У Інстытуце філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук 15 траўня прэзентавалі кнігу «Абуджэнне Беларусі. Штудыі з фенаменалогіі рэвалюцыі», якую супольна напісалі беларускі і польскі філосафы – Павел Баркоўскі і Анджэй Гняздоўскі. «Калі грамадства цалкам змяняе свае погляды і сваю філасофію, гэта ўжо не спыніць нават самымі жорсткімі рэпрэсіямі», – сцвярджае беларускі суаўтар, філосаф і палітык, выканаўца абавязкаў прадстаўніка ў справе нацыянальнага адраджэння Аб'яднанага пераходнага кабінету Беларусі Павел Баркоўскі. «Белсат» пабываў на прэзентацыі.
«Калі казаць пра галоўную інспірацыю гэтай кнігі, якую падзяляюць абодва яе аўтары, то гэта захапленне «сілаю бяссільных» – тым грамадскім зрухам свядомасці, той назапашанай энергіяй супраціву, якая зрынае, здавалася б, замацаваныя дзесяцігоддзямі аўтарытарныя сістэмы і змушае іх адчуваць уласную слабасць перад абліччам бяззбройных людзей», – тлумачаць у прадмове да кнігі яе аўтары – філосафы Павел Баркоўскі і Анджэй Гняздоўскі (Andrzej Gniazdowski).
«Першаснай інтуіцыяй і базавай гіпотэзай» сталася для навукоўцаў уяўленне пра падабенства («не факталагічнае, але сутнаснае») двух феноменаў найноўшай гісторыі – падзеяў мірнай рэвалюцыі 2020 года ў Беларусі і пратэставым рухам польскай «Салідарнасці» на пачатку 1980-х гадоў.
,,«Беларуская "рэвалюцыя годнасці" 2020 года, як і польская "рэвалюцыя салідарнасці", – феномены, безумоўна вартыя асэнсавання ў параўнальнай перспектыве», – зазначаюць аўтары.
Акурат гэтаму прысвечаная кніжка «Абуджэнне Беларусі. Штудыі з фенаменалогіі рэвалюцыі» («Przebudzenie Białorusi. Studia z fenomenilogii rewolucji»).
Манаграфія выйшла ў выдавецтве Інстытуту філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук у польска- і беларускамоўнай версіях пад адной вокладкаю. Як зазначае адзін з рэцэнзентаў, «гэта першая ў Польшчы аналітычная праца, прысвечаная беларускай рэвалюцыі 2020 года, якая рэалізаваная з філасофскай перспектывы».

«Можа быць чэшскі варыянт – аксамітная рэвалюцыя»
Прэзентацыя выдання адбылася 15 траўня ў будынку Польскай акадэміі навук з удзелам аўтараў кнігі, яе рэцэнзента Анджэя Васькевіча (Andrzej Waśkiewicz), беларускага палітолага і філосафа Пётры Рудкоўскага, а таксама вядомага польскага палітыка, былога міністра абароны Польшчы, аднаго з заснавальнікаў незалежнага прафсаюзу «Салідарнасць» Януша Анышкевіча (Janusz Onyszkiewicz).
Суаўтар «Абуджанай Беларусі» Анджэй Гняздоўскі зазначыў у сваёй прамове, што праца над кнігаю сталася для яго «вялікай прыгодаю», падчас якой ён вымушаны быў задумацца і над тоеснасцю Польшчы.
Філосаф распавёў, што асноўнай крыніцаю для напісання кнігі паслужылі дэбаты, якія ладзіліся ў Варшаве і Гданьску паміж прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай апазіцыі і легендарнымі ўдзельнікамі польскай «Салідарнасці». У тых дэбатах з беларускага боку бралі ўдзел палітыкі Аляксандр Мілінкевіч, Віталь Рымашэўскі, Аляксандр Дабравольскі і Аліна Коўшык. У кнізе цытуюцца іхныя выказванні.
«Мы працавалі з Паўлам Баркоўскім над кнігаю супольна, але я не буду казаць, хто які раздзел пісаў. Спадзяюся, што чытачы гэта лёгка расшыфруюць», – сказаў Анджэй Гняздоўскі.
Кніга «Абуджэнне Беларусі» складаецца з чатырох вялікіх раздзелаў. У важкім томе – больш за 550 старонак.
Рэцэнзент выдання польскі сацыёлаг Анджэй Васькевіч прызнаўся падчас прэзентацыі, што быў вельмі здзіўлены, калі нядаўна перачытаў сваю рэцэнзію: знайшоў у ёй вельмі шмат пытанняў. На некаторыя з іх кніга адказвала, іншыя заставаліся без адказу, бо не прыйшоў яшчэ час. Адно з такіх пытанняў: чаму рэвалюцыя 2020 года ў Беларусі нібыта прайграла, але – «не панесла паразы»?
«Гэта аптымістычная думка. Палякі ў 1981 годзе не маглі сабе дазволіць такой думкі, але ў 1989 годзе – ужо так.
,,Таму вынікі беларускай рэвалюцыі 2020 года падводзіць яшчэ зарана, іх можна будзе падвесці значна пазней, і мы гэтага дачакаемся», – казаў прафесар Анджэй Васькевіч.
Навуковец, спасылаючыся на іншых аўтарытэтаў у сацыялогіі, кажа пра «трэцюю хвалю дэмакратызацыі ў Беларусі» ў 2020 годзе – цяпер трэба чакаць чацвёртую. Паводле Васькевіча, беларускае грамадства перабывае цяпер на такім узроўні (дастаткова багатае, адукаванае і мае памкненні да дэмакратыі), што, «быць можа, можна чакаць чэшскі варыянт, гэта значыць варыянт аксамітнай рэвалюцыі».

«У абодвух выпадках не было жаданага і раптоўнага выніку»
Палітолаг Пётра Рудкоўскі заўважыў падчас прэзентацыі, што кніга «Абуджэнне Беларусі» – міждысцыплінарная («тут ёсць і сацыялогія, і філасофія, і культуралогія»). Але важны адбітак на змест пакідае тое, што гэтае даследаванне – «удзельнае, партыцыпацыйнае».
«Аўтары знаходзяцца як бы ўнутры падзеяў і, ужываючы экспертны, акадэмічны, навуковы апарат, спрабуюць растлумачыць і інтэрпрэтаваць тое, што яны самі адчуваюць, эмпірычна назіраюць, успрымаюць знутры», – казаў Пётра Рудкоўскі.
Ён нагадаў, што Павел Баркоўскі прыехаў у Польшчу ў 2021 годзе «з самай сярэдзіны тых падзеяў».
Спасылаючыся на лічбы экспертаў, Рудкоўскі заўважае, што інтэнсіўнасць пратэстаў у Беларусі 2020-га і ў Польшчы 1980-1981 гадоў цалкам суадносная і мае ідэнтычнае колькаснае маркераванне.
,,«У абодвух выпадках не было жаданага і раптоўнага выніку. Наадварот, і ў польскім, і ў беларускім выпадку назіралася пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека, дэмакратыяй, узмацненне рэпрэсіяў. І гэты моманты – важная перадумова, каб пільна прыгледзецца да гэтых двух пратэстаў, і аўтары гэта зрабілі», – падсумаваў Пётра Рудкоўскі.

«Каб не баяліся, што прыйдзем да ўлады і ўсіх пачнём вешаць на слупах»
Легендарны дзеяч польскай «Салідарнасці» Януш Анышкевіч расказваў на сустрэчы, што ён і ягоныя паплечнікі разумелі, што змены не наступяць у адзін момант, але тое, што яны адбудуцца, не мелі сумневаў.
«Мяне асабіста ўпэўніла ў гэтым адна размова, якая адбылася ў камісарыяце паліцыі, калі я быў арыштаваны ў 1983 годзе і чакаў транспартавання ў турму. Работнік службы бяспекі, які быў побач са мною, у нейкі момант кажа мне: «Ведаеце, мы ўвесь час задаём сабе пытанне: а што вы з намі зробіце?..». І гэтая сітуацыя была парадаксальная, бо на маіх руках былі кайданкі, а ён быў прадстаўніком улады – але гэта ён баяўся мяне! І з гэтага вынікала, што нават ва ўладзе было перакананне, што не ўсё будзе трываць, як раней. Думаю, што пакуль ва ўладзе Беларусі не будуць засеяныя гэтыя сумненні, цяжка будзе паўтарыць тое, што адбылося ў Польшчы», – казаў Януш Анышкевіч.

Тэма сумненняў у колах улады яшчэ вернецца да дыскусіі, калі ад удзельнікаў прагучаць пытанні наконт канкрэтных, а не «ідэйных пастановаў». Адказваць будзе Павел Баркоўскі.
«Я сёння меў размову наконт таго, як мы можам даць сігнал беларускім элітам у Менску, каб яны не баяліся, што мы прыйдзем да ўлады і ўсіх пачнём вешаць на слупах. Зразумела, ствараюцца для гэтага пэўныя механізмы. Цяпер, напрыклад, абмяркоўваецца праект закону аб люстрацыі. Гэта можа быць відавочным сігналам для пачатку нейкіх перамоваў і дыялогу», – казаў Баркоўскі.
На ягоную думку, у беларускім грамадстве назіраецца сёння «радыкалізацыя полюсаў» – гэта «10-15 % насельніцтва з абодвух бакоў». Астатняя частка («можа, больш за 60 %») беларусаў «вярнулася ў звыклы для сябе рэжым выжывання, калі трэба замкнуцца і спрабаваць перажыць навалу, буру і паглядзець, што ж урэшце будзе».
,,«Для мяне няма відавочнай праблемы расколатага грамадства, якое трэба нейкім чынам склейваць. Праблема ў тым, што ёсць радыкалізацыя полюсаў. І вельмі важна, каб падзеі, калі яны пойдуць, ішлі мірным шляхам. Можа быць, шляхам Польшчы. Але не шляхам грамадзянскай вайны.
У кнізе мы дэкларуем і спрабуем аргументаваць навукова жаданне беларусаў як нацыі зрабіцца часткаю Еўропы. Гэта, на наш погляд, той спосаб, праз які можна было б даць не толькі супольную ідэю для нацыі, але і пэўны кірунак, куды рухацца. Бо вельмі доўгі час мы перабывалі ў стане «паміж», забываючыся пра гістарычна-культурны кантэкст, які нас лучыць з народамі Еўропы», – падагульніў Павел Баркоўскі.

«Працэсы могуць ісці дзесяцігоддзямі, але прывядуць да лагічнага фіналу»
Кнігу «Абуджэнне Беларусі. Штудыі з фенаменалогіі рэвалюцыі» Паўла Баркоўскага і Анджэя Гняздоўскага можна купіць на сайце выдавецтва Інстытуту філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук (на прэзентацыі кніга каштавала 42 злотыя, гэта каля 10 еўраў). Але Павел Баркоўскі кажа, што кніга можа неўзабаве з'явіцца і ў варшаўскай кнігарні «Кнігаўка». Плануецца таксама выдаць кніжку ў электронным фармаце.
Кніга, на думку філосафа, будзе цікавая і звычайнаму чытачу – «чалавеку без спецыяльнай адукацыі»
«Калі мы пісалі гэтую кніжку, нашая задача была не ў тым, каб загрузіць яе вялікай колькасцю навуковых тэрмінаў ці складаных разважанняў, а хутчэй зрабіць такую рэфлексію, погляд на сябе з боку для ўдзельнікаў падзеяў, якія іх непасрэдна перажылі і цяпер хочуць лепш зразумець прычыны, наступствы і нейкія рэчы, звязаныя з каштоўнасцямі. З тым, у прыватнасці, наколькі нам важна пераасэнсаваць гэты вопыт і зразумець, што нават часовая параза, скажам так, рэвалюцыйнага руху не азначае яго канчатковага пройгрышу. Зразумець, што часам працэсы могуць ісці дзесяцігоддзямі, але ўсё ж такі прывесці да лагічнага фіналу. Калі грамадства цалкам змяняе свае погляды, сваю філасофію, то гэта не спыніць нават самымі жорсткімі рэпрэсіямі», – упэўнены Павел Баркоўскі.

«Абуджэнне Беларусі адбылося ў 2020-м. Ёсць уражанне, што яна зноў заснула. Вам не падаецца, што назва вашай кнігі гучыць занадта аптымістычна?» – пытаемся ў аўтара.
«Не. Ёсць такое ўражанне, што заснула, але толькі калі глядзець на гэта звонку. Але, мне здаецца, гэта як дрэвы ці насенне зімой. Яны нібыта спяць, і здаецца, што ўсё ўжо скончылася – нічога няма. Але толькі загрэе красавіцкае сонейка – і адкуль што бярэцца: усё вылазіць, усё квітнее.
,,Я не веру, што рэпрэсіі ці няшчасці, якія напаткалі беларускае грамадства апошнімі часамі, цалкам змянілі ментальнасць людзей, іхныя каштоўнасці і падыходы», – адказвае Павел Баркоўскі.
Манаграфія «Абуджэнне Беларусі. Штудыі з фенаменалогіі рэвалюцыі» пісалася цягам двух гадоў (2023 – 2024) у межах польскіх праграмаў NAWA («Solidarni z Białorusią») і NCBR (Narodowe Centrum Badań i Rozwoju). Павел Баркоўскі – беларускі філосаф і палітык, выконвае абавязкі прадстаўніка ў справе нацыянальнага адраджэння Аб'яднанага пераходнага кабінету Беларусі.
Зміцер Міраш belsat.eu