеная вартасць, працоўныя месцы і падаткі. І інвестар жа не прайдзісвет нейкі, а добра вядомы ў свеце вытворца (у тым ліку і на аўтсорсінгу) побытавай тэхнікі. Надзейны партнёр, які раней адзначыўся паспяховым праектам на «Горызонце».

,,

Дык у чым жа прычына для сумавання? Што за хмарка на светлым небе? Гэта не хмарка, гэта слёзы заводу «Атлант», нашага «фамільнага срэбра».


На заводзе (падкрэслім, дзяржаўным заводзе) працуюць каля 6000 асобаў, і ён ужо гадоў 13 траціць грошы беларускіх падаткаплатнікаў. Агульныя страты за перыяд з 2012 года – ад 300 да 500 мільёнаў долараў, гледзячы які курс выкарыстоўваць.

Завод даўно праеў уласны статутны капітал на паўмільярда рублёў і мае вялікія цяжкасці з рэалізацыяй профільнай прадукцыі (лядоўні і пральныя машыны) у Расеі. Яго актыўна адціскаюць гэтыя ж кітайцы, а яшчэ туркі, карэйцы ды японцы. Адыход з рынку еўрапейскіх вытворцаў стаў тым самым кормам, які «не ў каня». І вось урад Беларусі дапусціў стварэнне проста пад бокам, за 130 км ад Менску, непасрэднага канкурэнта заводу.

Сёння «Атлант» выпускае да мільёна халадзільнікаў і 350 тысяч пральных машынаў. Гэтыя паказнікі параўнальныя з заяўленымі перспектывамі заводу «Медэя». Ці зможа ўрад неяк абараніць «Атлант» ад канкурэнцыі на ўнутраным рынку? Не. На гэта няма ніякіх шанцаў.

Завод, вядома ж, мае льготы, існуе ў свабоднай эканамічнай зоне, але вельмі дзіўна выглядала б забарона яму рэалізоўваць прадукцыю ў Менску, Берасці ці тых жа Баранавічах на падставе «абароны айчыннага вытворцы». А ён тады хто? Які? Калі ён зарэгістраваны ў Беларусі, плаціць падаткі – тут жа бярэ ў выкарыстанне каля 60 000 кв. м плошчаў і дае працу (у будучыні) сотням працаўнікам. Хто зможа яму забараніць прадаваць у Беларусі і на якой падставе? Шанцаў на такое развіццё падзеяў няма, тым больш што інвестар абяцае (не на ўзор «БелДжы») лакалізацыю вытворчасці на ўзроўні 60-70 %.

,,

Гэта азначае, што ў вельмі нават найбліжэйшай будучыні на паліцы ў якім-небудзь гандлёвым доме «На Нямізе» або ў «Тэхнасіле» будзе стаяць старая мадэль «Атланту» і навюткая «Медэя», на 20 % таннейшая (таму беларускі завод і прайграе рынак у Расеі), і крэдыты «на сваё» будуць аднолькава распаўсюджвацца на абедзве мадэлі.


Беларускі рынак не гумовы. Мала таго, ён не надта і расце. Насельніцтва ж у нас скарачаецца, і лядоўняў з пральнымі машынамі больш не трэба. А гэта азначае, што былы міністр прамысловасці Пётр Пархомчык пастанавіў на практыцы спраўдзіць, ці зможа старое дзяржаўнае прадпрыемства, што доўгія гады жыве за кошт уліванняў бюджэтных грошай пад лозунгам «выратавання прамысловасці», адкрыта канкураваць з буйным сучасным камерцыйным вытворцам.

Мне здаецца, адказ прадказальны. І калі кіраўніцтва «Атланту» годзе гэтак у 2027-м ізноў прыйдзе ў Саўмін па грошы, яго могуць і паслаць са словамі: «Навошта даваць грошы вам, калі ёсць"Медэя"?» І маюць рацыю. Хоць сумневы ў эфектыўнасці такога падтрымання ўзнікалі і да з'яўлення кітайцаў. Проста цяпер мы наглядна пабачым розніцу. У аднолькавых умовах, на адным і тым жа прадукце.

Лагічным выйсцем, гады праз тры-чатыры, будзе продаж тым жа кітайцам «Атланту» за зусім невялікія грошы, пры ўмове ўкладання грошай і абнаўлення тэхналогіяў. І гэта было б цалкам здаровым эканамічным дзеяннем, пераходам прадпрыемства да больш эфектыўнага ўласніка…

Нешта я хіба што летуценю. На шляху гэтага лагічнага развязку паўстануць зусім не эканамічныя бар'еры. На жаль.

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10