Дзвюм былым працаўніцам TUT.by – галоўнай рэдактарцы палітычна-эканамічнага блоку Вользе Лойцы і палітычнай карэспандэнтцы Алене Талкачовай – вынеслі прысуды ў межах спецыяльнага вядзення. Выракі набылі моц, а абедзве жанчыны ўнесеныя ў «Спіс асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» МУС, звярнула ўвагу «Наша Ніва».
Вольгу Лойку і Алену Талкачову, а разам з імі – Кацярыну Ткачэнку, юрыдычную кансультантку парталу, судзілі ў Менскім гарадскім судзе 4 лютага 2025 года. Справу разглядала суддзя Алена Шылько. Вынікаў публічна не паведамлялі.
Жанчын абвінавачвалі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:
• ч. 3 арт. 130 («Распальванне варожасці»);
• ч. 2 арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»);
• ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»);
• ч. 3 арт. 361 («Заклікі да санкцыяў і іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»).
Цяпер прозвішчы Лойкі і Талкачовай з'явіліся ў «экстрэмісцкім спісе», а побач з імі – толькі два артыкулы: ч. 3 арт. 130 і ч. 3 арт. 361.
Ткачэнкі ў спісе няма, і ці асудзілі яе – невядома.
Спецыяльнае вядзенне і завочныя суды – усё больш частая з’ява ў Беларусі. Судзіць у парадку спецыяльнага вядзення сталі прадстаўнікоў дыяспары і ўдзельнікаў пратэстаў за мяжою, блогераў, журналістаў, праваабаронцаў і нават звычайных людзей, якіх абвінавацілі ў «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці».
18 красавіка ў Гомельскім абласным судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць семярых актывістаў, датычных да стварэння фондаў «BYSOL» i «BY_Help»: Андрэя Стрыжака, Аляксея Лявончыка, Яраслава Ліхачэўскага, Аляксея Кузьмянкова, Аляксандра Лапка, Аляксандры Жук і Аляксандра Падгорнага.
Першымі, каго асудзілі ў парадку спецвядзення паводле палітычных матываў у студзені 2023 года, сталіся пяцёра стваральнікаў тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі». Праз месяц закрытых разбораў суд прызначыў Яніне Сазановіч, Вользе Высоцкай, Дзмітрыю Навошу, Данілу Багдановічу і Валерыі Занямонскай 12 гадоў пазбаўлення волі кожнаму.
На паток завочныя суды ў Беларусі паставілі ў 2024 годзе – тады рэзка вырасла колькасць крымінальных справаў, заведзеных супраць беларускіх грамадзянаў, якія жывуць за мяжой. У 2024-м справы ў фармаце спецыяльнага вядзення былі адкрытыя супраць 110 беларусаў, у той час як у 2023-м – супраць 18.
Марыя Міхалевіч belsat.eu