Мірны пратэст у Беларусі 2020 года быў не нейкай вымушанай мерай ці абмеркаванай тактыкай – ён быў стратэгічным выбарам новага калектыўнага палітычнага суб'екту. Да такіх высноваў прыходзіць доктарка філасофскіх навук Таццяна Шчытцова ў сваёй кнізе «Салідарнасць ашаломленых. Эсэ аб Беларускай рэвалюцыі», якую прэзентавала ў межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Pradmova» ў Варшаве 16 лістапада. «Белсат» пабываў на прэзентацыі.
Кніга «Солидарность потрясенных. Эссе о Беларусской революции» выйшла ў свет у 2024 годзе ў выдавецтве «Lohvinau» на расейскай мове, але Таццяна Шчытцова прызнаецца, што за чатыры гады, пакуль кніга пісалася па-расейску, яе моўная ідэнтыфікацыя «пакрысе трансфармавалася». Прадмова да кнігі напісаная ўжо па-беларуску.
«Нягледзячы на акадэмічны фармат, кніга пісалася для больш шырокай аўдыторыі, у першую чаргу – для тых, каму яна ўласна і прысвечаная, – вялікай колькасці беларусаў і беларусак, якія сваімі дзеяннямі і эмоцыямі, крэатыўнасцю і сумленнасцю, салідарнасцю і адвагай зрабілі 2020 год гістарычнай вехай у жыцці нашай краіны», – гаворыцца ў прадмове да «Эсэ».

«Гэта была фантастыка»
У прэзентацыі кнігі ў Музеі вольнай Беларусі браў удзел польскі гісторык, публіцыст і галоўны рэдактар «Gazety Wyborczej» Адам Міхнік.
На пытанне журналіста Змітра Лукашука, які мадэраваў размову, пра паралелі паміж беларускай рэвалюцыяй і падзеямі ў Польшчы ў 1980-я гады, Адам Міхнік сцвердзіў: у Польшчы таксама ніхто не чакаў, што паўстане «Салідарнасць», выбухнуць страйкі і адбудуцца змены. Усё пачалося з недаверу да дзяржпрапаганды, потым паўсталі першыя інстытуты грамадзянскай супольнасці. Вялікую ролю ў тых падзеях адыграла польская эміграцыя.
Без інтэлектуалаў, якія на той момант ужо знаходзіліся на эміграцыі, ніякіх зменаў у Польшчы не адбылося б, лічыць Міхнік.
,,«Пазней, калі я сачыў за беларускай рэвалюцыяй, я думаў: гэта неверагодна! Гэта была фантастыка, таму што ўсё адбывалася ў краіне, якую Алесь Адамовіч назваў калісьці «вандэяй перабудовы». І тады стала відавочна, што Беларусь будзе свабоднай і там будзе дэмакратыя, таму што ў гэтай краіне жывуць дэмакраты і жыве жаданне свабоды. Гэта пабачылі ўсе», – падкрэсліў Адам Міхнік.
«Але сёння кепскі момант для дэмакратаў ва ўсім свеце. Пасля таго, што здарылася на выбарах у ЗША, настануць, я думаю, цёмныя часы для дэмакратаў. Як мінімум – на чатыры гады. Але ведаю адно: не можа быць такой сітуацыі, у якой не цеплілася б надзея. Надзея існуе заўсёды. І я абсалютна ўпэўнены, што перамога будзе за вамі», – дадаў Адам Міхнік.
Беларуская салідарнасць была немагчымая. Якім цудам здарылася?..
Таццяна Шчытцова зазначыла, што польская «Салідарнасць» сталася для беларускай рэвалюцыі «важным гістарычным і палітычным кантэкстам», «гарызонтам для таго, што адбылося ў нашай краіне». Але ў кнізе «Солидарность потрясенных» яна ставіла іншыя задачы – спрабавала асэнсаваць, «што робіць наш палітычны досвед 2020 года цалкам унікальным». Унікальнасць гэтую, гаворыць аўтарка, было няцяжка зафіксаваць, параўноўваючы беларускі і польскі досведы рэвалюцыяў.
«У Польшчы была абсалютна канкрэтная сацыялагічная база для пратэставага руху – незалежныя прафсаюзы. Гэта была магутная сіла, якая натхніла іншыя сацыяльныя групы – гэтак разгортвалася польская салідарнасць. У Беларусі, і мы добра гэта ведаем, не было такога сацыялагічнага падмурку. Не было такой групы ці арганізацыі, якая б дазволіла забяспечыць тую салідарнасць, якую мы назіралі…» – кажа Таццяна Шчытцова.

Больш за тое, у Беларусі да выбараў 2020 года, назіраўся, па словах філосафкі, абсалютна драматычны – катастрафічны! – раскол, разыходжанне, паміж тым, якімі бачылі беларусы асабіста сябе, і тым, якой бачылі Беларусь увогуле.
Шчытцова агучвае вынікі даследавання аднаго еўрапейскага агенцтва, прыведзеныя ў кнізе, якія сапраўды могуць ашаламіць. «Мы не знали друг друга до этого лета» – гэта яшчэ вельмі мякка сказана, калі верыць лічбам сацыяёлагаў.
Таццяна Шчытцова гаворыць пра «фундаментальную праблему адсутнасці хоць якіх-небудзь сур'ёзных і пераканаўчых падставаў, якія б дазвалялі чакаць той салідарнасці, якая паказала сябе не толькі на плошчах Менску, а ва ўсёй Беларусі».
Беларуская салідарнасць была немагчымая. Але яна здарылася! Якім цудам? Пра гэта якраз і вядзецца ў кнізе «Солидарность потрясенных. Эссе о Беларусской революции».
Мірны пратэст як стратэгічны выбар
Адзін з раздзелаў кнігі Шчытцовай называецца «Суверэнная ўлада і этыка негвалтоўнасці». Паводле аўтаркі, мірная стратэгія пратэсту мае філасофскі сэнс і вызначае дэмакратычны этас таго, што праявіла сябе ў 2020 годзе.
,,«Мірны пратэст – гэта стратэгічны выбар новага калектыўнага палітычнага суб'екту, які маніфеставаў сябе і паўставанне якога мы назіралі ў 2020 годзе. Гэта была не нейкая вымушаная, сітуацыйная мера, не нейкая абмеркаваная тактыка. Гэта тое, што было вызначана стратэгічна, палітычна і, я хачу падкрэсліць гэтае слова, – этычна», – тлумачыла на прэзентацыі кнігі яе аўтарка Таццяна Шчытцова.
Яна звярнула ўвагу слухачоў, на беларускае слова, якое сталася адным з важных паняццяў гэтай кнігі: «шанаваць». У беларускім слоўніку і ў беларускім кантэксце яно аб'яднала два сэнсы – «павагу да асобы» і «прызнанне каштоўнасці чалавечага жыцця». На думку філосафкі, акурат гэтае слова «схапіла абедзве базавыя каштоўнасці, на якія абапіраўся беларускі пратэст».
«Як мы будзем потым абыходзіцца з опцыяй манаполіі на гвалт? Тое, што беларуская рэвалюцыя вынесла і зафіксавала гэтую праблему як ключавую – у гэтым я таксама бачу свайго роду юрыстыку беларускай рэвалюцыі. І ў гэтым кантэксце можна сказаць яшчэ вельмі шмат цікавых рэчаў. Але можна прачытаць пра іх і ў маёй кнізе», – заахвочвала філосафка.
«Без сварак і без канфліктаў няма салідарнасці»
«А ці сварыліся паміж сабой польскія лідары «Салідарнасці», калі хваля пратэсту схлынула і была прыдушаная?» – пытаўся мадэратар сустрэчы ў Адама Міхніка.
«Вось што скажу. Без сварак і без канфліктаў няма не толькі салідарнасці, не было б проста Польшчы – гэта гісторыя маёй краіны. І нічога з гэтым не паробіш», – адказваў Адам Міхнік.

«Нашыя міфы, нашыя ідэалы – яны былі мацнейшыя за нашыя слабасці», – дадаў дзеяч польскай «Салідарнасці».
Ці беларускія «міфы і ідэалы» перамогуць «нашую слабасць» у сітуацыі, калі салідарнасць, па словах Змітра Лукашука, «трашчыць па швах»? На гэтае пытанне аўтарка кнігі пра унікальнасць беларускай рэвалюцыі не адказвае наўпрост. Але закранае напрыканцы сустрэчы праблему «калектыўнай траўмаванасці беларусаў», якую, на думку Таццяны Шчытцовай, беларускае грамадства таксама развязвае ўнікальным чынам.
«Гэтая адметная рыса звязаная з тым, што нашая супольнасць згенеравала вымярэнне ўзнёслага. То бок у нас досвед перажывання траўматычнага шоку уключае ў сябе гэтую прадуктыўную рэакцыю», – тлумачыць філосафка.
Пад «вымярэненем узнёслага» («измерение возвышенного») Шчытцова разумее тут, напрыклад, пратэставыя акцыі жанчын 12-13 жніўня, якія аналізуе ў кнізе з выкарыстаннем канцэпту «узнёслага».
Яна кажа, што «вымярэнне ўзнёслага» стала ў выніку свайго кшталту «ўстаноўчым актам беларускай рэвалюцыі».

«Стала такім інаўгурацыйным актам нашай рэвалюцыі. Таму што з'яўленне вымярэння ўзнёслага стала пераломным момантам, які перазапусціў палітычнае ўяўленне і зрабіў магчымым новае палітычнае дзеянне. Хваля масавай салідарнасці, якую мы пазней назвалі беларускай рэвалюцыяй, здарылася таму, што было згенераванае вымярэнне ўзнёслага», – падсумавала Таццяна Шчытцова.
«Гэта ўнікальна, гэта надзвычай цікава. І гэта тое, што працягваецца і цяпер. Гісторыя працягваецца», – гэтак завяршыла свой выступ Таццяна Шчытцова.
Кнігу «Солидарность потрясённых. Эссе о Беларусской революции» можна набыць на фестывалі «Pradmova» ў Варшаве або замовіць на сайце выдавецтва.
17 лістапада ў межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Pradmova» ў Варшаве адбудзецца больш за 20 імпрэзаў і прэзентацыяў. Будзе прэзентаваная кніга перакладаў Чэслава Мілаша, вершаў Юліі Чарняўскай, прысвечаных Юрыю Зісеру, зборнік Славаміра Адамовіча «Адрэналін», новая кніга Таццяны Заміроўскай ды іншых аўтараў. Наведнікаў фестывалю чакае шмат іншых цікавых падзеяў.
Зміцер Міраш belsat.eu